19 красавiка 2024, Пятніца, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік раёна, дзе месяцамі не плацяць заробак - журналістам: Не дурыце галаву

11
Кіраўнік раёна, дзе месяцамі не плацяць заробак - журналістам: Не дурыце галаву

Як у Гарадку працоўныя жывуць некалькі месяцаў без грошай.

Рабочыя ПМК-51 у Гарадку Віцебскай вобласці не атрымліваюць заплату з лістапада мінулага года. Людзі выходзяць на працу, але грошай не бачаць. Адно з буйных будаўнічых прадпрыемстваў рэгіёну сёння на мяжы закрыцця.

«Еўрарадыё» высвятляе, як людзі жывуць некалькі месяцаў без грошай і калі ім нарэшце выплацяць заробак.

«Хто маладзейшы, з'ехалі. Астатнім у Гарадку няма куды ісці»

Галоўнай прычынай заняпаду ПМК-51 мясцовыя жыхары называюць частую змену кіраўніцтва прадпрыемства.

«Прадпрыемства развальваюць да апошняга, бязладдзе адным словам, - распавядае працоўны ПМК-51. - За лістапад яшчэ не было заобку. Хоць там і заплата 280-300 рублёў. Сем дырэктараў апошнім часам змяніліся. Хтосьці раскрадаў прадпрыемствы, хтосьці распрадаваў, а цяпер нікому справы няма. Адзін з апошніх кіраўнікоў з Віцебска на працу прыязджаў. «Парадак» тут навёў - і ў аблвыканкам на павышэнне».

На прадпрыемстве працавала 300 чалавек. Цяпер засталося блізу 70. За апошні год большасць працоўных звольнілася і з'ехала на заробкі за мяжу. Тых, хто застаўся працаваць, перавялі на няпоўны працоўны тыдзень. Каб выжыць у райцэнтры без заробкаў, людзі бяруць пазыкі.

«Так і жывем, - дадае жыхар Гарадка. - Пазычаем на жыццё. Хто маладзейшы, з'ехалі. У Гарадку няма куды ісці. Ніхто нікому не патрэбны. Цяпер выканаўца абавязкаў кіраўніка застаўся, але ён нічога не ведае. Прарабаў, майстроў няма. Нават інструмента, каб працаваць, няма. Нядаўна хлопцы прыехалі на аб'ект, а з інструментаў кавадлы і лом. Усё было, а цяпер – нічога».

«Не дурыце галаву»

Кіраўнік Гарадоцкага райвыканкаму Пётр Карабач, да якога звярнуліся журналісты, адмовіўся гаварыць, нават не выслухаўшы пытанне.

«Не дурыце галаву. Не званіце мне на гэты тэлефон!» - адказаў кіраўнік райвыканкама і кінуў слухаўку.

«Сітуацыя складаная»

Намесніца дырэктара ПМК-51 Таццяна Турчаняк распавядае, што пытанне запазычанасці будзе развязанае цягам двух тыдняў:

- Чаму вы не хочаце патэлефанаваць у Гарадоцкі райвыканкам? Старшыні райвыканкама або яго намесніку ў будаўніцтве?

- Адзін не хоча гаварыць, іншы не адказвае на званкі.

- Сітуацыя складаная, нявыплата заробкаў існуе. Раённыя ўлады нешта спрабуюць зрабіць, да чаго гэта прывядзе, складана сказаць. Паспяховым прадпрыемства было гадоў дзесяць таму. Тады былі аб'ёмы. Цяпер іх няма. Дзесяць гадоў таму працавалі блізу 300 чалавек, сёння засталося 65. Казаць, што раённыя ўлады бяздзейнічаюць, нельга. Думаю, што праз адзін-два тыдні з заробкамі павінны разлічыцца цалкам.

Нагадаем, у аналагічным становішчы і будаўнікі смаргонскай фірмы. За лістапад людзі атрымалі заробак толькі ў студзені.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках