29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Лукашэнка пракладае вайсковыя дарогі да мяжы з Украінай?

90
Навошта Лукашэнка пракладае вайсковыя дарогі да мяжы з Украінай?
БУДАЎНІЦТВА АЎТАДАРОГ ПРАЗ ТЭРЫТОРЫЮ АЛЬМАНСКІХ БАЛОТ
Фота: Аляксандра Залатарэвіч / bahna.land

Пад пагрозай бяспека ўсяго рэгіёну.

На тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты», які знаходзіцца ў памежным з Украінай Столінскім раёне Берасцейскай вобласці, вядуцца работы для пабудовы і мадэрнізацыі дарог. Адная з іх каштуе блізу $1 мільёна.

Эколагі б'юць трывогу, бо Альманскія балоты - адныя з найбуйнейшых у Еўропе. Маштабная будоўля нясе велізарную шкоду ўнікальнай экасістэме.

Беларускія ўлады мяркуюць, што будаўніцтва дарог на тэрыторыі Альманскіх балот спросціць вываз з тэрыторыі заказніка лесу-кругляка і пяску, які здабываецца ў кар'ерах.

У той жа час, як паведаміў Сharter97.org на ўмовах ананімнасці супрацоўнік аднаго з міністэрстваў Украіны, пабудаваная ў Беларусі аўтадарожная інфраструктура спрашчае дастаўку памежнікаў да месцаў нясення службы, дае дадатковую магчымасць для перамяшчэння вайсковай тэхнікі беларускага войска на палігон «Палесскі».

Акрамя таго, аўтадарожная інфраструктура можа быць выкарыстана для дастаўкі жывой сілы, узбраення і вайсковай тэхнікі ўшчыльную да мяжы з Украінай.

Цягам 2014-2017 гадоў беларускімі ўладамі быў створаны шэраг пад'язных шляхоў з тылавых раёнаў Беларусі і лясных дарог, працягласць якіх складае блізу 96 кіламетраў.

Пад'язныя шляхі былі створаны да памежнай заставы «Альманы», якая мяжуе з вёскай Пераброды Дубровіцкага раёна Ровенскай вобласці і да памежных пастоў «Мутвіца», «Хінічаў», прапускнога пункта «Селішча», якія мяжуюць з сёламі Драздынь, Забалоцце і Познань Ракітнаўскага раёна Ровенскай вобласці Украіны.

У непасрэднай блізкасці ад гэтага адцінку беларуска-ўкраінскай мяжы знаходзяцца ўкраінскія гарады Жытомір і Наваград-Валынскі. У небяспечнай блізкасці знаходзіцца сталіца Украіны - Кіеў.

Чаму беларускія ўлады пачалі ствараць інфраструктуру вайсковага прызначэння каля ўкраінскай мяжы? Як гэта можа паўплываць на расклад сілаў у рэгіёне?

Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да беларускага валанцёра ва Украіне Вадзіма Кабанчука і дырэктара фонду «Майдан замежных спраў», кіраўніка Кіеўскай арганізацыі партыі «УКРОП» Багдана Ярэменкі.

Вадзім Кабанчук: Гаворка ідзе пра небяспекі для ўсяго рэгіёну

«Памежная актыўнасць беларускага боку адбываецца на фоне ўкраінска-расейскага канфлікту. Усе гэтыя дзеянні могуць мець свае наступствы», - мяркуе беларускі валанцёр ва Украіне.

Вадзім Кабанчук звяртае ўвагу на тое, што інфраструктура, якой заняліся беларускія ўлады, будуецца не для высечкі лесу, пра якую афіцыйна заяўляецца.

«Сабекошт, які закладваецца ў гэтую дарогу, не каштуе таго лесу, які плануецца вывозіць. Няма ніякай эканамічнай мэтазгоднасці ў будаўніцтве гэтай дарогі», - кажа беларускі валанцёр.

Вадзім Кабанчук адзначае, што ўкраінскія сілавыя ведамствы выдатна разумеюць, якое беларускае войска і вядуць працу для падрыхтоўкі дзеянняў у адказ.

Беларускі актывіст звяртае ўвагу на яшчэ адну пагрозу каля беларуска-ўкраінскай мяжы:

«Такая інфраструктура будуецца на Чарнігаўскім кірунку. Там дарогі будуюць у лесапалосах, якія наўпрост падыходзяць да мяжы. Беларускае войска стварае дадатковыя падыходы да ўкраінскіх межаў. Для чаго гэта робіцца? Я не буду марнаваць час на паўтоны і змякчэнне фраз: усе гэтыя аб'екты маюць выключна вайсковае значэнне».

БУДАЎНІЦТВА АЎТАДАРОГ ПРАЗ ТЭРЫТОРЫЮ АЛЬМАНСКІХ БАЛОТ
Фота: Аляксандрa Залатарэвіч / bahna.land

Валанцёр мяркуе, што калі Беларусь не зможа супрацьстаяць расейскаму ўплыву, то на коне можа стаяць бяспека ўсяго рэгіёну.

«Для Украіны - гэта плюс 1000 кіламетраў дадатковай лініі фронту на поўначы. Калі Беларусь страчвае незалежнасць - Расея можа праецыраваць сваю вайсковую сілу на ўвесь рэгіён. Адкрываецца наўпроставы выхад на Польшчу, Літву, Сувалкаўскі калідор», - кажа Вадзім Кабанчук.

На думку актывіста, будаўніцтва вайсковай інфраструктуры можа быць выкананнем нейкіх дамоўленасцяў або абяцанняў, дадзеных Крамлю.

Таму Вадзім Кабанчук мяркуе, што афіцыйны Кіеў павінен змяніць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі:

«Украінскія ўлады павінны падтрымліваць дэмакратычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць у Беларусі. На жаль, сёння афіцыйны Кіеў кантактуе толькі з Лукашэнкам.

Тая інфармацыя, якая паступае з Беларусі, кажа аб тым, што сітуацыя ў нашай краіне можа нечакана змяніцца. Пакуль складана прагназаваць у які бок, але, на жаль, украінскі бок не прымае захады для большага інфармацыйнага і палітычнага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі», - заявіў суразмоўца Сharter97.org.

Багдан Ярэменка: Украіна павінна максімальна замарозіць палітычны дыялог з Лукашэнкам

«Украіна, незалежна ад дзеянняў Менска, павінна разглядаць Беларусь у якасці кірунку, з якога могуць весціся варожыя дзеянні», - мяркуе кіраўнік Кіеўскай арганізацыі партыі «УКРОП» Багдан Ярэменка.

Экспэрт адзначае, што Менск і Масква цалкам каардынуюць свае дзеянні ў вайсковай сферы, бо Лукашэнка - шчыры хаўруснік краіны-агрэсара:

«Усе падрыхтоўкі ў Беларусі, хаўрусніцы Расеі, павінны ўспрымацца украінскімі ўладамі з пункту гледжання шкоды для нацыянальнай бяспекі Украіны».

Дырэктар «Майдана замежных спраў» мяркуе, што ўкраінскія вайскоўцы павінны ўлічваць патэнцыйную пагрозу вайсковай інфраструктуры, якую будуюць каля ўкраінскай мяжы, і процідзейнічаць ёй:

«Рэжым Лукашэнкі становіцца ўсё больш уразлівым праз ціск Крамля. Таму пагроза для Украіны з паўночнай мяжы будзе толькі нарастаць. РФ вельмі выразна і ясна праводзіць патрэбныя ёй дзеянні на тэрыторыі Беларусі»

Багдан Ярэменка бачыць у актыўнасці Лукашэнкі на ўкраінскім кірунку рэакцыю на небяспеку, якую Украіна нясе для яго рэжыму:

«Мы - краіна з дэмакратыяй, якая развіваецца, дзе вельмі папулярнай тэндэнцыяй з'яўляецца абарона свабод, годнасці і правоў чалавека, што з пункту гледжання Лукашэнкі - падрыўная дзейнасць».

Беларускія ўлады актыўна супрацьстаяць свабоднаму абмену думкамі, падарожжам грамадзян Украіны і Беларусі, імкнуцца рэагаваць на з'яўленне лідараў грамадскай думкі. Дырэктар фонду «Майдан замежных спраў» адзначыў, што дзеянні ягонай арганізацыі таксама выклікаюць незадаволенасць беларускіх уладаў:

«Нашы тэарэтычныя распрацоўкі аб вайне Украіны і Расеі не прапускаліся праз тэрыторыю Беларусі нават транзітам. Проста канфіскоўваліся ў пасажыраў. Усялякае жаданне вольнага абмену думкамі спыняецца як бачная пагроза для рэжыму Лукашэнкі»

Палітык адзначае, што ўкраінскія ўлады не праводзяць палітыку падтрымкі апазіцыйных і дэмакратычных рухаў у Беларусі:

«Я думаю, што рана ці позна ўкраінскі ўрад дойдзе да разумення таго, што сітуацыя ў Беларусі - гэта не толькі тая праблема, якая павінна турбаваць грамадскія арганізацыі. Украіна павінна будзе праводзіць палітыку падтрымкі дэмакратычных змен у Беларусі. Гэта тое, што нам трэба рабіць».

Багдан Ярэменка заклікае афіцыйны Кіеў адрэагаваць на з'яўленне вайсковай інфраструктуры каля беларуска-ўкраінскай мяжы:

«Сёння МЗС Украіны заплюшчвае вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. На беларускай тэрыторыі парушаюцца правы і свабоды грамадзян Украіны, Расея нарошчвае сваю вайсковую прысутнасць».

Першым крокам з боку ўкраінскіх уладаў, на думку экспэрта, павінен стаць перанос пляцоўкі для перамоў аб Данбасе з Беларусі ў іншую краіну:

«Беларусь не можа разглядацца як нейтральная тэрыторыя, дзе могуць праходзіць перамовы аб спыненні вайны з РФ».

Багдан Ярэменка заклікае даць адпор беларускім уладам і ў міжнародных арганізацыях:

«Мы павінны паставіць Беларусь побач з Расеяй. Палітычны дыялог павінен быць максімальна замарожаны».

У той жа час, як мяркуе дырэктар Фонду, практычныя і прагматычныя сувязі паміж грамадзянамі Украіны і Беларусі павінны быць захаваныя:

«Калі гаворка ідзе не аб дзяржаўным бізнэсе, які мы назіраем і які дапамагае існаванню рэжыму Лукашэнкі - такія сувязі маюць месца быць. Павінна быць вельмі выбарачная і вельмі пісьменная палітыка, якая б зняла з Украіны абвінавачванні ў масавым ігнараванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, падыгрыванні дыктатару. Гэта не простая, але вельмі зразумелая палітыка», - рэзюмаваў суразмоўца Charter97.org.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках