18 красавiка 2024, Чацвер, 20:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - дзень нараджэння Рыгора Барадуліна

Сёння - дзень нараджэння Рыгора Барадуліна

Народнаму паэту споўнілася б 84 гады.

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году на вёсцы Верасоўка (цяпер - Гарадок) Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Ганаровы доктар Белдзяржуніверсітэта.

Працаваў у перыядычным друку, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура».

Паэт, перакладчык, друкуецца з 1953. Выдаў блізу 70 кніг лірыкі, сатыры, літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў, зборнікаў для дзяцей. Першая кніга - «Маладзік над стэпам» (1959).

Творчасці Барадуліна ўласцівыя разнастайнасць жанраў, вобразна-стылістычных сродкаў, яркая метафарычнасць, тонкі псіхалагізм, багатая моўная палітра. Шэдэўры вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі той добрай глебай, на якой прарасла непаўторная творчая індывідуальнасць.

Пераклаў на беларускую мову п'есу «Вей, ветрык!» Я.Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсіі Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» І.Драча (1981), «Ветраліст» Г.Містраль (1984 г. ), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Нэруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава ды іншых. Творы Барадуліна выдадзеныя на 11 мовах свету.

Ён пераклаў на беларускую мову ў тым ліку і кнігу Яна Паўла II.

Барадуліну прыпісваецца аўтарства паэм «Сказ пра Лысую гару» і «Лука Мудзішчаў», якія «пайшлі ў народ» ананімна.

Летам 2006 года ў выдавецтве «Радыёла-плюс» выйшаў зборнік выбранай паэзіі «Руны Перуновай». У 2006 годзе быў намінантам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Народны паэт Беларусі (1992). Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989), яго прэзідэнт (з 1990), віцэ-прэзідэнт (з 1999), чалец управы Беларускага фонду Сораса (1995 - 1997), сябра Сойму Беларускага народнага фронту (з 1989).

Узнагароды: прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1976), Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы (1976), ордэн «Знак Пашаны», ордэн Латвіі «Тры зоркі» (1997), медалі.

У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР браў удзел у працы 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках