17 чэрвеня 2019, панядзелак, 10:51
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Віцебскім універсітэце арганізавалі святкаванне Дня роднай мовы - расейскай

33
ФОТА З АДКРЫТАЙ КРЫНІЦЫ

Чаму ў Дзень роднай мовы ўсе мерапрыемствы прысвечаныя расейскай мове, ва ўніверсітэце растлумачыць не змаглі.

Сайт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава інфармуе пра мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы. У раздзеле «Тыдзень роднай мовы паведамляецца» графік падзей, сярод якіх конкурс «Мая родная мова - расейская».

Графік падзей выглядае наступным чынам, піша nn.by.

8 лютага - падвядзенне вынікаў адкрытага абласнога конкурсу «Мая родная мова - расейская».

19 лютага - [...] замежныя студэнты чытаюць творы расейскіх аўтараў.

22 лютага - круглы стол пра праблемы выкладання расейскай мовы як роднай, няроднай і замежнай.

Цікава, што сайт фонду «Расейскі свет» побач з навіной пра «Год расейскай мовы ў ДНР» рапартуе і пра аналагічныя мерапрыемствы ў Віцебску.

«У ВДУ імя Машэрава стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы «Твой свет - навек мая мясціна». Праект рэалізоўваецца Віцебскім культурна-асветніцкім моладзевым таварыствам «Продвижение» пры падтрымцы фонду «Расейскі свет», - гаворыцца на сайце ВНУ.

Фонд «Расейскі свет» - гэта расейская арганізацыя, якая выдае грашовыя гранты на прасоўванне расейскай парадку дня. Пад культурнай абгорткай знаходзіцца палітычны змест - у савеце фонду кіраўнікі «Рассупрацоўніцтва», расейскія палітыкі і прапагандысты.

Як сітуацыю тлумачаць ва ўніверсітэце? Пакуль ніяк. 21 лютага рэктар і прарэктары знаходзяцца на атэстацыі.

Адказаць на пытанні «Нашай Нівы» паспрабавала адна з намесніцаў дэкана філалагічнага факультэта з просьбай не называць яе імя.

«У мяне родная мова - беларуская. У нашым універсітэце розныя мовы гучаць, ёсць нават студэнты з Шры-Ланкі. А канферэнцыю арганізуе кафедра сусветных моў», - сказала яна.

Тое, чаму ў Дзень роднай мовы ўсе мерапрыемствы прысвечаны расейскай мове, жанчына растлумачыць не змагла.

«Усё ўзгоднена. Гэта мая родная мова - расейская», - сказала яна аб абласным конкурсе.

У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што такія пытанні таксама не да іх, а да, уласна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму ў гэтым універсітэце рэалізуе праекты фонд «Расейскі свет», у міністэрстве таксама не ведаюць.

Таксама варта адзначыць, што да Дня роднай мовы беларускую мову не зусім забылі: ва ўніверсітэце быў конкурс «Мова гучыць. Challenge», у рамках якога прапаноўвалася запісаць і выкласці ў «Інстаграм» пад такім тэгам відэа з зачытвання беларускамоўнага верша.

Вядома, прызы за гэты конкурс выдае не фонд «Расейскі свет», і нават не ўніверсітэт, а БРСМ.