19 красавiка 2024, Пятніца, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Б'ёрндален: Дар’я здольная выступаць на высокім узроўні яшчэ шмат гадоў

21
Б'ёрндален: Дар’я здольная выступаць на высокім узроўні яшчэ шмат гадоў

Нарвэжскі біятланіст выказаўся аб магчымым вяртанні Домрачавай у вялікі спорт.

Васьміразовы алімпійскі чэмпіён, былы нарвэжскі біятланіст Оле-Эйнар Б'ёрндален расказаў пра тое, што ягоная жонка беларуска Дар'я Домрачава можа выступаць на высокім узроўні яшчэ шмат гадоў, піша rsport.ria.ru.

- У адным з першых інтэрв'ю Ваша жонка прызналася мне, што самым яскравым і магутным ейным уражаннем на Гульнях у Ванкувэры ў 2010-м стала не бронза, здабытая ў індывідуальнай гонцы, а той факт, што вялікі Оле-Эйнар Б'ёрндален падышоў яе з гэтым медалём павіншаваць. Домрачава ўжо тады Вам падабалася?

- Я запомніў яе ў той гонцы толькі таму, што ў яе зусім абы-як дзейнічалі лыжы. Наогул не ехалі. Але пры гэтым яна змагалася так заўзята, што на гэта было немагчыма не звярнуць увагі і не захапіцца. Ведаеце, бываюць гонкі, у якіх чалавек не здабывае залаты медаль, але ўсе, хто ў тэме, выдатна разумеюць, што сапраўдны пераможца - менавіта ён. Гэта быў той самы выпадак.

- Вы хацелі б зноў убачыць Дар'ю ў спаборніцтвах?

- Мне б вельмі не хацелася думаць, што жонка скончыла бегаць дзеля мяне. Болей, яна зрабіла гэта дзеля Ксеніі. Мы шмат разоў абмяркоўвалі з ёй гэтую тэму, але канчатковую пастанову Дар’я прымала самастойна. Шчыра вам скажу, гэта быў нечаканы для мяне момант: я амаль ужо пераканаўся ў тым, што жонка бегацьме далей - мне здавалася, яна схіляецца менавіта да гэтага. І тут яна мяне ашаламаніла. Ці захоча яна гэтую пастанову змяніць і вярнуцца ў спорт? З майго пункту гледжання, у гэтым няма ніякіх праблем. Яна здольная выступаць на высокім узроўні яшчэ шмат гадоў.

- Але ці жадаеце гэтага Вы самі?

- Калі захоча Дар’я? Вядома ж, я яе падтрымаю. Я цалкам усведамляю, што такія біятланісткі, як яна, вельмі рэдка з'яўляюцца ў спорце. Гаворка не толькі пра рухальны талент, але і пра ўменне спаборнічаць, уменне ментальна супрацьстаяць усялякім абставінам. Так, мы маем маленькае дзіця, і, спадзяюся, будуць яшчэ дзеці, але спорт - гэта такая кароткая гісторыя...

- І Вы гатовыя ўзяць клопат пра дачку на сябе?

- Вядома.

- Хто ў вашай сям'і гатуе ежу?

- Мы абое. Кожны мае свае фірмовыя стравы, так што гэта не праблема. Да таго ж я проста люблю гатаваць. Мая мама была выдатнай кухарка, так што я атрымаў вельмі правільнае з кулінарнага пункту гледжання выхаванне. Штодзень мама нешта пякла і, колькі сябе памятаю, дзверы ў наш дом ніколі не зачынялася. Заходзіў паштальён, нават калі ў яго не было для нас карэспандэнцыі, зазіралі суседзі, і ўсім заўсёды даставаўся кубачак кавы і кавалак пірага. Адпаведна я ўмею пячы, смачна гатаваць усякае мяса.

- Вашая сям'я праўда мела дзевяць кароў?

- Дзевяць кароў, дзве свінні, процьму іншай жывёлы. Прадукты мы ніколі не куплялі, усё мелі сваё.

- І Вы ўмееце даіць?

- А што тут такога? Мы мелі адмысловы агрэгат, але перш чым яго ўмыкаць, трэба было падрыхтаваць карову, раздаіць яе ўручную, каб не траўмаваць вымя. Думаю, гэтым уменнем валодае кожнае сялянскае дзіцё.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках