28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У нафтавікі бяруць сяброў і сваякоў»

10
«У нафтавікі бяруць сяброў і сваякоў»
ФОТА: BELSAT.EU

Як жыве нафтавая сталіца Беларусі?

«Мне здаецца, што ўсё ж нафта ў нас дзесьці ёсць», – сказаў калісьці Лукашэнка. У здагадкі мы не верым, а таму наведалі Рэчыцу, каб даведацца, як жыць, калі нафта ў цябе пад нагамі, паведамляе «Белсат».

Невялікі горад на 70 тысяч чалавек, аточаны дзясяткамі радовішчаў нафты. Паўсюль на палетках стаяць так званыя станкі-помпы - глыбінныя помпы з «малаткамі», якія, як маятнікі, рухаюцца ўверх і ўніз, выпампоўваючы чорнае золата з зямлі. Мясцовыя кажуць, што раней нафты было больш, і яна была больш якаснай. Цяпер жа запасы высільваюцца, і з неглыбокіх свідравін выпампоўваюць вельмі вадзяністую вадкасць.

Відавочна, галоўнае прадпрыемства горада - «Беларуснафта». Раёны нафтавікоў займаюць значную частку Рэчыцы, асабліва прадмесце. Пару гадоў таму яны пабудавалі найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю - 115 гектараў, памеры ўражваюць, але пра тое, што гэта іх, нагадвае шыльда і калючы паркан пад напругай.

Энэргія сонца ў руках нафтавікоў

Размах аб'ектаў наводзіць на думку, што тут мінімум кожны другі - заможны чалавек. І сапраўды, на прадпрыемстве можна атрымліваць 1000 даляраў.

Але трапіць туды амаль нерэальна. Са слоў мясцовых жыхароў, у нафтавікі бяруць сяброў і сваякоў работнікаў. Хіба што на сезонныя працы набіраюць чужых, але гэта зусім не тыя грошы. Ёсць і іншыя арганізацыі, да прыкладу, рэчыцкі мэблевы завод, які ўвесь час субсідуецца урадам для падтрымкі працы.

Праз гэта адчуваецца нейкае расслаенне, фінансавае. Настаўнікі, лекары атрымліваюць 300, максімум 500 (не даляраў). Працы мала і выбар невялікі: або трымаешся за сваё месца, або з'язджаеш у Гомель, які ў 60 кіламетрах ад горада, ну, або ў Менск.

Жыхары Рэчыцы ведаюць аб падатковым манеўры, які наўпрост адаб'ецца на горадзе, і выдатна разумеюць, што, калі справы кепска пойдуць у нафтавікоў, то будзе толькі горш. Бо, нягледзячы на негатыўныя моманты, прадпрыемства дапамагае гораду развівацца: будуюцца новыя кварталы і «Еўраопты», а неўзабаве запусцяць першы гандлёвы цэнтр з кінатэатрам.

Рэха «Дажынак», або што паглядзець над Дняпром?

Рэспубліканскія «Дажынкі…, якія прайшлі тут у 2007 годзе, успамінаюць дагэтуль. Гэта быў сапраўдны бум, бо ў невялікі райцэнтр прыехалі людзі з усёй Беларусі. Тады ж адрамантавалі дарогі, а на беразе Дняпра пабудавалі амфітэатр, які на той момант быў толькі ў Віцебску. Каля яго стаіць Капліца Ефрасінні Полацкай. Вонкава нагадвае ракету, і здаецца, што дзесьці побач стаіўся Язэп Драздовіч, але ён тут ні пры чым, на жаль.

Як і ў кожным беларускім горадзе, тут ёсць касцёл і царква. У апошняй пры ўваходзе стаіць двухметровы пластыкавы крыж той самай Еўфрасінні Полацкай. Напэўна, арыгінал.

Дарэчы, існуе легенда, што ўнучка Усяслава Чарадзея, якая стала манашкай, падчас свайго паломніцтва ў Ерусалім спынялася на адпачынак менавіта тут, у Рэчыцы.

Ёсць тут і пацешныя інсталяцыі ў выглядзе металічных дрывасекаў на набярэжнай або элегантных сметніц у капелюшах каля мясцовага ліцэя.

Рэстарацыя, яна ж клуб і караоке. Начное жыццё Палесся

Пасля 21:00 горад засынае, а моладзь адпраўляецца ў адну з трох забаўляльных устаноў. На здзіўленне, проста так туды прыйсці нельга: субота, вечар - і столікі толькі згодна з запісам. Праз паўгадзіны на тэлефоне нам удалося патрапіць у рэстарацыю «Палессе», дзе за ўваход трэба яшчэ плаціць. 7 рублёў - абавязковая сума, як пазней высветлілася, гэта за забаўляльную праграму, у якой жанчына з рудымі валасамі будзе шукаць падставу вас з чымсьці павіншаваць і крычаць «з днём нараджэння», які быў у вас два тыдні таму.

Ва ўстанове, якая ўважаецца за адну з найлепшых у горадзе, пры ўваходзе вам надзенуць на руку папяровы бранзалет, як на музычным фестывалі, і дадуць меню, дзе на першай старонцы будуць правілы паводзінаў у рэстарацыі. Ад кухні варта чакаць шырокі выбар алкаголю, агароднінных страў і сушы, у якіх агурок займае палову ролы і дададзены кітчэнэс — кетчуп з маянэзам. Як кажуць, а што вы хацелі за 6 рублёў?

У асобным пакоі, курылцы, сядзяць тыя самыя нафтавікі з піўнымі жыватамі і дзяўчаты, якія разважаюць аб няўдалай цяжарнасці і думаюць, як пасябраваць з тым хлопцам за стойкай бара. На танцпляцы з радасцю скачуць пад Святлану Лабаду і «Рукі ўверх!», але чамусьці сыходзяць, як толькі пачынае гучаць Стынг.

Некаторага шарму дадаюць спецыяльна запрошаныя спявачкі з Гомеля, чый голас гучыць пад фанеру, а сукенкі з сотнямі бліскавак муляюць вока ў прыглушаным святле.

У гэтым месцы адчуваецца дух пачатку 2000-х, мужчыны ў блакітных кашулях глядзяць на жанчын у зялёных сукенках, злёгку прытанцоўваючы і праз слова брыдкасловяць, дзіка гарлапаніць музыка, і вам абавязкова забароняць патанчыць з куфлем. Чаму? Таму што так сказала загадчыца…

П'яных боек мы не ўбачылі, людзям было весела, і відаць, што кожны прыйшоў сюды па штосьці сваё: хтосьці шукае сабе пару, хтосьці адпачывае ў коле сям'і, і з усяго атачэння навідавоку 20-гадовы афіцыянт з татуіроўкамі на твары.

Рэчыца - гэта не беларускі Дубай, і нафта не робіць з жыхароў горада мільянераў. Гэта звычайны горад са звычайнымі людзьмі, дзе ў кожнага ёсць свае сем'і, мэты і праблемы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках