23 красавiка 2024, aўторак, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць фактаў пра стваральніка бел-чырвона-белага сцягу

3
Пяць фактаў пра стваральніка бел-чырвона-белага сцягу
Фота: facebook.com/alaksej.janukevich

Клаўдзій Дуж-Душэўскi прыдумаў канцэпцыю сцяга, які па сённяшні дзень асацыюецца са свабодай і незалежнасцю.

25 лютага спаўняецца 60 год з дня смерці аднаго з «айцоў» БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Менавіта ён, паспяховы, энергічны, удачлівы архітэктар прыдумаў канцэпцыю сцяга, які па сённяшні дзень асацыюецца са свабодай і незалежнасцю.

Няма патрэбы пераказваць у драбніцах увесь жыццёвы шлях нашага героя, спынімся адно на некаторых найбольш цікавых момантах — феноменах Душэўскага, якія і зрабілі яго самім сабою.

1. Генэзіс: патомны паўстанец і будаўнік

Імя і падвойнае прозвішча выдаюць у Клаўдзіі Дуж-Душэўскім патомнага шляхціча. Так і было, але толькі па лініі маці — Евы. Ягоны прадзед з прозвішчам Урублеўскі ўдзельнічаў у паўстанні 1830-31 гадоў, дзед — у паўстанні 1863-64 гадоў. Абодва загінулі. Усе яны былі прадстаўнікамі краёвай эліты, якая ў палітычным сэнсе вызнавала сябе палякамі, этнічна — літвінамі.

Лінія бацькі дала хлопцу схільнасць да тэхнічных навукаў ды будаўніцтва. З дзяцінства Клаўдзію добра ўдавалася чарчэнне, а пасля ўжо ён самастойна па просьбе бацькі рабіў праекты і сметы будынкаў, дарог, нават касцёла. Такім чынам, у хлопцы спалучылася старадаўняя патрыятычная лінія ды сучасная тэхнічная, стваральная.

2. Выпадковая сустрэча ў кнігарні? Не думаю…

Далей Клаўдзій вучыўся у рэальным вучылішчы ў Вільні. Ён ужо вызначыўся, што стане архітэктарам. Асабістыя планы юнака скарэктавала сустрэча ў адной з віленскіх кнігарняў у 1910 годзе. Словам ён зачапіўся з двума няблага апранутымі мужчынамі: адзн больш высокі і мажны, з вусамі, іншы — ніжэйшага росту ды з бародкай. Размова зайшла пра кнігі, гісторыю, але ў выніку перайшла да нацыянальнага пытання…

Менавіта пасля гэтай сустрэчы Дуж-Душэўскі зразумеў, што ён не паляк, а беларус, ды хутка далучыўся да нацыянальнага руху. Насамрэч, у кнігарні ён сустрэў Антона Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. Ці здараюцца падобныя выпадковасці?.. Не думаю.

3. Таямніца сцяга і архівы КДБ Літоўскай ССР

Доўгі час, ажно да атрымання незалежнасці ў 1991-м, пытанне з’яўлення Бел-чырвона-белага сцягу выглядала таямніча. Віравалі фантастычныя версіі, маўляў, сцяг быў заўжды, ім карысталіся ў часы Вялікага Княства, ягоныя выявы нехта бачыў у рукапісах беларускіх татараў… а пасля наўпрост яго прынялі ў БНР — і усё! Кропкі над “і” расставіла раскрыццё архіваў Літоўскай ССР пасля на пачатку 1990-х.

Там, паводле даследчыка Уладзіміра Ляхоўскага, знайшліся ўласнаручныя сведчанні Дуж-Душэўскага, а менавіта ягоная аўтабіяграфія на літоўскай мове, датаваная 1934 годам, дзе і раскрываецца таямніца сцяга. У 1917 годзе яму «давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з іх быў прыняты, а менавіта — бел-чырвона-белы. Ад таго часу сцяг і лічыцца беларускім нацыянальным»,— піша сам Клаўдзій.

Ёсць думка, што першапачаткова сцяг быў замоўлены гуртком беларусаў-вайскоўцаў Петраградскага гарнізона. Душэўскі тады вучыўся там у Горным інстытуце ды паралельна займаўся беларускімі грамадскімі справамі. І тут пачалося: колеры сцягу прымаюць вайскоўцы-беларусы ад Пецярбурга да Адэсы (чапляюць стужкай на форму), яго вызнае Усебеларускі З’езд у Мінску, урэшце, а 8 траўня 1918 сцяг афіцыйна зацвярджае адмысловая камісія БНР.

4. Забяспечаны. Адукаваны. Патрыёт

Душэўскі і Езавітаў у Прыбалтыцы, 1919

У БНР Душэўскі пэўны час быў сакратаром Ураду, пасля — прадстаўніком у краінах Прыбалтыкі. Калі ж стала канчаткова ясна, што да незалежнасці беларусам яшчэ далёка, Душэўскі вырашае не гуляцца надалей ва «урады ў выгнанні», але абірае шлях творчасці і кар’еры.

У Коўні ён сканчае ўніверсітэт з дыпломам інжынера-будаўніка. Напрыканцы 1920-х ён працуе ў Міністэрстве сувязі Літвы. Пазней — тэхнічным дырэктарам у акцыянерным таварыстве «Майстас». Паводле ягоных праектаў паўстаў цэлы шэраг фабрыкаў, поштаў, нават тэатр і будынак радыё ў Коўні, Клайпедзе, Шаўляі, Паневежасе. Яго ж лічаць адным з заснавальнікам «ковенскага мадэрнізму» ў архітэктуры.

Разам з тым, беларуская справа не чужая Душэўскаму. Максім Танк ва ўспамінах у 1938 годзе пісаў: «…К. Дуж-Душэўскі працуе ў Каўнасе галоўным архітэктарам. Матэрыяльна забяспечаны. Дзякуючы яго дапамозе і музей (Віленскі беларускі музей — аўт.) сяк-так можа існаваць». Справа ў тым, што Душэўскі тым разам акурат даслаў у Вільню падручнікі, перакладзеныя ім на беларускую. Таксама ён быў і паліглотам: ведаў не толькі польскую, літоўскую і нямецкую, але і французскую ды партугальскую мовы.

5. Арышты ды ўдача

Дуж-Душэўскі, фота 1952 году

Душэўскага цягам жыцця арыштоўвалі шмат разоў. Не вядома, ці мела да яго нейкія прэтэнзіі царская ўлада ды бальшавікі на першых этапах, затое ўжо ў 1921 годзе яго «бяруць» палякі. Падставай стала канферэнцыя, дзе Душэўскі публічна крытыкаваў польска-савецкія дамоўленасці. Тры месяцы яму давялося правесці ў Лукішскай турме ў Вільні, пасля чаго — з’ехаць у Коўню.

З прыходам саветаў у Літву Душэўскага арыштоўваюць за «актыўную нацыяналістычную контррэвалюцыйную дзейнасць, скіраваную супраць СССР» — нічога дзіўнага. Да абвінавачвання дадаецца яшчэ і шпіянаж на карысць Польшчы… Той не пагаджаецца са звінавачваннямі, а тут ужо і новая вайна з новай уладай — гэтым разам нямецкай.

Адносіны з немцамі ў нашага героя складаюцца дзіўна. Ёсць сведчанні, маўляў, яму прапаноўвалі пасаду бургамістра Мінску, але Душэўскі адмовіўся. Ці тое ў выніку адмовы, ці сапраўды па фактах, немцы яго арыштоўваюць нібыта за перахоўванне яўрэяў. Але і гэтым разам лёс дапамагае Душэўскаму: заступіліся сябры па нацыянальным руху.

Магіла Душэўскага ў Коўні (фота - Вікіпедыя)

У 1946-м Душэўскага ізноў арыштоўваюць саветы яшчэ па перадваеннай справе, і… у чарговы раз выпускаюць. Чарговая таямніца: хто дапамог, чаму? Але ўдача не вечная: праз пяць год 61-гадовага Душэўскага ўсё ж такі бярэ ў свае абдымкі сталінскае «правасуддзе». За свае «старыя грахі» колішні дзеяч БНР атрымлівае 25 год. Выйсці атрымалася раней, праз тры гады, паводле адмены вырака.

Памятная дошка на доме ў Глыбокім

Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі 25 лютага 1959 года, пахаваны ў Коўні. Шкада, што ягоную труну ў тыя змрочныя часы так ніхто і не прыкрыў бел-чырвона-белым сцягам.

Алесь Кіркевіч, «Новы час»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках