18 красавiка 2024, Чацвер, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэдытная піраміда па-беларуску

2
Крэдытная піраміда па-беларуску
Валер Карбалевіч

Масква выкарыстоўвае тактыку дрэннага і добрага следчага.

Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч расказаў ТАСС, што Беларусь зьвярнулася да Расеі з просьбай даць крэдыт на 600 млн даляраў дзеля рэфінансаваньня ранейшых пазык ад яе ж.

Такая гісторыя паўтараецца кожны год. Вяртаць даўгі Беларусь ня ў стане, таму просіць даць новы крэдыт для вяртаньня старых то ва ўраду Расеі, то ў Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР).

Яшчэ летам мінулага году стала вядома, што Менск просіць у Масквы новы крэдыт памерам 1 млрд даляраў, каб вярнуць даўгі Расеі і ЭФСР. Аднак прадстаўнікі ўраду РФ адказалі, што для рэфінансаваньня пазыкі фонду да яго і зьвяртайцеся, а мы гатовыя даць толькі 600 млн даляраў для вяртаньня ўласна расейскага дзяржаўнага доўгу.

Перамовы ідуць больш за паўгода, шмат разоў сустракаліся прэзыдэнты, міністры дзьвюх краін. Тым ня менш, паводле беларускага міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, рашэньне яшчэ не прынятае ўрадам Расеі.

Расейскія крэдыты, якія Беларусь вяртае толькі часткова, — гэта адна з формаў субсыдаваньня Расеяй беларускай эканомікі. Таму яны стала моцным інструмэнтам у руках Крамля для ціску на Менск і ўтрыманьня саюзьніка на кароткім павадку.

Зьвярніце ўвагу, што расейскія кіраўнікі апошнім часам публічна акцэнтуюць на гэтым увагу. 14 студзеня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў на нарадзе заявіў:

«Мы захоўваем вельмі вялікі аб’ём крэдытнай падтрымкі нашых партнэраў, гэты абʼём перавышае 6,5 млрд даляраў, ня лічачы зьвязанага крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі.

Ва ўмовах, нагадаю, калі для нас закрытыя фінансавыя рынкі заходніх краін, па сутнасьці, мы дапамагаем, займаючы грошы з нашай эканомікі. Гэта трэба шанаваць, разважаючы пра саюзьніцкія стасункі».

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Масква не патрабуе вяртаньня крэдытаў, выдадзеных Менску, а падаўжае іх «на просьбу партнэраў».

Падчас апошняй сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Сочы Ўладзімір Пуцін адзначыў: «У нас і фінансавыя адносіны разьвіваюцца. За апошнія гады дастаткова вялікі абʼём дзяржаўных крэдытаў выдадзены Беларусі — 6 зь лішнім мільярдаў плюс 58 млрд рублёў, па лініі Фонду ЕўрАзЭС шэсьць траншаў агульным абʼёмам 1,6 млрд даляраў». Затым ён дадаў, што Беларусь «вельмі дысцыплінавана ў фінансавым сэнсе выконвае свае абавязаньні».

Апошні пасаж даволі цікавы. Пуцін гаворыць супрацьлеглае таму, што казаў Мядзьведзеў. Кіраўнік ураду намякае, што Беларусь не вяртае крэдытаў, а прэзыдэнт адзначае, што Менск дысцыплінавана выконвае свае абавязаньні. Тут, мусіць, Масква выкарыстоўвае тактыку дрэннага і добрага сьледчага.

Гэтая крэдытная піраміда, якая пачне вельмі хутка расьці, калі запрацуе АЭС і Беларусі давядзецца вяртаць вялізарны крэдыт (10 млрд даляраў), зьяўляецца асаблівай тэмай у беларуска-расейскіх стасунках. Масква разглядае крэдыты як моцны сродак узьдзеяньня на саюзьніка. Не выключаю, што дзеля прымушэньня Беларусі да будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Расея ў нейкі момант можа спыніць выдачу новых крэдытаў і запатрабуе вяртаньня старых дакладна ў тэрмін, у поўным аб’ёме, строга адпаведна графіку. Чаго Беларусь выканаць ня ў стане.

Беларускі ж бок разьлічвае, што вяртаць гэтыя крэдыты цалкам не давядзецца. Бо Расея шмат якім краінам даравала вялізныя даўгі. А ўжо найбліжэйшай саюзьніцы сам Бог загадаў.

І тут уступае ў сілу вядомае правіла: калі ты даеш чалавеку пазыку 100 даляраў, то ён залежыць ад цябе, а калі ты даеш яму мільён даляраў, то ўжо сам залежыш ад яго. А тут гаворка ідзе прыкладна пра 17 мільярдаў (з улікам крэдыту за АЭС).

Лукашэнка ўпэўнены, што ня можа Расея давесьці Беларусь да сытуацыі дэфолту. Бо гэта будзе дэфолт самой канструкцыі Саюзнай дзяржавы і ўсяго праекту ЭАЭС. І ў некаторым сэнсе ён мае рацыю.

Таму пытаньне, у які бок абрынецца гэтая крэдытная піраміда, альбо яна будзе стаяць вечна, як эгіпэцкія, яшчэ доўгі час будзе заставацца актуальным.

Валер Карбалевіч, «Рады Свабода»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках