28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ездзіць на заробкі ў Польшчу стане яшчэ больш выгадна

13
Чаму ездзіць на заробкі ў Польшчу стане яшчэ больш выгадна

Міграцыйныя плыні з Беларусі будуць узмацняцца.

Беларусь і Польшча падпісалі дамову аб сацыяльным забеспячэнні. Пасля ўваходжання дакумента ў дзеянне будуць прапісаны нормы сацыяльнай абароны работнікаў і правілы выплаты пенсій грамадзянам абедзвюх краін, піша «Заўтра тваёй краіны».

У дакуменце прадугледжваецца, што беларусы, якія працуюць у Польшчы, і палякі, якія працуюць у Беларусі, змогуць карыстацца ўсімі правамі працоўных гэтых краін. Напрыклад, плаціць страхавыя ўнёскі ў той краіне, дзе працуюць, незалежна ад месца пражывання. Пенсію за стаж працы адпаведныя ўстановы будуць прызначаць паводле сваіх законаў, а выплачваць яе ў дзяржаве пражывання пенсіянера.

Як гэта зменіць становішча беларусаў, якія працуюць у Польшчы, і адаб'ецца на міграцыйных плынях - пра гэта дырэктар даследаванняў варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST Андрэй Елісееў. У складзе каманды эканамічнага даследчага цэнтра CASE Belarus ён займаецца вывучэннем пагадненняў аб сацыяльным забеспячэнні з краінамі ЕЗ у Беларусі, Малдовы і Украіны.

- У Беларусі цяпер усяго два такія дзейныя пагадненні - з Літвой і Латвіяй. Для параўнання, ва Украіны іх 10, у Малдовы - 11. Хоць і аб'ёмы працоўнай міграцыі ў ЕЗ з Украіны і Малдовы значна большыя, чым у Беларусі, - кажа экспэрт.

У мінулым годзе Менск падпісаў такія пагадненні з Чэхіяй і Эстоніяй. Праўда, яны яшчэ не ўвайшлі ў дзеянне.

- Менавіта Польшча - значная краіна Еўразвязу з пункту гледжання велічыні плыні працоўнай міграцыі з Беларусі. Гэта доўгачаканае пагадненне, якое забяспечыць правы мігрантаў на атрыманне пенсіі з прычыны ўзросту і іншыя тыпы сацыяльных выплат і ад польскіх фондаў, і ад беларускіх, - падкрэслівае Андрэй Елісееў. - Сацыяльныя выплаты з'яўляюцца важным элементам планавання жыццёвага цыкла асобных людзей і сем'яў. Адсутнасць мабільнасці сацыяльных выплат цягне страты на ўзроўні дабрабыту і зніжае эфектыўнасць людскіх пастаноў у сферы працоўнай міграцыі.

З прагнозаў экспэрта, паездкі на працу ў Польшчу стануць больш выгаднымі ў далёкай перспектыве, бо «пенсію ды іншыя сацыяльныя выплаты паводле дамовы пасля будзе налічваць і Польшча, а калі чалавек пераедзе ў Польшчу на сталае месца жыхарства, то зможа разлічваць на назапашаныя часткі пенсіі і ад Беларусі».

Як адзначае Андрэй Елісееў, гэта будзе стымуляваць легальнае працаўладкаванне ў Польшчы.

- У нейкай ступені такое пагадненне сапраўды будзе стымуляваць частку беларусаў на працоўную міграцыю ў Польшчу, бо дазваляе патэнцыйным мігрантам быць упэўненымі, што іх працоўны стаж у кожнай з краін выльецца ў налічэнне пенсіі, - мяркуе дырэктар EAST.

Польшча становіцца ўсё больш прывабнай краінай для беларускіх працоўных мігрантаў. Асноўныя прычыны гэтай пераарыентацыі названыя ў даследаванні «Міграцыя паміж Беларуссю і Польшчай: тэндэнцыі і перспектывы», якую прадставіў у мінулым годзе Андрэй Елісееў. Гэта зніжэнне прывабнасці расейскага рынку працы ў сувязі з дэвальвацыяй расейскага рубля ў 2014-2015 гадах і эканамічны крызіс у Беларусі 2015-2016 гадоў.

Колькасць атрыманых беларусамі рабочых віз у Польшчу павялічылася з 2015 да 2017 год амаль у сем разоў: з 5 тысяч да больш як 35 тысяч віз. За апошнія тры-чатыры гады колькасць запрашэнняў беларусаў ад польскіх працадаўцаў у рамках спрошчанага парадку працаўладкавання вырасла амаль у 15 разоў: з 4 тысяч у 2014-м годзе да 58 тысяч у 2017-м.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках