29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Daily Beast: Расейскія вайскоўцы паказалі журналістам не тую ракету

9
Daily Beast: Расейскія вайскоўцы паказалі журналістам не тую ракету
ФОТА: AP

Расея ўвяла ў зман замежных вайсковых аташэ і журналістаў.

РФ падчас прэс-канферэнцыі 23 студзеня прадэманстравала не тую ракету, параметры якой, на сцвярджэнне ЗША, парушаюць дамову аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці. Гэта сцвярджае сайт Daily Beast са спасылкай на звесткі амерыканскай выведкі, паведамляе svoboda.org.

Паводле звестак Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення і Нацыянальнага агенцтва геапрасторавай выведкі, як сцвярджае выданне, ні фрагменты ракеты, ні пускавая ўстаноўка, ні дакументацыя, якія былі прадэманстраваны на прэс-канферэнцыі, не маюць дачынення да ракеты 9M729.

Прадстаўнікі мінабароны Расеі на прэс-канферэнцыі ў Падмаскоўі, на якую былі запрошаны замежныя вайсковыя аташэ, сцвярджалі, што гэтая ракета з'яўляецца ўсяго толькі мадыфікацыяй 9M728, якая не парушае дамову, а далёкасць яе палёту складае толькі 480 кіламетраў, гэта значыць не перавышае ўстаноўленага ў дамове ліміту ў 500 кіламетраў.

Амерыканскія спецслужбы сцвярджаюць, што паказаны расейскімі вайскоўцамі кантэйнер у рэчаіснасці карацейшы, чым той, які выкарыстоўваецца для транспарціроўкі 9M729. Паказаная пускавая ўстаноўка таксама не мае дачынення да гэтай ракеты.

Амерыканскі вайсковы аташэ і аташэ шэрагу краін ЕЗ не прысутнічалі на прэс-канферэнцыі.

Злучаныя Штаты сцвярджаюць, што сапраўдная далёкасць палёту ракеты ў выпадку яе запуску з дапамогай стацыянарнай пускавой ўстаноўкі перавышае 2000 кіламетраў, што было пацверджана падчас шасці яе выпрабаванняў.

Расея гэта адмаўляе. Мінабароны Расеі пакуль не каментавала матэрыял Daily Beast.

1 лютага Злучаныя Штаты паведамілі, што прыпыняюць удзел у заключанай у 1987 годзе дамове аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці, абвінаваціўшы Расею ў парушэнні яе палажэнняў. Расея заявіла пра тое самае. Калі бакі не дамовяцца, праз шэсць месяцаў дамова будзе канчаткова разарваная.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках