28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Шалкевіч: У маіх бацькоў Бог быў заўжды побач

1
Віктар Шалкевіч: У маіх бацькоў Бог быў заўжды побач
ФОто: catholic.by

Знакаміты бард распавёў пра духоўныя падмуркі сваёй творчасці.

Бард і акцёр Віктар Шалкевіч, які 9 лютага адзначыў свой 60-гадовы юбілей, даў інтэрв’ю парталу Catholic.by.

— «Орля»: адкуль узялася гэтая песня ў песні?

— Аднойчы, пасля чарговага фестывалю бардаўскай песні ў Бельску-Падляскім, я начаваў у Юркі Ляшчынскага — вашага калегі, — а Юрка паходзіць з Орлі (вёска такая).

Я хадзіў увечары па гэтай Орлі, быў восеньскі дзень акурат перад Усімі Святымі, і раптам, як быццам Хтосьці надыктоўваў, мне ў галаву прыйшло вось гэта (спявае): «Маці кашулю вышывала…»

Проста само ўзяло і ўсплыло, і з гэтага ўсё пачалося. Нейкі згустак энергіі, які мне перадаўся невядома адкуль. Так, так… І я потым вельмі хутка напісаў песню. Яна сапраўды доўгая, трэба разбірацца ў тэксце: усё там перамяшалася, «усё разам пераістоцілася ў словы і ноты». Не кожны пра гэтую песню ўспамінае, а гэта адна з маіх любімых песень, таму я яе нячаста спяваю.

— «Бацька стары крыжом благаславіў». Хто «благаславіў» дарам веры Віктара Шалкевіча: бацька, маці?..

— Ведаеце, усе. Поразава было вельмі пабожным мястэчкам. Не ў тым сэнсе, што былі ўсе нейкія «забабонныя», білі галовамі аб падлогу і «кляпалі» пацеры.

Людзі не проста верылі, але яшчэ і жылі па законах веры.

У нас мала было злодзеяў: мясцовыя не кралі. У нас людзі святы «свяцілі», пасціліся перад Калядамі і Вялікаднем (каб вы ведалі, як гэты пост збрыдаў! — «Бывай, стары абрыдлы пост…»). Да споведзі трэба было ехаць нашча, далёка: цэлы дзень не есці; толькі ўжо пасля Імшы мама нейкую там курыцу выцягне, дасць пад касцёлам.

У многіх месцах касцёлы ператвараліся ў гаражы, склады; угнаенні нават у іх захоўвалі, а вось чамусьці паразаўцы не далі і трымалі свой касцёл, хоць святара не было, таксама як фарны касцёл у Гародні. Гэта сапраўды нейкае благаслаўленне было. Адсюль і вера.

— Дык што ў нас цяпер не так з выхаваннем?

— Калі я хаджу па вуліцы, калі бачу, як многа цяпер стала дзяўчат, якія кураць, якія матам лаюцца, п’юць піва, я разумею, што цяпер выхаваннем у грамадстве ніхто не займаецца. Чаму б дзяржаве не супрацоўнічаць у гэтай справе з Касцёлам? А то атрымліваецца, што «і сам не гам, і другому не дам». У перадваеннай Польшчы, напрыклад, дзяржава мела манаполію на гандаль гарэлкай, але пры касцёлах існавалі брацтвы цвярозасці.

Або праблема Курапатаў: няўжо не могуць сабрацца арцыбіскуп Кандрусевіч і Мітрапаліт Павел і вырашыць у рэшце рэшт: гэта ж магілы!

Колькі ўжо можна там ламаць гэтыя лавы, пілаваць крыжы?! Так нельга. Гэта тыя справы, у якіх Касцёл і Царква, пратэстанты таксама — усе людзі, якія вераць у Хрыста, — павінны сказаць сваё важкае слова.

Трэба пазбягаць гэтай падвойнай маралі, калі чалавек дома ў Бога верыць, а на працы — не. Чамусьці ў некаторых вера праяўляецца толькі тады, калі самалёт пачынае трэсці ў паветры: тады ўсе пачынаюць жагнацца і прасіць Бога. Замала канкрэтных хрысціянскіх спраў. Калі б Касцёлу і Царкве далі магчымасць дзейнічаць, то ў грамадстве, я думаю, палепшала б.

— Калі ў жыцці найбольш адчувалася блізкасць Бога?

— Ды мне здаецца, Ён заўсёды са мной. Сапраўды… Ёсць штосьці такое, чаго словамі не перакажаш: я не магу гэтага апісаць… Ёсць у мяне пару такіх песень: пра нябожчыкаў, якія «па зямлі сумуюць»; пра святых, якія ідуць уздоўж берага Росі; пра нашага вясковага беднага Бога, які тут дзесьці ходзіць, таму што Ён заўсёды неяк прысутнічаў у жыцці. Гэта не нейкія там байкі, а сапраўднае адчуванне блізкасці Бога.

Мама яшчэ мая казала, што, калі дождж з маланкамі, з перунамі, дык трэба хавацца пад гарэшнікам. «Мамо, кажу, чаму?» — А мама кажа: «Бо Матка Боска, як ішла з малым Езусам, калі дождж пайшоў, Яна пад гарэшнікам схавалася». Разумееце?

Бог — Ён побач. І ў маіх бацькоў Ён быў заўжды побач.

Сядзіць, бывала, бацька ці мама каля печы, мае вольную хвіліну — трымае ў руках ружанец і пачынае маліцца. Мама яшчэ і песні спявала…

І я часта малюся. Гэта не проста такая звычка: я веру, што той самы «Анёл Панскі» яднае мяне з тымі, каго я ведаў, каго цяпер са мной няма, але яны праз гэта таксама са мною нейкую сувязь падтрымоўваюць. Я веру, што гэта дапамагае. Я не люблю пра гэта гаварыць, але гэта ў крыві.

— Узімку 1991 года я пазнаёміўся з «ББББ — бацькам бруднага беларускага блюза» Віктарам Шалкевічам. Наколькі гэта актуальна цяпер?

— Так, такое мне прыйшло калісьці ў галаву (усміхаецца). А адна мая прыяцелька сказала, што была такая самая абрэвіятура — чатыры «Б», — якая азначала: «Біч Божы б’е бесаў». Адно «ББББ» сышлося на другое «ББББ». Такія справы…

З гадамі, канечне, адбываецца пэўная эвалюцыя, і ёсць тэмы, да якіх не варта вяртацца, бо ўсё ўжо сказана пра гэта, і няма сэнсу паўтарацца. Цяпер я маю пару недапісаных песень. Ёсць жаданне скласці іх у альбом.

Гэта песня пра самотную бярозку, якая адгаворвае Ружанец пры каплічцы; пра тое, як хадзіла Маці Божая па нашай зямлі, «і сонца з неба Ёй сляпіла вочы». Гэта будзе нейкае такое духоўнае прыбежышча для мяне.

Я адчуваю, што хутка мне прыйдзецца даваць справаздачу, і паколькі я каталік і хрышчоны, то хачу яшчэ такі альбом запісаць.

І думаю, што я яго запішу.

— «Яна — праваслаўная, я — каталік». Што натхняе ў іншых хрысціянскіх традыцыях?

— Аднойчы я цалкам выпадкова зайшоў у поразаўскую царкву (бо ў царкву ніколі ў жыцці не хадзіў). Там сапраўды многа уніяцкіх абразоў захавалася, як бы за гэтым не пільнавалі. Там таксама ёсць цудоўны абраз Маці Божай Навадворскай: у Новым Двары калісьці была парафія уніяцкая. Я быў здзіўлены, наколькі прыгожа простыя жанчыны спяваюць у царкве на галасы. Несамавіта прыгожа!

Я ніколі ў жыцці не крычаў, што вось, наша вера лепшая — гэта ўжо ідэалогія.

Усе веры добрыя, калі людзі паступаюць па законах веры: Дзесяць Божых запаведзяў.

— «Сярэднявечча… Тваіх паданняў тры сталёвыя цвікі сядзяць у маёй душы». Што гэта за сімвалы для Віктара Шалкевіча?

— Тры цвікі… Збаўца быў прыбіты да крыжа трыма цвікамі.

Пару гадоў таму я быў у Канадзе. Там мяне сябры завезлі ў мясцовы санктуарый мучанікаў. Гэта вялізны касцёл, інтэр’ер якога збудаваны ў выглядзе індзейскага каноэ. Езуіты хрысціянізавалі індзейцаў, і падчас гэтага там замучылі некалькіх лепшых сыноў французскага народа: у езуіты ж ішлі не простыя сяляне, а шляхта, людзі выхаваныя, адукаваныя. Як жа я ўзрадаваўся, калі ўбачыў, што там каля касцёла стаіць невялікая фігура святога Францішка Ксавэрыя, якому прысвечаны касцёл у нас у Гародні. Разумееце?

Што такое гэтыя тры цвікі? Часта, ідучы дарогаю жыцця, чалавеку даводзіцца сутыкацца з нейкімі праблемамі. Як бы ты ні жыў, заўсёды з’яўляюцца нейкія супярэчнасці, даводзіцца балансаваць паміж грамадствам і асабістымі поглядамі на жыццё. Як гэта так зрабіць, каб потым сумленне не жэрла?

І гэтыя тры сталёвыя цвікі, хіба што, сядзяць у душы кожнага чалавека, беднага. І будуць там тырчаць цэлае жыццё…

— Цяпер, калі за плячыма 60, позірк ва ўласнае мінулае прымушае ператварыцца ў слуп солі, ці ўсё ж яно становіцца побач і вядзе наперад?

— У мяне было цікавае жыццё. Тыя 60 гадоў, якія я пражыў, былі вельмі цікавымі.

Часам хацелася б зноў вярнуцца туды, у мінулае, і проста зноў пабыць у некаторых момантах, пабыць у іх больш.

Бо тады гэта ўсё неяк захутка было, нібы мімаходзь. Цяпер успамінаеш, усплываюць нейкія дэталі…

Мне б яшчэ хацелася пабываць у трох месцах: у Ізраэлі, як кожнаму нармальнаму чалавеку веруючаму, паглядзець на Гроб Хрыста. Потым у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і ў Аўстраліі. І ўсё: я ўжо скончыў бы на гэтым свае вандраванні (смяецца). А так, дзякуй Богу, нейкім чынам усё склалася даволі прыстойна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках