19 красавiка 2024, Пятніца, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Берасця з зямлі паднялі парэшткі ўжо 600 вязняў габрэйскага гета

У цэнтры Берасця з зямлі паднялі парэшткі ўжо 600 вязняў габрэйскага гета

Не выключаецца, што могуць быць знойдзеныя да тысячы чалавек.

20 лютага ў Берасцейскім гарвыканкаме прайшла сустрэча ў пытанні эксгумацыі і перапахавання ахвяраў габрэйскага гета, паведамляе «Вячэрні Брэст».

Нагадаем, парэшткі знайшлі ў межах цяперашніх вуліцаў Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекта Машэрава. Там пачала весці працы будаўнічая кампанія «Прыбужскі квартал».

Запрасілі кіраўнікоў габрэйскіх суполак Берасця, прадстаўнікоў інвестара. Паводле словаў старшага інспектара аддзела культуры гарвыканкама Алы Кандак, у цяперашні час паднятыя парэшткі шасцісот габрэяў, расстраляных падчас фашысцкай акупацыі. І пошукавы батальён прадаўжае працы. Не выключаецца, што могуць быць знойдзеныя да тысячы чалавек.

Кіраўнік іўдзейскай суполкі «Эмуна» Барыс Брук, рабін Берасцейскай іўдзейскай рэлігійнай суполкі «Хабад» Хаім Рабіновіч і іншыя адназначна выказаліся за перапахаванне парэшткаў. Гэта будуць Паўночныя могілкі.

Будаўніцтва «Прыбужскага квартала» ў месцы выяўлення чалавечых парэштак часоў Вялікай Айчыннай вайны прыпыненае. Далейшы лёс праекта пакуль няясны. Не выключана, што інвестдамова будзе цалкам скасаваная, а замест жылога комплексу на надзеле з'явіцца сквер.

Нагадаем, 15–16 кастрычніка 1942-га года з Берасцейскага гета вывезлі на Бронную гару 16 941 чалавека. «Усяго ж габрэяў, якія трапілі за калючы дрот у гета, было 28 тысячаў. Можна меркаваць, што акупанты адлоўлівалі і расстрэльвалі тых, хто здолеў схавацца на тэрыторыі гета, – апавядала раней Ала Кондак, старшы інспектар аддзела культуры гарвыканкама. – У другой частцы кнігі "Памяць" ёсць успаміны сясцёр Кац, якія ў 1942 годзе хаваліся на гарышчы будынка, размешчанага непадалёк. Яны сцвярджалі, што кожны дзень цягам аднаго месяца і пяці дзён сюды зганялі габрэяў. Людзей распраналі дагала і расстрэльвалі, штодня 70–80 чалавек. 20 лістапада сёстры Кац былі вымушаныя пакінуць сваё сховішча. Паліцаі абрабавалі іх, але не выдалі на расстрэл, яны здолелі ацалець. Паводле ўспамінаў сясцёр, усяго было не менш за шэсць траншаў, дзе хавалі забітых».

Афіцыйна мяркуецца, што з Берасцейскага гета ўратавалася 19 чалавек. Некаторыя з іх пакінулі свае ўспаміны, дзе падрабязна апісваецца, як яны хаваліся і што рабілі з тымі, каго атрымоўвалася знайсці.

У 50–60-я гады з гэтай тэрыторыі перапахавалі парэшткі на Трышынскіх могілках, а ў 70-я хавалі на «Плосцы». Паводле архіўных звестак, знойдзеныя 363 чалавечыя шкілеты, пахаваныя ў 60 трунах.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках