24 красавiка 2024, Серада, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародныя праваабаронцы: Заклікаем тэрмінова ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі

2
Міжнародныя праваабаронцы: Заклікаем тэрмінова ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі

Абсерваторыя абароны праваабаронцаў выступіла з заявай у абарону аштрафаваных берасцейцаў.

Абсерваторыя абароны праваабаронцаў, створаная ў партнёрстве FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), заклікае тэрмінова ўмяшацца ў наступную сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніц аб судовым пераследзе Уладзіміра Вялічкіна, абаронцы экалагічных правоў і сябра Праваабарончага цэнтра "Вясна", і адвольныя арышты Віталя Казака і Аляксандра Кабанава, двух актывістаў экалагічнага руху, у кантэксце рэпрэсій экалагічнага пратэстнага руху супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці.

Паводле атрыманай інфармацыі, 16 лютага 2019 года Уладзімір Вялічкін, з'явіўшыся на выклік у міліцыю, быў затрыманы ў Ленінскім РАУС г. Берасця. Пасля затрымання ён правёў два дні ў ізалятары часовага ўтрымання. 18 лютага ён паўстаў перад судом Ленінскага раёна г. Берасця. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле артыкула 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу сумай 382,5 беларускіх рублёў.

Абвінавачванні тычыліся мітынгу, арганізаванага на знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці, які адбыўся 30 снежня 2018 года; у ім узялі ўдзел блізу 170 чалавек. Гэта быў 45-ы мітынг пратэстаў супраць завода, якія праходзяць на плошчы Леніна ў Берасці кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

30 снежня 2018 года Уладзімір Вялічкін, які ўдзельнічаў у гэтым, а таксама ў шматлікіх папярэдніх мітынгах супраць акумулятарнага завода, даў кароткае інтэрв'ю блогеру Сяргею Пятрухіну. Суд разважыў, што інтэрв'ю мела "негатыўныя выказванні ў дачыненні да ўлады і прыцягнула ўвагу грамадзян", што і паслужыла падставай для яго затрымання і наступнага абвінавачвання.

Абсерваторыя баіцца, што Уладзіміра Вялічкіна асудзілі з мэтай перашкодзіць яго праваабарончай дзейнасці і, у больш шырокім сэнсе, перашкодзіць дзейнасці берасцейскага экалагічнага руху.

Актывіст Віталь Казак быў арыштаваны і змешчаны ў той жа ізалятар часовага ўтрымання, што і Уладзімір Вялічкін, 16 лютага 2019 года. Яго абвінавацілі ў "арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ва неўсталяваным месцы з удзелам грамадзяніна замежнай дзяржавы" (арт. 3.34 КоАП РБ). Суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў штраф сумай 1020 беларускіх рублёў.

Раніцай 17 лютага 2019 года ў г. Бяроза быў затрыманы яшчэ адзін актывіст і блогер Аляксандр Кабанаў. У момант арышту ён знаходзіўся на чыгуначным вакзале г.Бярозы, збіраючыся выехаць у Берасце, каб, як звычайна, далучыцца да нядзельнай акцыі. Абсерваторыя мяркуе, што ягоны арышт быў спробай перашкодзіць яму ўзяць удзел у сходзе. Аляксандр Кабанаў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што яго затрымалі за ўдзел у мітынгу ў Берасці 10 лютага 2019 года. Ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі г. Бяроза і адпушчаны пасля дачы тлумачэнняў пра падзеі 10 лютага 2019 года.

Абсерваторыя нагадвае, што за ўдзел у акцыях пратэсту супраць акумулятарнага завода ў Берасці зазналі пераслед і іншыя праваабаронцы, Раман Кісляк. Такія дзеянні паказваюць на тое, што беларускае заканадаўства абмяжоўвае права на мірныя сходы шляхам неапраўданых забарон грамадзянам праводзіць мірныя сходы без санкцыі мясцовых уладаў. У Беларусі ўлады рэгулярна адхіляюць заявы на правядзенне мірных сходаў, звязаных з рэалізацыяй практычна ўсіх правоў чалавека ці іншымі сацыяльнымі праблемамі, не падаючы адэкватнага абгрунтавання альбо спасылаючыся на закон, які абавязвае арганізатараў аплаціць прысутнасць спецыялістаў першай медыцынскай дапамогі падчас правядзення мерапрыемства, а затым прыбраць месца масавага мерапрыемства ад смецця.

Абсерваторыя асуджае адвольныя арышты і судовы пераслед Уладзіміра Вялічкіна, бо, мяркуючы з усяго, ён накіраваны на тое, каб пакараць яго за законнае і мірнае ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыі і сходаў.

Абсерваторыя заклікае пісаць звароты да беларускіх уладаў, патрабуючы:

Спыніць усялякі пераслед, у тым ліку судовы, Уладзіміра Вялічкіна, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

Забяспечыць фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Уладзіміра Вялічкіна і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

Выконваць усе свае міжнародныя абавязанні аб выкананні правоў грамадзян на свабоду асацыяцыі і сходаў, замацаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, яго артыкуламі 21 і 22;

Выконваць пункты Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, артыкулы 1, 2, 5 і 12.2 дэкларацыі;

Пры ўсялякіх абставінах забяспечваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках