23 красавiка 2024, aўторак, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Берасця патрабуюць забараніць будоўлю на месцы габрэйскага гета

20
Жыхары Берасця патрабуюць забараніць будоўлю на месцы габрэйскага гета
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Эксперты бачаць корань праблемы ў засакрэчанасці ў Беларусі архіўных матэрыялаў пра ахвяраў рэпрэсій.

У пачатку 2019 года падчас будаўніцтва жылога комплексу ў цэнтры Берасця былі знойдзеныя шматлікія парэшткі вязняў яўрэйскага гета часоў нацысцкай акупацыі. У адзін з студзеньскіх дзён экскаватар падняў на паверхню першыя фрагменты парэшткаў, піша dw.com.

БУДАЎНІЧЫ КАТЛАВАН НА МЕСЦЫ ЯЎРЭЙСКАГА ГЕТА, БЕРАСЦЕ
ФОТА: DW

Катлаван на месцы расстрэльнай ямы

Як паведамілі ў Берасцейскім гарвыканкаме, адразу пасля выяўлення парэшткаў будаўнічыя працы на аб'екце былі прыпыненыя. Для правядзення раскопак на запыт уладаў у горад прыбылі спецыялісты 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны РБ. Паводле высновы экспертаў, даўнасць пахавання складае больш за 50 гадоў. З кожным днём колькасць выяўленых парэшткаў павялічваецца. Паводле апошніх звестак, гаворка можа ісці ўжо пра 600 чалавеках, аднак гэты лік далёка не канчатковы.

Паводле словаў старшага інспектара аддзела культуры Берасцейскага гарвыканкама Алы Кандак, у перыяд нацысцкай акупацыі на гэтай тэрыторыі ў цэнтры горада размяшчалася гета. Характар знойдзеных сёлета парэшткаў – з кулявымі адтулінамі ў чарапах – з вялікай дзеллю верагоднасці сведчыць, што ў выкапаным пад будаўніцтва катлаване знаходзілася расстрэльная яма.

ІРЫНА ЛАЎРОЎСКАЯ
ФОТА: DW

Да беларускіх архіваў доступу няма?

Знойдзеныя ў Берасці парэшткі зноў нагадалі пра актуальную для Беларусі праблему доступу да інфармацыі пра месцы масавых пахаванняў. У Берасцейскім гарвыканкаме пацвердзілі, што ў квартале, дзе ў гады вайны размяшчалася гета, неаднаразова знаходзілі чалавечыя парэшткі, якія пасля былі перапахаваныя ў брацкія магілы.

Тое самае плануецца зрабіць і цяпер, пасля заканчэння ўсіх пошукавых працаў. Разам з тым улады горада запэўніваюць, што не маюць інфармацыі з нагоды новых месцаў расстрэлаў, паколькі пра іх няма згадак у архівах.

Аднак з гэтай версіяй не згодная мастацтвазнаўца і спецыялістка ў галіне архітэктуры Ірына Лаўроўская. "Падрабязную мапу такіх месцаў з указаннем пахаванняў мясцовыя краязнаўцы апублікавалі яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, але ўлады выбралі шлях замоўчвання інфармацыі, тлумачачы гэта занепакоенасцю, каб пахаванні не прывабілі чорных капальнікаў і марадзёраў", – апавяла DW Лаўроўская. Паводле ейных здагадак, сабраныя звесткі пра злачынствы нацысцкіх акупантаў у перыяд вайны захоўваюцца ў архівах беларускага КДБ, але яны да гэтага часу недаступныя для даследчыкаў.

ПАМЯТНЫ ЗНАК ГАБРЭЯМ, ЗАБІТЫМ У ГАДЫ ВАЙНЫ НАЦЫСТАМІ Ў БЕРАСЦІ
ФОТА: DW

Пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі прынята маўчаць

Як адзначае гісторык Ігар Мельнікаў, у Менску і іншых рэгіёнах Беларусі нярэдка выяўляюць пахаванні, у тым ліку і габрэйскія, пра якія раней нічога не было вядома. Што ж тычыцца архіўных дакументаў часоў акупацыі, то іх асабліва не хаваюць. Пра гэта можна меркаваць з нядаўна адкрытага мемарыялу на месцы лагера смерці ў вёсцы Трасцянец у наваколлі Менска і выдання новага зборніка, прысвечанага трагедыі Хатыні. "Значна больш праблемаў узнікае з дакументамі, звязанымі з перыядам сталінскіх рэпрэсій: тут сапраўды шмат што засакрэчана, і атрымаць да іх доступ практычна немагчыма", – адзначае Мельнікаў.

Нават усталяванне памятных знакаў у месцах, дзе спачываюць ахвяры тэрору 30-х гадоў мінулага стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, часам ператвараецца ў сур'ёзную праблему. Да прыкладу, на Кабыляцкай гары каля горада Орша яшчэ ў 1982 годзе былі знойдзеныя парэшткі людзей з кулявымі адтулінамі ў патыліцах. Камісія з ліку прадстаўнікоў сілавых структураў і пракуратуры тады афіцыйна прызнала, што гаворка ідзе пра расстрэлы, якія чынілі супрацоўнікі НКУС.

У пачатку 1990-х гадоў пастановай Аршанскага райвыканкама знойдзеныя парэшткі перапахавалі, але надалей стаўленне мясцовых уладаў да гэтай тэмы моцна змянілася. Цяпер актывісты грамадскай ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" дамагаюцца ўсталявання памятнага знака, прычым гатовы самастойна знайсці грошы на ягоны выраб. У адказ улады запатрабавалі дакументальнае пацвярджэнне таго, што расстрэлы рабіліся менавіта на гэтым месцы.

Мемарыял вязням гета як альтэрнатыва будоўлі

Што тычыцца сітуацыі ў Берасці, то інфармацыя пра масавыя пахаванні ў цэнтры горада выклікала бурную дыскусію сярод мясцовых жыхароў. У інтэрнэце распачаты збор подпісаў пад электроннай петыцыяй, у якой утрымліваецца заклік забараніць будаўніцтва ў месцах масавых расстрэлаў вязняў гета. Аўтары петыцыі заклікаюць "не дапусціць чарговага акта вандалізму і непавагі да ахвяраў генацыду".

Праціўнікі будаўніцтва жылля ў гэтым раёне Берасця ў якасці варыянту разглядаюць магчымасць уладкавання мемарыяльнага парку або скверу, а таксама стварэння тут помніка і музея ахвярам нацызму з ліку мясцовых жыхароў. Зварот з нагоды перспектываў гэтай тэрыторыі плануецца накіраваць не толькі беларускім уладам, але і ў Нямеччыну.

"Ёсць ідэя звярнуцца да дэпутатаў бундэстага ФРГ з просьбай прафінансаваць узвядзенне такога мемарыяльнага комплексу ў Берасці", – паведаміў грамадскі актывіст Віталь Казак. Паводле ягоных словаў, мясцовыя ўлады павінны пайсці на карэктаванне сваіх планаў, і гэта будзе з разуменнем сустрэта грамадскасцю.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках