20 лiпеня 2019, Субота, 23:53
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Расея можа размясціць у Беларусі ядзерную зброю

25

Неабходна супрацьстаяць вар'яцкім планам Крамля.

2 лютага ЗША выходзяць з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Майкл Пампэа.

Са слоў Пампэа, Расея «ў значнай ступені» парушае ўмовы ДРСМД. «Парушэнне Расеяй дамовы стварае небяспеку для еўрапейцаў і амерыканцаў. Мы абавязаныя адказаць належным чынам», - заявіў ён.

Сітуацыю пракаментаваў сайту Charter97.org лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.

- Што значыць выхад ЗША з гэтай дамовы і якімі будуць наступствы гэтага кроку?

- Спачатку трэба пра саму дамову сказаць. Гэта была першая дамова, якая рэальна прадугледжвала знішчэнне ядзерных арсеналаў ЗША і СССР, вынішчэнне класа ракет. Яна была ўкладзеная ў 1987 годзе, у 1988 годзе ўвайшла ў дзеянне, і абедзве дзяржавы прыступілі да знішчэння сваіх ракет. СССР і ЗША знішчылі больш за дзве з паловай тысячы ракет сярэдняй і меншай далёкасці (радыус дзеяння ад 500 да 5,5 тысяч кіламетраў).

Гэта было рэальнае раззбраенне, гэта было рэальнае зніжэнне напружанасці ў свеце, бо тады было супрацьстаянне дзвюх звышдзяржаў, і гэтая дамова паклала пачатак цэламу шэрагу дамоваў аб ядзернай бяспецы, якія былі падпісаныя пасля і якія выконваліся.

Я б не стаў рабіць акцэнт на выхадзе ЗША з гэтай дамовы, я б стаў гаварыць пра тое, што дамова планамерна парушалася і губляла сваю сілу. Вінаваты ў гэтым Крэмль. Парушэнні дамовы з боку Расеі былі відавочныя, яны прадаўжаліся некалькі гадоў. Злучаныя Штаты не маглі не зрэагаваць на такую сітуацыю.

- Расейская прапаганда цяпер абвінавачвае ЗША ў падрыве гэтай дамовы.

- Расейская прапаганда можа заяўляць усё, што заўгодна. Я займаўся гэтай дамовай прадметна, бо тэрыторыя Беларусі падпадала пад дзеянне гэтай дамовы. Нам, дарэчы, давялося прыкласці немалыя намаганні, каб забяспечыць свае суверэнныя правы і не дазволіць перадаць Расеі кантроль за выкананнем гэтай дамовы, чаго дамагалася не толькі Расея, але і на нейкім этапе - ЗША. Да моманту здабыцця незалежнасці, на шчасце, гэтая дамова была ўжо выкананая на тэрыторыі нашай краіны. Усе ракеты, якія знаходзіліся ў Беларусі, былі вывезеныя для знішчэння, шахты знішчаныя, месцы базавання закрытыя.

Але я памятаю, даслоўна з пачатку 1990-х гадоў, стогны расейскіх генералаў, а потым і палітыкаў пра тое, што амерыканцы «абыгралі» Расею ў перамовах паводле дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці і прымусілі Расею знішчыць самыя сучасныя ракеты, якія былі ў Савецкага Саюза. Гэтыя стогны паступова сталі палітыкай, калі Пуцін прыйшоў да ўлады.

Расея імкнулася аднавіць вытворчасць тых ракет, якія тэхналагічна, на думку Крамля, былі на больш высокім узроўні, чым амерыканскія ракеты. Увесь час пры кожным зручным выпадку займалася гэтым. Возьмем хаця б праграму «Іскандэраў», якая ўвесь час удасканальвалася і далёкасць дзеяння гэтых ракет павышалася. Гэта далёкім ад гэтага можна казаць пра тое, што амерыканцы раптам, ні з таго, ні з гэтага наважыліся выйсці з гэтай дамовы. Спецыялісты, якія адсочвалі сітуацыю ў вайсковай прамысловасці РФ, разумеюць, што Расея настойліва падштурхоўвала амерыканцаў да гэтага.

- Як спыненне дзеяння дамовы аб РСМД можа адбіцца на Беларусі?

- Напраўду сітуацыя вельмі небяспечная. Спыненне дзеяння гэтай дамовы пагражае бяспецы Еўропы. Еўрапейскія лідары гэта разумеюць і, ускладаючы віну на Расею, выступаюць за яе захаванне.

Гэтая сітуацыя ставіць пад пагрозу бяспеку і незалежнасць Беларусі, бо дамова аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, як я ўжо казаў, датычылася тэрыторыі нашай краіны, а таксама тэрыторый Украіны, Казахстана і іншых дзяржаў былога Савецкага Саюза. І тое, што Расея мэтанакіравана парушала гэтую дамову і правакавала яе скасаванне, можа сведчыць пра больш агрэсіўныя планы Крамля, напрыклад, у размяшчэнні ядзернай зброі ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Згодна з амерыканскімі крыніцамі такія намёкі з Масквы ўжо гучалі. Дарэчы, Расея стала больш актыўна парушаць Дамову аб РСМД пасля 2014 года, г.зн., пасля Крыма.

Сітуацыя з гэтай дамовай у варунках рэжыму Лукашэнкі робіць нас больш уразлівымі і аслабляе нашу бяспеку.

- Як супрацьстаяць гэтаму сцэнару?

- Рэцэпт адзін. Каб супрацьстаяць вар'яцкім планах Расеі, якая робіць замах на нашу незалежнасць, вар’яцкім крокам Крамля, якія аслабляюць нашу бяспеку, неабходная змена палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Беларусь павінна стаць рэальна самастойнай дзяржавай, а не закладніцай дыктатарскага клана Лукашэнкі. Для гэтага трэба браць лёс краіны ў свае рукі, то бок, пазбаўляцца ад гэтага рэжыму і развязваць пытанні бяспекі зусім на іншым узроўні, бараніць нацыянальныя інтарэсы.