29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У рэгіёнах заробкі выдаюць ежай ды панчохамі»

30
«У рэгіёнах заробкі выдаюць ежай ды панчохамі»
КАРЫКАТУРА: КАЦЯРЫНА МАРЦІНОВІЧ

Завінавачанасць беларускіх прадпрыемстваў дасягнула найвышэйшага пункту.

Эканоміку ў Беларусі давялі да таго, што ўсё часцей становіцца вядома аб збанкрутавалых прадпрыемствах, працаўніках, якія засталіся без заробкаў, або пра тых, каму выдалі заробленае — прадукцыяй.

Вось днямі ў СМІ звярнуліся рабочыя ПМК-51 у Гарадку Віцебскай вобласці, якія не атрымліваюць заробак з лістапада 2018 года. Будаўнікі вось ужо некалькі месяцаў выходзяць на працу, але іх сем'і грошай не бачаць. Адно з буйных будаўнічых прадпрыемстваў рэгіёну на мяжы закрыцця. На жаль, запазычанасць у заробках для Віцебскай вобласці ўжо стала хранічнай праблемай.

Пракаментаваць сітуацыю, якая склалася ў беларускіх рэгіёнах сайт Charter97.org папрасіў эканаміста Барыса Жалібу:

- Я чытаў пра гарадоцкіх будаўнікоў у сеціве. Сапраўды, навінамі пра шматмесячную затрымку заробку ўжо нікога не здзівіш. Гэта адбываецца пастаянна, асабліва ў рэгіёнах.

Хачу заўважыць, што ў абласцях процьма прадпрыемстваў знаходзіцца ў бядотным фінансавым стане. Яны не плацяць заробкі, бо ў іх няма даходу. Калі грошай стае для падтрымання вытворчасці, аплаты за пастаўкі матэрыялаў, то ўжо не стае на выплату заробку. Яшчэ варыянт, бралі грошы на заробкі з крэдыту, не вярнулі і цяпер банкі адмаўляюцца дапамагаць. Усё гэта кажа пра бядотны фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў. Многія з іх стратныя. Нават паводле афіцыйнай статыстыцы гэта блізу 20 адсоткаў.

Думаю, што яшчэ адна прычына - закрэдытаванасць прадпрыемстваў. Шмат хто ў пазыках і выплаты за крэдыты і пазыкі дасягаюць каласальных сум, забіраючы ільвіную дзель прыбытку.

Проста арыфметыка паказвае, што пры высокім узроўні запазычанасці проста можа не застацца даходу на тое, каб выплаціць зарокі. У выніку, іх затрымліваюць на многія месяцы. Сем'і сядзяць без капейкі.

Падкрэслю, гэта выразны паказчык стану эканомікі краіны. Яна уся ў пазыках, стан прадпрыемстваў дрэнны, многія з іх нізкарэнтабельныя.

Паўтаруся, затрымка заробкаў будаўнікам у Гарадку - не адзінкавы выпадак і, на жаль, не ўнікальны. Рэгіёны з гэтым сутыкаюцца цыклічна.

- На ваш погляд, да чаго гэта прывядзе ў выніку?

- Калі не рабіць захады, то сітуацыя зацягнецца на многія гады. Цяпер урад рознымі спосабамі спрабуе ўтрымаць на плаве буйныя дзяржпрадпрыемствы. Прымушае банкі крэдытаваць іх, нягледзячы на тое, што тыя не вярнулі папярэднія пазыкі. Нядаўна яшчэ стала вядома, што стратным дзяржпрадпрыемствам даравалі пазыкі, у тым ліку, і за валютныя крэдыты.

- За чый кошт гэта робіцца?

- Часткова за кошт банкаў, а ў асноўным за кошт бюджэту, гэта значыць усіх нас - падаткаплатнікаў. Такі стан эканомікі працягваецца перманентна.

- Як выйсці з гэтага пазыковага кола?

- Толькі адным шляхам, які вядомы і пра які нястомна кажуць экспэрты - радыкальная структурная рэформа кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Рэч у тым, што найбольш рухомая прафесійная група людзей у эканоміцы Беларусі - будаўнікі. Яны даўно ўжо з'язджаюць у Расею, а цяпер яшчэ і масава едуць у Польшчу і іншыя краіны ЕЗ.

Кажуць, што ў Гародні і вобласці зусім хутка на будоўлях ужо не будзе каму працаваць. У той жа Польшчы будаўнікам прапануецца заробак ад 4 тысяч злотых, што ў пераліку ў даляры - ад тысячы і вышэй. Натуральна, на такія ўмовы ў Беларусі будаўнікам разлічваць не даводзіцца і людзі, само сабой, з'язджаюць.

У будаўніцтве, як і ў астатніх галінах, справы ідуць, мякка кажучы, не вельмі. Паляпшэнняў чакаць не даводзіцца. Патрэбныя кардынальныя перамены. Трэба падымаць фінансавы стан беларускіх рэгіёнаў. Рабочыя таксама павінны сказаць сваё слова.

- У Беларусі пачасціліся выпадкі, калі заробак выдаюць прадукцыяй. Як гэта адлюстроўвае сітуацыю ў краіне і стаўленне да людзей?

- Калі казаць чыста эканамічна, то ў прадпрыемстваў няма збыту прадукцыі, няма грошай на рахунку, няма прыбытку і за кошт работнікаў яны выкручваюцца. У 90-ыя гэта было маштабнай з'явай, але гэтыя гады характэрныя развалам эканомікі ўсіх краін, якія ўваходзілі ў СССР. Здавалася, што нам трэба сысці ад гэтага назаўжды, але, як бачыце... На прадпрыемствах то там, то тут становіцца вядома пра такія з'явы.

Добра калі заробак выдаюць прадукцыяй, якую можна спажыць у ежу, а калі панчохамі або шкарпэткі, то, як той казаў, выходзь на вуліцу і гандлюй. Гэта слабае суцяшэнне для работнікаў. Проста абраза.

На прадпрыемствах трэба аналізаваць, чаму няма збыту, чаму прадукцыя не купляецца, а некаторыя тэхнолагі проста праседжваюць штаны. Першае правіла рынкавай эканомікі, як пішуць у падручніках маркетынгу: «Галоўнае не вырабіць, а прадаць».

Над гэтым трэба задумвацца.

- Кіраўнік Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач, якому датэлефанаваліся журналісты, каб даведацца ягонае меркаванне пра сітуацыю з заробкамі сказаў, каб яму не дурылі галаву і наогул не тэлефанавалі. Як вам такі адказ чыноўнікаў, які жыве за кошт падаткаплатнікаў?

- Гэта сведчыць пра невуцтва кіраўніка, але ж азначэнні "невуцтва" і "кіраўнік" - несумяшчальныя. Чыноўнік адмахнуўся ад журналістаў, бо нічога зразумелага сказаць ён проста не ў стане.

Ён ведае, пра што пытаюцца, што не ўсё ў парадку, але яму няма чаго сказаць. Такіх людзей проста нельга падпускаць да кіраўніцтва. Дабрабыт грамадзян краіны не павінен залежаць ад такіх людзей. Кіраўнікам трэба размаўляць з журналістамі, адказваць на непрыемныя пытанні. Адмахвацца - проста бескультур'е.

Сітуацыя ў Гарадку, дзе практычна няма працоўных месцаў, характэрная для ўсёй краіны. Напрыклад, возьмем нават больш вялікі горад Слуцк - там закрываецца адзін завод за адным. У тым жа Івянцы працавалі прадпрыемствы, але ўсё зачынілася і бітком набітыя маршруткі ездзяць на Менск.

Людзі выдаткоўваюць па 1,5 гадзіны толькі на дарогу, грошы на праезд, каб неяк пракарміць свае сем'і. Сітуацыя, сапраўды, крытычная. Яе трэба неадкладна выпраўляць.

Патрэбны рынак працы і абсалютна не той, што прапануе цэнтр занятасці. У нас мноства спецыялістаў, якіх выпускаюць вышэйшыя і сярэднія навучальны ўстановы, але яны не знаходзяць сабе вакансіі. Велізарныя дыспрапорцыі паміж спецыялістамі і рабочымі месцамі.

Урад ніяк не зразумее, што трэба падтрымліваць малы і сярэдні бізнэс. Пра гэта кажуць каторы год многія экспэрты. Менавіта бізнэс можа выправіць становішча ў эканоміцы. Калі ж чытаеш думкі прадстаўнікоў бізнэсу, то яны канстатуюць, што сітуацыя застаецца вельмі напружанай.

Усім ужо відавочна, што Беларусі перамены проста неабходныя. Так далей працягвацца не можа.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках