16 красавiка 2024, aўторак, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ва Украіне: Зяленскі прадаўжае ўзначальваць прэзідэнцкі рэйтынг

68
Выбары ва Украіне: Зяленскі прадаўжае ўзначальваць прэзідэнцкі рэйтынг
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ

Апытанне правяла сацыялагічная служба Цэнтра Разумкова.

Сацыёлагі заяўляюць, што сярод кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны на сёння лідарам з'яўляецца шоўмэн Уладзімір Зяленскі.

Пра гэта сведчаць вынікі агульнанацыянальнага даследавання, праведзенага сацыялагічнай службай Цэнтра Разумкова, піша unian.net.

«Сярод кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду лідаруе Зяленскі - сярод усіх рэспандэнтаў за яго збіраюцца прагаласаваць 17,5% (сярод тых, хто мае намер удзельнічаць у выбарах - 19%)», - гаворыцца ў размешчаных на сайце Цэнтра выніках даследавання.

Пры гэтым адзначаецца, што прыкладна роўныя шанцы выйсці ў другі тур выбараў маюць дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка (адпаведна 13,1% і 16,8%) і лідарка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка (адпаведна 11,5% і 13,8%).

Згодна з вынікамі апытання, за лідара «Грамадзянскай пазіцыі» Анатоля Грыцэнку маюць намер прагаласаваць 5,9% усіх рэспандэнтаў і 7,3% тых, хто прыйдзе на выбары; за сустаршыню партыі «Апазіцыйная платформа - За жицця» Юрыя Бойкі - 6,3% і 7,1%, адпаведна; за лідара Радыкальнай партыі Алега Ляшко - 4,3% і 4,8% адпаведна.

«Кожны з астатніх кандыдатаў набірае менш за 3%", - канстатуюць у Цэнтры Разумкова.

Акрамя таго, паводле вынікаў даследавання, у рэгіёнах за Зяленскага маюць намер галасаваць ад 13% апытаных на захадзе да 22% на поўдні, узровень падтрымкі Цімашэнкі - ад 8% на ўсходзе краіны да 15% - у цэнтры.

За Парашэнку часцей гатовыя аддаць свае галасы жыхары захаду (17%) і цэнтра (16%) краіны ў параўнанні з поўднем (6%) і усходам (8%), тады як Бойка, наадварот, у першую чаргу можа разлічваць на падтрымку жыхароў усходу (13%) і поўдня (10%) - у цэнтральным і заходнім рэгіёнах за яго гатовыя прагаласаваць толькі адпаведна 3% і 1% апытаных.

«У другім туры выбараў Зяленскі перамагае як Парашэнку (адпаведна 32,2% і 19,1% сярод усіх рэспандэнтаў), так і Цімашэнку (28,7% усіх апытаных гатовыя прагаласаваць за Зяленскага, 18,6% - за Цімашэнку). У выпадку ж выхаду ў другі тур Цімашэнкі і Парашэнкі абодва маюць роўныя шанцы на перамогу - розніца адсоткаў, якія атрымлівае кожны з гэтых кандыдатаў, статыстычна не значная (адпаведна 22,4% і 20,0%)», - адзначаюць экспэрты.

Агульнанацыянальнае даследаванне праведзенае сацыялагічнай службай Цэнтра Разумкова з 7 да 14 лютага ва ўсіх рэгіёнах Украіны за выключэннем Крыма і акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей. Апытана 2016 рэспандэнтаў ва ўзросце старэйшыя за 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасць выбаркі не перавышае 2,3%.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках