19 красавiка 2024, Пятніца, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікі «Мінсктрансу»: Cітуацыя ўжо за рысай

55
Работнікі «Мінсктрансу»: Cітуацыя ўжо за рысай
ФОТА: TUT.BY

Менскія кіроўцы скардзяцца на ненармаваны графік працы і няспраўны транспарт.

На сайце petitions.by з’явіўся тэкст калектыўнага звароту кіроўцаў і пасажыраў грамадскага транспарту ў Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю. Яны незадаволеныя невыкананнем умоў працы на прадпрыемстве «Мінсктранс» і скардзяцца на парушэнне нормаў бяспекі ў тралейбусах і аўтобусах праз неналежны тэхнічны агляд, паведамляе «Белсат».

Так, са слоў заяўнікаў, у філіялах «Мінсктрансу» некарэктна праводзіцца праверка і рамонт рухомага складу. Кіроўцы ўвесь час сутыкаюцца з непаладкамі ў тармазной сістэме аўтобусаў і тралейбусаў, з паломкамі фар і кандыцыянераў. Таксама заяўнікі адзначаюць, што часам даводзіцца працаваць па 9 гадзін запар з перапынкам на абед, меншым за 30 хвілін.

КАЛАЖ PETITIONS.BY

«У новым раскладзе на восень-вясну 2018-2019 гадоў на многіх маршрутах паменшылі тэхналагічныя перапынкі да 4 хвілін. Просім заўважыць, што больш доўгія перапынкі трапляюць на гадзіны пік і фактычна выкарыстоўваць іх нельга праз адставанне ад раскладу. Час на рэйс скарацілі і, каб выконваць рэгулярнасць, кіроўцы вымушаныя ехаць з рызыкай для бяспекі руху. Даводзіцца не стаяць на станцыях патрэбны час, а ехаць без перапынкаў, на мяжы тэхнічных магчымасцяў тралейбуса, каб нагнаць адставанне ад раскладу», - гаворыцца ў звароце.

ТАК ВЫГЛЯДАЕ РАЗМЯШЧЭННЕ ВОГНЕТУШЫЦЕЛЯЎ У САЛОНЕ ГРАМАДСКАГА ТРАНСПАРТУ

Сцвярджаецца, што санітарныя нормы і мікраклімат на працоўным месцы за ўвесь год не выконваліся: узімку пры працуючых печах ацяплення кабіны кіроўцаў выграваліся толькі да +14, а ў некаторых асобных выпадках тэмпература ў кабіне апускалася да -5 С, і гэта пры сядзячай працы. Улетку ж у гарачыя дні тэмпература паветра на працоўным месцы дасягала +36 С, кажуць заяўнікі. Пры правядзенні чарговай атэстацыі ў 2018 годзе не праводзіліся замеры мікраклімату працоўнага месца.

З іх слоў, зімовая ўніформа не адпавядае тэмпературным нормам у кабіне, але пры яе адсутнасці прадугледжанае дысцыплінарнае спагнанне. Кашулі зробленыя з няякаснага і грубага матэрыялу, не прапускаюць паветра і псуюць скуру.

На дыспетчарскіх станцыях працаўнікі «Мінсктрансу» сутыкаюцца з наступнымі праблемамі: закрытыя прыбіральні (ключ адсутнічае) і закрыты буфет.

Яўген - адзін з укладальнікаў петыцыі - працуе кіроўцам грамадскага транспарту ўжо больш за 20 гадоў.

«Я працую ўжо больш за 20 гадоў, праблемы былі і раней, але ў апошні год гэта пачало даходзіць да рысы. Раней нешта рабілася, цяпер гэта проста нешта з чымсьці! Горшай сітуацыі, чым мы маем цяпер, не было ніколі», - абураецца мужчына.

Ён адзначае, што не марыць давесці справу да суда, а толькі дамагчыся кардынальных зменаў у лепшы бок.

«Мы проста хочам нармальнага стаўлення да людзей і да тэхнікі, хочам прыходзіць на працу адпачыўшы, выязджаць на спраўным транспарце, каб нас потым не забіралі на «хуткіх». Толькі летась трое кіроўцаў падчас руху проста памерлі за стырном ад сардэчнага прыступу, выкліканага ператамленнем», - распавёў Яўген у каментары belsat.eu.

Акрамя таго, калі ў снежні 2018 года змяніўся парадак выплаты заробкаў, кіраўніцтва «Мінсктранса» не папярэдзіла падначаленых своечасова, чым парушыла Працоўны кодэкс, скардзяцца людзі. Таксама яны просяць пракуратуру даць прававую ацэнку вядзенню відэазапісаў у кабінах кіроўцаў. З іх слоў, камеры накіраваныя ў твар кіроўцы і вядуць відэазапіс у бесперапынным рэжыме з функцыяй аўдыёзапісу і з магчымасцю захоўваць знятую інфармацыю цягам месяца.

ДАКУМЕНТЫ, З ЯКІХ ВЫНІКАЕ, ШТО НЕПАЛАДКІ НЕ БЫЛІ СВОЕЧАСОВА ЛІКВІДАВАНЫЯ

«Просім заўважыць, што гэта відэа выкарыстоўваецца для дысцыплінарных спагнанняў у дачыненні да кіроўцаў, пазбаўлення іх прэміі. Таксама просім заўважыць, што ў агляд відэакамер трапляе інфармацыя пра асабістае жыццё, напрыклад з экранаў тэлефона (паролі, асабістая перапіска) падчас карыстання тэлефонам на перапынках і ў абедзенны час. Гэта стварае псіхалагічны дыскамфорт кіроўцам, адцягвае ад працы, чырвоныя блікі ў начны час. Знятае відэа дэманстратыўна паказваюць на сходах усім удзельнікам, не пытаючыся дазволу на гэта ў самога кіроўцы», - дадаюць заяўнікі.

Яны просяць Генпракуратуру і КДК правесці праверку і ўжыць належныя захады. Раней такі зварот ужо быў накіраваны імі ў пракуратуру Маскоўскага раёна Менска і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пад гэтым зваротам падпісаліся ўжо 393 чалавекі (на момант публікацыі гэтай навіны). Перадаць яго заяўнікі плануюць праз 5 дзён.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках