19 красавiка 2024, Пятніца, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Лунінцы мільёны даляраў на патэльнях зарабляюць

30
Як у Лунінцы мільёны даляраў на патэльнях зарабляюць
ЮРЫ ПЛАКСІН

Стварыць у Беларусі незалежную ад вонкавых чыннікаў вытворчасць не так проста.

Сакрэт паспяховага прадпрыемства ў тым, каб у яго быў зацікаўлены ў выніку гаспадар, упэўнены 72-гадовы прадпрымальнік Юры Плаксін.

Юры ведае, пра што кажа, – за дваццаць з лішнім гадоў ён ператварыў невялікае прадпрыемства для выплаўлення аўтазапчастак для «Жыгулёў» у паўнавартасны завод «Вікторыя». Тут займаюцца стварэннем літага алюмініевага посуду і плацяць больш за мільён даляраў падаткаў у рэспубліканскі бюджэт, піша «Брестская газета».

Спярша маторы, потым рондалі

Перш чым заняцца вытворчасцю патэльняў, будучы бізнэсмэн, паводле ягоных словаў, паўжыцця прысвяціў металу і ягонаму выплаўленню. Скончыўшы ў пачатку 70-х менскі палітэх, Юры Плаксін паводле размеркавання трапіў на вайсковы завод пад Калінінград, у горад Гусеў.

«Там я прайшоў школу маладога байца – скончыў школу камсамольскага работніка, што дапамагло цягам чатырох гадоў з канструктара без катэгорыі вырасці да кіраўніка канструктарскага бюро», – апавядае ён.

Вярнуўшыся на радзіму ў 80-я, перабраўся ў Лунінец – сябры з Калінінграда паклікалі працаваць на «Палессеэлектрамаш», якое пасля развалу СССР фактычна прыйшло ў заняпад. У гэты час якраз і нарадзілася ідэя працаваць не на дзяржзаказ, а на прыватны бізнэс.

Назбіраўшы 5 тысячаў даляраў на гандлі ў Польшчы, Плаксін у 1998 годзе адкрыў «Вікторыю», дзе ў арандаваным памяшканні знаходзіліся дзве электрычныя печы і было 8 супрацоўнікаў у штаце. Спярша адлівалі цыліндры для рухавікоў аўтамабіляў, а пасля пераключыліся на вытворчасць посуду – патэльняў, рондаляў, каўшоў.

«Давялося самастойна вывучыць попыт: італьянскі, нямецкі, французскі посуд. Прааналізавалі і высветлілі, што патэльні з патоўшчаным донцам у нас ніхто не ліў. Хоць складана пачынаць, надумалі гэтым заняцца, і як потым высветлілася – не памыліліся», – успамінае наш суразмоўца.

Першымі супрацоўнікамі «Вікторыі» сталі сваякі бізнэсоўцы: жонка Таццяна Удавенка, а з гадамі – і дочкі з мужамі.

«У прынцыпе, сямейны бізнэс зручны, – дзеліцца досведам Юры. – Адно з патрабаванняў прыватнага прадпрыемства – гэта давер. Давер да падначаленых павінен быць жалезным, а таксама асабістая зацікаўленасць у кіраўніка. Бо калі дзеці мяркуюць, што ў будучыні ім давядзецца браць стырно кіравання, яны павінны вучыцца. Гэта звычайныя пытанні, жыццёвыя. Сямейны бізнэс ва ўсім свеце ж у прыярытэце».

ЖОНКА ЮРЫЯ ПЛАКСІНА ТАЦЦЯНА УДАВЕНКА Ў ВЫТВОРЧЫМ ЦЭХУ

Эканамічная незалежнасць – у крэдыт

З тых часоў мінула два дзесяцігоддзі. Прадпрыемства ператварылася ў буйны завод замкнёнага цыклу, дзе цяпер працуе блізу 170 чалавек. Штогод тут вырабляюць 650 тыс. адзінак прадукцыі. Частка яе пад брэндам «Вікторыя» паступае на замежныя рынкі: Расеі, Украіны, Польшчы і краінаў Балтыі. Арыентацыя на экспарт дапамагла прадпрыемству перажыць шматлікія эканамічныя крызісы.

«Мы апярэдзіць выдаткі тым, што сталі актыўна працаваць на Расею. Пастаўлялі туды больш за мільён адзінак прадукцыі штогод, а ўсе атрыманыя грошы ўкладвалі ў рост: будаўніцтва і ўладкаванне карпусоў, закупку тэхнікі, выраб новых формаў», – прадаўжае свой аповед прадпрымальнік.

Але зрабіць незалежную ад вонкавых чыннікаў вытворчасць аказалася не так проста. Посуд лілі з прывазнога харчовага алюмінію, а фарбавалі і наносілі антыпрыгарнае пакрыццё ў Расеі, прычым утрая даражэй – партнёры не хацелі канкурэнцыі.

«Ім ад нас патрэбныя былі толькі нарыхтоўкі, а пафарбаваны посуд – не, – кажа Юры. – Яны чаму з мяне за пакрыццё ў два разы даражэй бралі? Каб я да іх на рынак не прыйшоў. Давялося браць крэдыт у туркаў і адчыняць фарбавальны цэх у сябе. Цяпер у нас рукі развязаныя».

ВЫТВОРЧЫ ЦЭХ ПРАДПРЫЕМСТВА

На ўсё было выдаткаванае 3 млн даляраў – давялося браць крэдыт у банку і атрымліваць інвестыцыі ад аблвыканкама, якія неабходна выплаціць да 2023. У сярэднім за год «Вікторыя» мае грошай 4 млн даляраў, з якіх чвэрць сыходзіць у бюджэт краіны.

«У гандлі прыкладна паўсюль аднолькавая сітуацыя, калі прадаеш свой тавар»

Беларускі рынак кухоннага посуду сёння вельмі канкурэнтны. Прабіцца на ім даволі складана, але Юрый Плаксін мяркуе, што за мясцовага пакупніка яшчэ можна пазмагацца.

«Мы можам у сябе прадаваць значна больш, – мяркуе бізнэсмэн. – Была б магчымасць, то і зусім працавалі б толькі на Беларусь. Не трэба было лезці некуды за мяжу. Там рэнтабельнасць ані не вышэйшая, дзейнічаюць тыя самыя законы – дылер замаўляе посуд і патрабуе з яго зніжку 25% і адтэрміноўку плацяжу. У гандлі прыкладна паўсюль аднолькавая сітуацыя, калі прадаеш свой тавар, – што на захадзе, што на ўсходзе».

ЮРЫ ПЛАКСІН РАСКАЗВАЕ ПРА ДЫЛЕРАЎ, ЯКІЯ ПАТРАБУЮЦЬ ЗНІЖКІ 25% І АДТЭРМІНОЎКІ ПЛАЦЯЖОЎ

Вытворцы посуду сёння стаўку робяць на электрычныя фаеркі – не проста ж так будуецца Астравецкая АЭС. Масавае жыллё ўлады абяцаюць больш не абсталёўваць газаправодам. Да таго ж на рынку расце попыт на бяспечныя і экалагічныя індукцыйныя пліты, якія спажываюць менш энэргіі, але патрабуюць адпаведны рыштунак з шчыльным металічным дном.

«Сёння гэта перспектыўны напрамак – 50% аб'ёму прадукцыі можна будзе экспартаваць. У СНД з намі канкуруе Кітай і расейскі “Нява метал посуд”, астатнія не могуць. А мы – адзіныя ў Беларусі. Цяпер вось распрацоўваем асартымент такога посуду, тэстуем яго», – на заканчэнні дзеліцца планамі Юры Плаксін.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках