20 чэрвеня 2019, Чацвер, 3:06
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Недавезеныя РФ да Кітая ракеты С-400 сталіся нагодай для санкцый ЗША

5

Сталі вядомыя драбніцы знішчэння расейскіх ракет для зенітных комплексаў.

Кіраўнік «Ростэха» Сяргей Чэмезаў у панядзелак, 18 лютага, паведаміў пра знішчэнне ракет для С-400, якія накіроўваліся морам у Кітай у студзені 2018 года. «На жаль, адбылася аварыя. Судна, якое везла гэтыя ракеты, трапіла ў шторм, і былі вымушаныя ўсе гэтыя ракеты знішчыць», - прызнаў ён на вайсковай выставе IDEX у Абу-Дабі.

Са слоў Чэмезава, у Расеі вырабляюцца новыя ракеты, якія будуць адпраўленыя ў Кітай, паведамляе РБК.

Санкцыі за ракеты

Менавіта праз студзеньскую пастаўку С-400 у Кітай амэрыканскі Дзяржаўны дэпартамент у верасні 2018 года ўвёў першыя санкцыі супраць замежных пакупнікоў расейскай вайсковай тэхнікі. Наўпрост пацярпеў кліент - дэпартамент развіцця абсталявання кітайскага войска, ускосна - «Рособоронэкспорт», бо такія санкцыі стрымліваюць экспарт расейскай зброі.

Санкцыі былі ўведзеныя за пастаўку кітайцам баявых самалётаў Су-35 у канцы 2017 года і «партыі абсталявання, звязанага з ракетным комплексам С-400», у студзені 2018 года, казаў на брыфінгу 20 верасня чыноўнік Дзяржаўнага дэпартамента. Тады ж ён заявіў, што Кітай набыў «ракеты С-400» і за гэта быў пакараны.

РБК накіраваў запыт у Дзяржаўны дэпартамент ЗША з пытаннямі, ці ведаў Дзяржаўны дэпартамент, што прызначаныя для Кітая ракеты ў студзені 2018 года былі пашкоджаныя і затым знішчаныя, і за пастаўку якога канкрэтна абсталявання былі ўведзеныя санкцыі. Супрацоўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартаменту сказаў РБК, што ўстанове няма чаго дадаць да таго, што было сказана ў верасні мінулага года на брыфінгу, прысвечаным санкцыям у сувязі з пастаўкай Су-35 і С-400.

Звестак, ці была адпраўка камплектовых вырабаў для С-400 у студзені 2018 гадоў у Кітай адзінай, у публічным доступе няма.

«Змена статус-кво»

У жніўні мінулага года, незадоўга да ўвядзення першых санкцый за супрацоўніцтва замежнікаў з расейскім зброевым сэктарам, Дзяржаўны дэпартамент выклаў сваю «філасофію выканання арт.231 закона CAATSА» («Аб супрацьдзеянні непрыяцелям Амэрыкі праз санкцыі»), якая вызначае санкцыі за «істотныя транзакцыі» з расейскім абарончым сэктарам. Сярод іншага, Дзяржаўны дэпартамент патлумачыў, што яны будуць дзейнічаць у выпадках, калі «адбываецца значная перадача грашовых сродкаў ад замежнікаў расейскаму абароннаму сэктару або пастаўка новага абсталявання, якая з’яўляецца якасная мадэрнізацыяй абараназдольнасці, як, напрыклад, С-400».

«Транзакцыя, увогуле, не будзе лічыцца істотнай, калі не адбылася змена статус-кво... - тлумачыў Дзяржаўны дэпартамент. - Праблема ўзнікае, калі пачынае з'яўляцца новае расейскае абсталяванне або вялікія грашовыя сумы пачынаюць пераходзіць з рук у рукі». Адпаведна, аб'явы аб зброевай угодзе было недастаткова для ўвядзення санкцый.

У ліпені 2018 года ТАСС паведамляў, што Кітай закончыў прымаць першы палкавы камплект С-400, але не ўдакладняў, ці ўваходзілі ракеты ў наменклатуру пастаўкі.

Пра тое, што ЗША стаяць перад выбарам, караць ці не за пастаўку С-400 у Кітай, паведамляла выданне Washington Examiner у красавіку мінулага года. Так, вяліся ўнутраныя дыскусіі, ці распаўсюджваецца закон аб санкцыях на кантракты, укладзеныя да ўваходу ў дзеянне CAATSA. Кантракт на пастаўку не менш за шэсць дывізіёнаў С-400 быў падпісаны яшчэ ў 2014 годзе.

Шторм у Ла-Маншы

Сярод абсталявання, якое Расея транспартавала ў Кітай, былі шматфункцыйная радыёлакацыйная станцыя (РЛС) і зенітныя кіраваныя ракеты, апавядала РБК раней крыніца ў Мінабароны і пацвярджала крыніца ў «Расабаронэкспарце»: «На судне была РЛС, некалькі дзясяткаў зенітных кіраваных ракет і запасныя часткі: платы , каморкі, блокі». Са слоў аднаго з іх, агульны кошт тавару складаў блізу 1,3 млрд расейскіх рублёў.

Дэлегацыя перамоўнікаў ад Расеі ездзіла ў Кітай для абмеркавання сітуацыі, расказаў адзін з інфарматараў РБК у абаронна-прамысловым комплексе. Паводле ягоных слоў, у рамках рэалізацыі кантракту з Кітаем адразу пасля здарэння сталі разглядаць магчымасць замены пашкоджанага абсталявання. Са слоў іншага суразмоўцы РБК, для адпраўкі кліенту трэба вырабіць новую партыю ракет.