19 красавiка 2024, Пятніца, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зачыняюць пошту нашым людзям бедным – апошняе, што ёсць»

6
«Зачыняюць пошту нашым людзям бедным – апошняе, што ёсць»
ФОТА З АДКРЫТАЙ КРЫНІЦЫ

Пошта ў беларускай вёсцы – не толькі месца атрымання газетаў і пісьмовай карэспандэнцыі.

Гэта яшчэ крама і так званы цэнтр банкаўскіх паслуг: тут вяскоўцы набываюць прадукты, атрымліваюць пенсіі, робяць камунальныя плацяжы. Але ў пасёлку Вострава Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці мясцовыя ўлады пастанавілі яе зачыніць.

Вяскоўцы сабралі больш за сотню подпісаў да раённай адміністрацыі, пратэстуючы супраць закрыцця пошты. На барацьбу іх натхняе ўдалы досвед: нядаўна супольнымі намаганнямі яны не дазволілі зачыніць лазню, паведамляе «Белсат».

«Зачыняюць пошту – нашым гэтым людзям бедным... нікуды. Школу зачынілі, садок зачынілі – апошняе, што ёсць. Нічога не застаецца – толькі паміраць», – кажуць мясцовыя жыхары.

«Патрэбная пошта: камунальныя трэба плаціць, газету трэба выпісаць, нешта набыць. Хай тады і ФАП, і клуб, і краму зачыняюць. Чаму яны сабе не пазачынялі нічога? У іх усе ўмовы, а ў нас забіраюць апошняе. Як нам жыць далей? Няма ніякага жыцця», – скардзяцца людзі.

«І так заробку няма, трэба апошнія аддаваць, каб даехаць некуды. А каб даехаць яшчэ трэба час – значыць трэба не ісці на працу», – абураюцца жыхары Вострава.

Ужо некалькі гадоў тут зачыненыя школа і дзіцячы сад, а з пачатку года перастала працаваць ферма і механізатарская майстэрня. Уся праца і адукацыя цяпер – за шэсць кіламетраў, у вёсцы Мяжэвічы.

«У вёсцы ў нас усё пазачынялі: і ферму, і ўсё – толькі ў Мяжэвічах. У нас і ферма, і майстэрні былі – усё зачынена, нічога няма, хоць тут называецца аграгарадок».

«Вось, калі ласка, два садкі, школа – усё пазачынялі. І вось стаіць будынак – усё ім, яны ўжо непрыдатныя ні да чаго. А чаму, каб на месцы не былі і садок, і школа? Цяпер пошту зачыняць, ФАП зачыняць, усе зачыняць – нічога не будзе. Дык гэта ж ненармальна!» – кажуць жыхары Вострава.

Тым часам у Востраве застаюцца больш за дзве сотні жыхароў. Пенсіянераў – блізу 90, моладзі – усё менш. Затрымлівацца тут мала хто хоча.

«У мяне за спінай школа, дзе было шмат дзяцей, працоўныя месцы настаўнікам былі. А цяпер душа баліць за нашу вёску, бо людзі з'язджаюць сем'ямі, бо няма дзе працаваць, а заробкі нізкія – дзвесце рублёў – і з'язджаюць, пакідаюць такія добрыя дамы», – кажа сацыяльная працаўніца і мясцовая жыхарка Данута Яўхута.

Безгаспадарчасць – так характарызуюць становішча ў Востраве мясцовыя актывісты.

«Працоўных месцаў няма. Улада не клапоціцца пра стварэнне працоўных месцаў. Проста людзі кінутыя на выжыванне: як хочаце, так і выжывайце. Пры гэтым іх яшчэ і пазбаўляюць магчымасці заплаціць дзяржаве нават тыя ж камунальныя паслугі», – абураецца сябра незалежнага прафзвязу РЭП Міхаіл Сошка.

У адказ на абурэнне жыхароў са Слоніма абяцаюць накіраваць у вёску перасоўную пошту-аўталаўку. Але вяскоўцы паабяцалі да яе нават не падыходзіць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках