18 красавiка 2024, Чацвер, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы хочуць набыць дамы за 1 еўра ў італьянскай Самбуцы

10
Беларусы хочуць набыць дамы за 1 еўра ў італьянскай Самбуцы

Самбука – невялікая камуна ў паўднёва-заходняй частцы Сіцыліі недалёка ад узбярэжжа Міжземнага мора.

Беларусь стала адной з краінаў, адкуль у мэрыю сіцылійскага мястэчка Самбука, якая абвесціла распродаж дамоў за 1 еўра, прыйшлі лісты пра зацікаўленасць у такім набытку.

Пра гэта паведамляе belmir.by са спасылкай на італьянскія СМІ.

Самбука – невялікая камуна ў паўднёва-заходняй частцы Сіцыліі недалёка ад узбярэжжа Міжземнага мора. Яна, як і многія італьянскія правінцыйныя паселішчы, сутыкнулася з праблемай дэпапуляцыі – людзі з'язджаюць адсюль у буйныя гарады.

Каб ажывіць мястэчка, а таксама захаваць архітэктурную спадчыну, і была распачатая акцыя, якую раней ужо рэалізавалі ў шэрагу іншых падобных населеных пунктаў Італіі: прадаваць закінутыя дамы за сімвалічную плату 1 еўра.

Праўда, пакупнік павінен яшчэ прыняць на сябе абавязальніцтва рэканструкцыі набытага жылля цягам трох гадоў, уклаўшы не менш за 15 тысячаў еўраў. Плюс патрабуецца ўнесці заклад 5 тысячаў, які вернуць пасля заканчэння рэканструкцыі.

Кампанію абвесцілі ўжо шмат месяцаў таму. Але ў студзені 2019-га яна выклікала бум, пасля таго, як пра яе апавяла амерыканская тэлекампанія CNN, падрабязна распісаўшы ўсе вартасці тутэйшай нерухомасці, прыгажосць прыроды і багатую гісторыю.

Так, паселішча было заснаванае старажытнымі грэкамі, а потым заваяванае сарацынамі, якія ператварылі яго ў расквітнелы гандлёвы цэнтр. Цяпер гарадок уяўляе з сябе сапраўдны архітэктурны музей пад адкрытым небам.

Гэтую тэму падхапілі многія іншыя вядомыя СМІ – напрыклад, брытанскія Daily Mail і Guardian. Пайшло мноства перадрукаў і пераказаў.

У выніку ў першыя ж дні на мэрыю Самбукі абрынуўся шквал зваротаў. Літаральна за некалькі гадзінаў на паштовыя скрыні адміністрацыі прыйшло больш за 40 тысячаў электронных лістоў з запытам інфармацыі пра дамы. Гэта не лічачы плыні тэлефанаванняў.

Сярод тых, хто зацікавіўся нерухомасцю, асабліва шмат амерыканцаў. Але запыты прыходзяць адусюль: з Нарвегіі, Канады, ПАР, Аўстраліі, Індыі, Францыі, Расеі, Бразіліі, Вялікай Брытаніі, Японіі...

Нядаўна, напрыклад, паступіла тэлефанаванне з Дубаі ад групы арабскіх інвестараў, якія заявілі, што гатовыя выкупіць усе дамы ў спісе.

Мэру гарадка давялося нават стварыць спецыяльную працоўную групу, якая займаецца адказамі на ўсе гэтыя звароты з розных куткоў свету.

Службоўцы прапануюць неабходную інфармацыю пра акцыю, а таксама запрашаюць патэнцыйных пакупнікоў наведаць Самбуку, каб ацаніць усе вартасці прапанаванай нерухомасці на месцы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках