19 красавiка 2024, Пятніца, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акумулятарны завод пад Берасцем амаль дабудавалі

9
Акумулятарны завод пад Берасцем амаль дабудавалі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Запуск завода, нягледзячы на пратэсты берасцейцаў, вызначаны на сакавік.

Завод ТАА «АйПаўэр» плануе выпусціць першую спробную партыю акумулятараў у сакавіку сёлета, паведаміў tut.by галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубновіцкі падчас прэс-тура 20 лютага.

Узвядзенне завода «АйПаўэр» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» знаходзіцца на апошняй стадыі. Цяпер на прадпрыемстве заканчваюцца будаўніча-мантажныя працы.

– Першую партыю прадукцыі мы плануем атрымаць у сакавіку, – адзначыў Сяргей Дубновіцкі.

ФОТА: TUT.BY

Першым пускавым комплексам прадугледжаны выпуск 1 мільёна свінцова-кіслотных акумулятараў за год. Праектная магутнасць завода – 2 мільёны штук. Рэалізацыяй берасцейскіх акумулятараў будзе займацца кампанія Белінвестгандаль. Прадукцыя будзе пастаўляцца ў Беларусь, краіны СНД, ЕЗ, Азію і Афрыку.

– У будучыні мы плануем мець прамыя кантракты з аўтавытворцамі, плануем атрымаць сертыфікаты на ўсе ISO, якія нам неабходныя для таго, каб адчынілі свае дзверы такія канцэрны, як Volkswagen, Ford, Renault. Мы прыкладзем усе намаганні, каб патрапіць туды, – апавёў Сяргей Дубновіцкі.

ФОТА: TUT.BY

Першым пускавым комплексам прадугледжанае працаўладкаванне 138 чалавек. надалей гэты лік павялічыцца да 188. Пакуль набрана блізу 40 супрацоўнікаў. Што тычыцца заробку, Сяргей Дубновіцкі паведаміў, што ў сярэднім людзі будуць атрымліваць блізу 1000 рублёў.

Сяргей Дубновіцкі паведаміў, што ўсё ўсталяванае на прадпрыемстве абсталяванне 2018 года. Геаграфія вытворцаў шырокая: Кітай, Паўднёвая Карэя, Данія, Гішпанія, ЗША, Італія. Ён таксама дадаў, што на заводзе ўсталяваная высокатэхналагічная сістэма чысткі:

– Мы ўсталявалі газаачышчальныя ўстаноўкі, на гэты момант самыя сучасныя двух- і трохступеневыя сістэмы ачысткі паветра. Вада, якая датыкаецца да свінцу, не трапляе за тэрыторыю прадпрыемства. Мы з яе вырабляем дэмінералізаваную ваду, якая ўдзельнічае ў вытворчасці электраліту, сістэме ахалоджвання, будзе выкарыстоўвацца на адрэзку даспявання, падрыхтоўкі пасты і на іншых тэхналагічных аперацыях.

ФОТА: TUT.BY

Маніторынг сцёкавых водаў будуць праводзіць пастаўшчык, а таксама акрэдытаваная вытворчая лабараторыя. Хто будзе займацца ацэнкай уздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе, пакуль не вызначана, паведаміў мэнэджар у карпаратыўным кіраванні аховай навакольнага асяроддзя 1AK-Group Аляксандр Юнкевіч. Разглядаецца некалькі варыянтаў: сістэма санітарнага нагляду Міністэрства аховы здароўя, тэрытарыяльныя органы аналітычнага кантролю Мінпрыроды і рэспубліканская арганізацыя, якая спецыялізуецца на сістэмах аспірацыі і газаачысткі. Таксама прапрацоўваецца пытанне арганізацыі грамадскага кантролю:

– Прадпрыемства гатовае на канструктыўнае супрацоўніцтва для выдачы інфармацыі грамадскасці пра ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, толькі ў тым выпадку, калі супрацоўніцтва будзе канструктыўным, без тролінгу і гэтак далей. Мы разглядаем, якім чынам падаваць людзям інфармацыю пра вынікі маніторынгу. Але грамадскі кантроль у выглядзе інспекцыйных паездак на прадпрыемстве наўрад ці будзе арганізаваны, – апавёў Аляксандр Юнкевіч.

Акрамя прадстаўнікоў СМІ на прэс-тур 20 лютага спрабавалі трапіць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, каб задаць прадстаўнікам кампаніі свае пытанні. Аднак іх не пусцілі. На пытанне журналіста, чаму актывістам не дазволілі прысутнічаць на мерапрыемстве, у ТАА «АйПаўэр» паведамілі, што «фармат не прадугледжваў удзелу мясцовых жыхароў».

Нагадаем, пратэсты, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Берасцем, прадаўжаюцца больш за год. Жыхары Берасця і некалькіх вёсак Берасцейскага раёна мяркуюць, што прадпрыемства пагражае іхняму здароўю. З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, якія гутараць і абменьваюцца апошнімі навінамі пра будаўніцтва прадпрыемства.

ФОТА: TUT.BY

29 красавіка на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг «берасцейкі супраць свінцу», на які сабралася блізу дзвюх тысячаў чалавек. З тых часоў неаднаразовыя спробы праціўнікаў будаўніцтва завода атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу поспеху не мелі – гарадскія ўлады не давалі дазвол, матывуючы гэта тым, што ў абвешчаныя даты запланаваныя іншыя мерапрыемствы.

Раней актывісты спрабавалі ініцыяваць правядзенне мясцовага рэферэндуму, на які хацелі вынесці пытанне будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. На думку ўладаў, парадак утварэння ініцыятыўнай групы быў выкананы, але пытанне, якое было прапанаванае вынесці на рэферэндум, не адпавядала патрабаванням заканадаўства.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках