23 красавiка 2019, aўторак, 6:04
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

РФ і Беларусь зноў не змаглі дамовіцца пра скасаванне роўмінгу

12
ФОТА З САЙТА FISHKI.NET

РФ хоча вынесці пытанне скасавання роўмінгу з Беларуссю на ўзровень кіраўнікоў краін.

Мінкамсувязі Расеі гатовае ініцыяваць перамовы пра скасаванне роўмінгу паміж Расеяй і Беларуссю на ўзроўні прэм'ер-міністраў ці кіраўнікоў абедзвюх краін, заявіў журналістам кіраўнік міністэрства Канстанцін Наскоў у кулуарах інвестфоруму ў Сочы. Пра гэта паведамляе Interfax.by.

Прычына заключаецца ў тым, што бягучыя прапановы беларускага боку прадугледжваюць толькі зніжэнне коштаў на паслугі сувязі паміж краінамі, але не поўнае скасаванне роўмінгу.

«Беларускі бок даслаў нам прапановы ў адказ, сур'ёзна адкарэктаваўшы наш план, які вядзе, паводле нашых ацэнак, да зніжэння коштаў на 25-30%, але не прыводзіць да скасавання роўмінгу ў нашым разуменні - да бясплатных уваходных званкоў для абанентаў расейскіх у Беларусі і адпаведна беларускіх у Расеі. Пакуль, на жаль, дамовіцца не можам», - патлумачыў К. Наскоў.

«Мабыць, будзем ініцыяваць вынясенне перамоў на больш высокі ўзровень - на ўзровень старшыняў урада або кіраўнікоў краін. На міністэрскім узроўні, відавочна, не ўдаецца дамовіцца», - рэзюмаваў міністр.

У снежні 2018 году К. Наскоў казаў пра трохэтапнае скасаванне роўмінгу паміж Расеяй і Беларуссю, гэтыя прапановы былі накіраваны беларускаму боку.

Першы этап быў запланаваны на люты 2019 года і прадугледжваў усталяванне сіметрычных ставак на паслугі па пропуску трафіку, то бок выраўноўванне «інтэрканекта». Другі этап прадугледжвае ўнясенне змяненняў у пагадненне паміж беларускімі і расейскімі аператарамі сувязі - гэта значыць у траўні 2019 года можна было б знізіць тарыфы для канчатковых карыстальнікаў. Трэці этап прадугледжваў скасаванне платы за ўваходныя выклікі ў сетках гасцявога аператара.

К. Наскоў тады адзначаў, што тарыф на паслугі па пропуску трафіку ў сеткі аператараў Беларусі з'яўляецца самым высокім у СНД і складае блізу 30 цэнтаў за хвіліну, а стаўка расейскіх аператараў - ад 14 да 19 цэнтаў за хвіліну. «Скасаванне роўмінгу без выраўноўвання гэтых ставак на «інтэрканект» прывядзе да зніжэння дахода і прамых эканамічных страт расейскіх аператараў», - тлумачыў ён.