18 красавiка 2024, Чацвер, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бярозе на вакзале затрымалі блогера Аляксандра Кабанава

6
У Бярозе на вакзале затрымалі блогера Аляксандра Кабанава
АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Блогера пыталіся пра «планы на вечар».

Раніцай 17 лютага ў Бярозе на вакзале затрымалі блогера Аляксандра Кабанава, які збіраўся ехаць у Берасце, паведамляе «Брестская газета».

Пасля доўгага апытання ў якасці сведкі аб падзеях у Берасці 10 лютага яго адпусцілі.

«Пыталіся, якія планы на вечар. З Берасцем на тэлефоне пастаянна віселі, атрымлівалі інструкцыі. Пытанні проста феерычныя: з якой мэтай ездзіце ў Берасце, навошта ходзіце ў кіно, што гэтым хочаце выказаць і іншыя ў такім жа духу. Відавочна, ім трэба было пратрымаць мяне ў міліцыі, каб я не паспеў з'ехаць», - распавёў пасля выхаду з РАУС Кабанаў.

Нагадаем, у Берасці 10 лютага адбылося традыцыйнае нядзельная кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода. Упершыню за год пратэсту пасля кармлення галубоў людзі не разышліся па дамах, а прайшлі па вуліцы Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь», дзе нейкі час слухалі выступ вулічнага музыкі. У мінулую нядзелю затрыманняў не было.

Затое ўчора, 16 лютага, у Берасці былі затрыманыя праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і грамадскі актывіст Віталь Казак. Абодвум ставіцца ў віну арганізацыя прагулкі па горадзе праціўнікаў будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода, якая адбылася 10 лютага пасля кармлення галубоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, суды над затрыманымі пройдуць у панядзелак 18 лютага. Выхадныя яны правядуць у ІЧУ Ленінскага РАУС.

З пачатку 2018 гадоў у Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Берасце» акумулятарнага завода «АйПауэр». Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Берасце» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ўлады дазволілі ім сабрацца і пратэставаць - мітынг «берасцейцы супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец года. Паводле апошніх звестак, пробны запуск вытворчых ліній на акумулятарным заводзе «АйПауэр» будзе ажыццёўлены меркавана 21 - 28 лютага. Паводле афіцыйнай інфармацыі, магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў у год, а пасля будзе павялічаная ўдвая. Аднак ініцыятыўная група заяўляе, што абсталяванне, якое завезлі на прадпрыемства, дазволіць выпускаць да 6 млн акумулятараў у год.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках