18 красавiка 2024, Чацвер, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усе праломваецца, служба бяспекі Лукашэнкі ледзь ногі не пераламала»

17
«Усе праломваецца, служба бяспекі Лукашэнкі ледзь ногі не пераламала»
ФОТА: EX-PRESS.BY

Барысаўцы жывуць у аварыйных варунках.

Жыццё ў доме без вады і каналізацыі і з грыбком і трухлявымі сценамі. І гэта - не пра побыт у сярэднявеччы, а сумная рэчаіснасць жыхароў баракаў у Барысаве, паведамляе «Белсат».

Чаму людзі гадамі вымушаныя жыць у арандаваным жыллі без годных варункаў?

Барысаў, дом нумар 29 на вуліцы 30 гадоў ВЛКСМ. Надоечы ленінскаму камсамолу, у гонар якога і назвалі вуліцу, споўнілася 100 гадоў. Але, гледзячы на тое, як тут жывуць людзі, губляешся ў часе.

Заходзім у дзяржаўны барак з арэндным жытлом. У сваю кватэру, ці, болей, пакой запрашае Марына Падасінавік. Кажа, нават не можа зрушыць канапу - і дзірку ў падлозе затуляе, і ненадзейную сцяну падпірае:

«Наступяць вось тут, усё праломваецца. А вось тут стол пачынае хістацца, усё праломваецца».

У суседкі насупраць сітуацыя яшчэ горшая. Трубу прарвала, цэнтральнага ацяплення ў кватэры проста няма.

- Трэба мяняць трубы.

- Ніхто мне не мяняе. Мне сказалі, рабі сама ўсё і дзверы. Тут і падлогу трэба ўзнімаць. А адкуль? У мяне пенсія 200 рублёў.

І гэта добра, што цяпер няма моцных маразоў. На шэсць кватэр на першым паверсе - усяго адна кухня. Сыплецца сценка, сыплецца столь. Кухонныя шафы павесіць немагчыма. Вады няма. Каб нешта прыгатаваць, яе трэба насіць з рукамыйніка ў іншым канцы калідора. Вада толькі халодная.

- А вось скажыце, вось гэтыя краны, а дзе мыцца?

- У балеях! Грэем і мыемся ў балеях. Дома! - тлумачыць жыхарка дома Наталля.

Падлога праломваецца і пад рукамыйнікам. Сітуацыя цягнецца гадамі. Жыхары неаднаразова скардзіліся ў ЖЭС, там паабяцалі зрабіць капітальны рамонт... які выліўся толькі ў афарбоўку калідора. Праўда, атрымалі жыхары і пэўны бонус. Частку гнілой падлогі ў калідоры памянялі падчас прыезду Лукашэнкі ў Барысаў.

- Але Лукашэнка тут не хадзіў.

- Не, ён на «запалку» прыязджаў. Тут зрабілі, каб служба бяспекі ногі не пераламала, - кажа Наталля.

«Запалка» - гэта барысаўцы маюць на ўвазе «Барысаўдрэў». Прадпрыемства - праз дарогу ад дома. Тады ж, падчас прыезду Лукашэнкі, каля бараку паставілі і пафарбавалі паркан. Як раз недалёка ад гэтага паркана жыхарам даводзіцца хадзіць у сваіх патрэбах.

«Ну вось гэта паставілі, напэўна, 3-4 гады таму біятуалеты. Але туды толькі ўлетку можна хадзіць. Толькі калі цёпла, узімку туды не сходзіш. 3-5 разоў сходзіш - яно ўсё намярзае», - апавядае тутэйшая жыхарка Марына Падасінавік.

Узімку жыхары выкарыстоўваюць іншы грамадскі туалет - за 100 метраў ад дома. Мы ўжо збіраліся ехаць, як, убачыўшы камеру, жыхары суседняга дома (вул.30 гадоў ВЛКСМ, 25) - папрасілі нас зняць некалькі кадраў і аб стане іхняга жылля. Яшчэ ў 2014-м арэндны дом прызналі аварыйным і абяцалі рассяліць па новых кватэрах.

«Блізу 10 рублёў я плачу. А хто мае тры пакоі - 30 рублёў», - расказвае аб суме арэнднай платы Марыя Задруцкая, жыхарка дома №25 на вул.30 гадоў ВЛКСМ.

У якасці пацверджання жыхары паказваюць сваё перапіску з чыноўнікамі. У адрозненне ад ранейшага дома, тут ёсць ванны пакой. Але мыцца ў ім немагчыма. Стан прыбіральні мы нават не можам паказаць на камеру.

«Тут у нашым доме не алкаголікі. Ніводнага няма. Усе нармальныя людзі жывуць, сямейныя, з дзецьмі. Але чамусьці мяркуюць, раз тут жывем, раз дом такі, раз не змаглі сабе пабудаваць нешта. Але кожны мае свае ж праблемы, праўда. Я, напрыклад, адна трох дзяцей гадавала. Муж памёр 21 год таму», - са шкадаваннем кажа жыхарка дома Марыя Вайцяховіч.

Атрымаць жа каментар ад ЖЭС №1, які абслугоўвае барысаўскія баракі, на жаль, не выпала. У працоўны час там ніхто не зняў слухаўку.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках