24 красавiка 2024, Серада, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра якую працу мараць беларусы?

2
Пра якую працу мараць беларусы?

Праца і грошы патрэбныя нашым суайчыннікам для выжывання.

Якія праблемы найбольш хвалююць беларусаў і на чыіх плячах, на іх думку, ляжыць адказнасць за іх дабрабыт, паказала даследаванне «Эканамічныя каштоўнасці насельніцтва Беларусі ў 2018 годзе», піша «Завтра твоей страны».

Галоўныя праблемы - эканамічныя

Эканамічныя праблемы ў жыцці беларусаў перавышаюць па значэнні ўсе астатнія.

- Знаходжанне эканамічных праблем у топе кажа пра тое, што амаль для паловы насельніцтва яны - найбольш балючыя і прыкметныя. Першая праблема - рост коштаў - натуральна, прыкладная. Але беспрацоўе, нізкі ўзровень даходаў, высокія кошты жыллёва-камунальных паслуг - гэта тычыцца многіх і выклікае ў людзей істотныя асцярогі, - тлумачыць аўтарка даследавання сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар'я Урбан.

Агулам эканамічныя праблемы больш актуальныя, чым алкагалізм, наркаманія, якасць адукацыі, злачыннасць.

Найбольш актуальныя сусветныя праблемы, на думку рэспандэнтаў, - беднасць, дрэннае здароўе насельніцтва, забруджванне навакольнага асяроддзя, вялікі разрыў паміж багатымі і беднымі і эканамічны крызіс.

Праца і грошы патрэбныя для выжывання

Грошы ў беларусаў у асноўным асацыююцца з працай, заробкам і магчымасцямі. Пры гэтым з грашыма асацыююць даляры і еўры і нашмат менш беларускія рублі.

- Шмат хто кажа, што грошы - гэта магчымасці. Але адначасова шмат і тых, хто адзначае, што гэта сродак выжывання і што грошай бракуе. І гэта сведчыць пра тое, у якім стане знаходзяцца даходы беларусаў, - распавядае Дар'я Урбан.

Прыкладна для паловы насельніцтва галоўная прычына працаваць - матэрыяльнае забеспячэнне. На другім месцы неабходнасць утрымліваць сям'ю, а на трэцім - пазіцыя, што працаваць павінны ўсе. Больш за ўсё беларусы хацелі б памяняць у сваёй працы яе аплату. Менш за ўсё - атрымаць больш адказнасці і магчымасці праяўляць ініцыятыву.

Найбольш актыўнай пазіцыяй што да працы валодаюць людзі ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Чым старэйшыя рэспандэнты, тым больш сярод іх людзей з нізкай матывацыяй. Больш за ўсё людзей, якія аддаюць перавагу грашовай, але пры гэтым не напружанай працы сярод узроставай групы ад 30 да 44 гадоў. Гарантыі і зручнасць важнейшыя за ўсё для старэйшага пакалення.

Сярод тых, хто займаецца фізічнай працай, асноўная матывацыя працаваць - патрэба ў грошах (49,3%), неабходнасць утрымліваць сям'ю (25,2%) і таму, што ўсе павінны працаваць (17%). Сярод тых, хто займаецца разумовай працай, прыярытэты трохі адрозніваюцца. На першым месцы стаіць грашовая матывацыя (44,7%), на другім тое, што ўсе павінны працаваць (18,7%), на трэцім - неабходнасць утрымліваць сям'ю (16%). Пры гэтым тыя, хто займаецца ў асноўным разумовай працай, часцей хацелі б займацца чымсьці цікавым (9,2% супраць 2,7%).

Мець свой бізнэс хацелі б 42,2% насельніцтва, не хочуць - 54,1%, а 3,6% ужо маюць сваю справу. Прычым жаданне адкрыць бізнэс аднолькавае ў мужчын і жанчын, але сапраўднымі ўладальнікамі бізнэсу з'яўляюцца 5,9% мужчын і 1,8% жанчын.

Апытанне паказала, што грамадства дзеліцца на дзве групы. Першая (49,3% рэспандэнтаў) мяркуе, што для дасягнення багацця патрэбныя сувязі, багатыя бацькі, прадпрымальнасць і шанцаванне. Другая (50,7%) - называе важнымі працавітасць, розум, адукацыю і прадпрымальнасць. І ў гэтых групах няма асаблівых адрозненняў па полу, узросту ці месцы жыхарства.

Працавітасць як сродак атрымання багацця рэспандэнты ацанілі вышэй, чым у 2006 годзе. Шанцаванне ацэньваецца вышэй, чым адукацыя. Але ўсё ж больш за палову насельніцтва за важныя для атрымання багацця ўважаюць патрэбныя сувязі. Агулам вонкавыя фактары атрымання багацця (патрэбныя сувязі, шанцаванне, багатыя бацькі) уважаюцца за неабходныя сярод больш чым чвэрці насельніцтва.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках