29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Маскоўскім патрыярхаце перашкаджаюць пераходу суполак у ПЦУ

3
Як у Маскоўскім патрыярхаце перашкаджаюць пераходу суполак у ПЦУ
СВЯТА-МІКАЛАЕЎСКАЯ ЦАРКВА Ў ВАРСОЎЦЫ
ФОТА: НАТАЛЛЯ КРАЎЧУК/НВ

Скрадзены сшытак з подпісамі, масавая бойка перад храмам і поп, які захапіў дом і царкоўнае начынне.

Так выглядаў пераход у Праваслаўную царкву Украіны жыхароў вёскі Варсоўкі.

Жыхары Варсоўкі перайшлі з Маскоўскага патрыярхату ў ПЦУ першымі ва Украіне, піша часопіс Новое Время.

Адчайны супраціў

Варсоўка - тыповае ўкраінскае сяло, якое зімой і разглядаць асабліва не цікава: палеткі, шэрыя хаты, снег ды голыя дрэвы.

Пяць сотняў жыхароў, асноўны занятак якіх - фермерства, са славутасцяў - тая самая Свята-Мікалаеўская царква.

Храм, драўляныя сцены якога пафарбаваны белым і сінім, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Маскоўскага патрыярхату, хоць і належыць мясцовай суполцы. Нічога дзіўнага: у раёне мноства такіх жа маскоўскіх цэркваў. Але ў гэтай гісторыі фактар рэлігійнай прапіскі адыграў вызначальную ролю.

Спачатку па вёсцы пайшла стараста. Апытвала мясцовых: ці пераходзім у ПЦУ ціо застаёмся ў МП, заносіла вынік гэтага рэферэндуму ў сшытак пад подпіс кожнага рэспандэнта.

За гэтай працай начальніцу і заспеў айцец Васіль.

Далейшыя падзеі апісала 38-гадовая работніца мясцовага сельсавета Анжэла Данільчанка - ледзь не адзіная з насельнікаў Варсоўкі, хто пагадзіўся гаварыць з НВ аб рэлігійным канфлікце.

АБ РЭЛІГІЙНЫХ КАНФЛІКТАХ У ВАРСОЎЦЫ НВ РАСПАВЯЛА «ЕЎРАРАДЫЁ» СУПРАЦОЎНІЦА СЕЛЬСАВЕТА АНЖЭЛА ДАНІЛЬЧАНКА/ФОТА: НАТАЛЛЯ КРАЎЧУК/НВ

Паводле яе слоў, поп перахапіў старасту на вуліцы: «Ён падышоў да яе са словамі: «Я тут яшчэ не ставіў подпіс», - схапіў сшытак і жвава ўцёк».

Разлінаваны дакумент з подпісамі знік, але 11 студзеня прыхаджане ўсё адно сабраліся каля царквы і амаль аднагалосна вызначылі: абшчына пераходзіць у ПЦУ.

Аднак тут зноў з'явіўся айцец Васіль. Са слоў Данільчанкі, ён пачаў агітаваць за тое, каб застацца пад крылом Масквы. А калі абураныя сяляне адмовіліся яго слухаць, звярнуўся да ўсхваляванай паствы з пагрозамі: «Заўтра прывязу людзей у балаклавах, і яны разбяруцца з вамі».

І сапраўды, 13 студзеня ў Ворсаўку з Маліна прыбыла група дужых мужчын, а з імі святар з гарадской царквы, таксама маскоўскай.

Мясцовыя атачылі храм, і новапрыбылы поп пачаў весці службу проста на вуліцы, спрабуючы прайсці ў царкву сілай.

Але ў гэты дзень у сяло прыбылі і іншыя мужчыны - закліканыя суполкай ветэраны АТА. Яны адціснулі рэлігійных агрэсараў і абаранілі перыметр царквы.

Пакуль звонку кіпелі страсці, айцец Васіль, які апынуўся ўнутры храма, як распавяла Данільчанка, забраў усе грошы, рызы і іншыя рэлігійныя атрыбуты, праскочыў у дом, выдзелены яму для жыхарства суполкай, і забарыкадаваўся ў ім. А сялянам растлумачыў, што менавіта тут ён цяпер і мае намер правіць службу.

«Ведаеце, што ён крычаў адтуль? «Турэцкаму хану пакланяцца не буду», - распавяла Данільчанка. - Так і сядзіць у доме, хоць ты яго выкурвай адтуль».

Глабальны працэс

Аднак паведамленне пра ворсаўскі рэлігійны канфлікт трапіла ў сацсеткі, затым віхурай пранеслася па СМІ. Так гісторыя маленькай вёскі ў Жытомірскай вобласці ператварылася ў частку глабальнага працэсу пераходу пад крыло самастойнай царквы суполак, якія раней належалі да Маскоўскага патрыярхату.

Менш чым за два месяцы, якія прайшлі з аб'яднальнага сабора і ўзнікнення ПЦУ, да памеснай царквы далучыліся, на розныя звесткі, ад 202 да 270 абшчын з тых 12 тысячы прыходаў, якія належаць да МП.

Пры гэтым змена прапіскі незалежна ад рэгіёну праходзіць, як правіла, паводле сцэнару Ворсаўкі: абшчына ідзе ў памесную царкву, а святар - не. За тыя ж няпоўныя два месяцы ў шэрагі ПЦУ ўліліся толькі дванаццаць святароў МП.

Да з'яўлення памеснай царквы ў краіне прыкладна 8,7 мільёна чалавек уважалі сябе за вернікаў украінскіх канфесій. Да такіх лічбаў можна прыйсці, калі перавесці ў абсалютныя велічыні звесткі сацыёлагаў аб долі прыхільнікаў КП і УАПЦ сярод агульнай колькасці праваслаўных у краіне (блізу 20 млн чалавек). Прадстаўніцтва вернікаў, якія адносяць сябе да МП, разлічанае паводле той жа методыкі, складала за 3,8 млн чалавек. Пры гэтым прыходаў у патрыярхату было ўдвая больш - 12 тысяч супраць 5,8 тысяч.

Так што менавіта людзі, а не храмы сталі галоўным актывам новай царквы. І гэтых людзей у ПЦУ з кожным днём будзе станавіцца ўсё больш, упэўненыя экспэрты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках