17 лiпеня 2019, Серада, 8:28
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Прэм'ер Літвы мае намер прапанаваць Менску «план-хуліган» што да БелАЭС

14
САЎЛЮС СКВЯРНЯЛІС
ФОТА: DELFI

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ прапанавала проста закрыць АЭС у Астраўцы.

Прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс мае намер зрабіць беларускім уладам «рацыянальную прапанову» ў пытанні крытыкі будаўніцтва ў Астраўцы паблізу ад мяжы Беларусі і Літвы, Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС). Гэтую прапанову ён назваў «планам-хуліганам», паведамляе dw.com.

«У нас ёсць «план-хуліган». Я прапаную беларусам развязанне. Рацыянальнае. Не такое, якое кажа: «Закрыйце», - прыводзіць словы Сквярняліса на сустрэчы з жыхарамі горада Кедайняя ў цэнтральнай Літве партал 15min.lt у чацвер, 28 лютага. Ніякіх падрабязнасцяў свайго плана кіраўнік літоўскага ўрада не прывёў.

У адказ на заяву Сквярняліса, які балатуецца на пасаду кіраўніка дзяржавы, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Вільня павінна дамагацца закрыцця БелАЭС. «Міжнародныя арганізацыі пацвердзілі, што пляцоўка для БелАЭС абраная небяспечная, а сама атамная станцыя ўяўляе пагрозу. Таму неабходна дамагацца закрыцця БелАЭС. Досвед Аўстрыі паказаў, што гэта магчыма, калі стае палітычнай волі», - цытуе Грыбаўскайтэ партал Delfi.

Будаўніцтва АЭС у беларускім Астраўцы, у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Літвой, выклікае ў краіне сур'ёзныя турботы. Літоўскія палітыкі і грамадскасць выступаюць рашуча супраць яго, спасылаючыся на меркаванні бяспекі і экалогіі, а канкрэтна - на міжнародную Канвенцыю аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. У 2017 годзе сейм Літвы прызнаў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю.