24 красавiка 2024, Серада, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэкрэт аб «дармаедах» - поўны крах уладаў»

38
«Дэкрэт аб «дармаедах» - поўны крах уладаў»
АРХІЎНАЕ ФОТА «РАДЫЁ СВАБОДА»

Як выглядае сітуацыя з працай у рэгіёнах.

Кіраўнік прафгрупы РЭП у Калінкавічах Дзяніс Рабянок пракаментаваў для praca-by.info сітуацыю з працай у рэгіёне і растлумачыў, чаму дэкрэт аб «дармаедах» - поўны крах уладаў у справе эканамічнага развіцця:

«Сумна вядомы дэкрэт аб «дармаедах» - гэта, па-першае, парушэнне Канстытуцыі. Праца - гэта не абавязак, за невыкананне якой чалавека трэба жорстка караць, павялічваючы яму ў 5 разоў тарыфы на паслугі ЖКГ, а наша права, і кожны сам вызначае, як ім карыстацца. Дэкрэт жа перакульвае ўсё з ног на галаву, робячы працу прымусовай.

Па-другое, гэты дэкрэт цалкам супярэчыць эканамічнай логіцы. Калі чалавек забяспечвае сябе і сваю сям'ю, нічога не просячы ў дзяржавы, то яна толькі радавацца павінна, а не адкрываць сезон палявання на «незанятых у эканоміцы». Паводле афіцыйных звестак Міністэрства фінансаў за 2018-ы год дзель падатку на дададзеную вартасць складае амаль 20% бюджэтных паступленняў. І гэтая сума амаль цалкам кампенсуе дзяржаўныя выдаткі на медыцыну і адукацыю. Што гэта значыць? Гэта значыць, што беларусы самі плацяць за навучанне сваіх дзяцей, лячэнне бацькоў ды іншае. Бо ПДВ ёсць ва ўсім: ад коштаў на хлеб да пасцельнай бялізны ў цягніку. Таму кожны з нас штодня незалежна ад наяўнасці афіцыйнага працаўладкавання ўдзельнічае ў эканамічнай дзейнасці, купляючы прадукты, тавары ці аплачваючы паслугі.

І ўлада свядома нам хлусіць, калі падмяняе паняцці і звяртае ўвагу толькі на адлічэнні ў ФСАН і падаходны падатак.

Тыя ж працоўныя «Гомсельмаша», які знаходзіцца ў глыбокай эканамічнай яме і цягне мільёны з бюджэту, у значна большай ступені «дармаеды» ў параўнанні з тымі, хто зарабляе сваім розумам і здольнасцямі, не спадзеючыся на ўладу і яе службы занятасці з фэйкавымі вакансіямі і гаротнае жыццё з выплатамі з прычыны беспрацоўя.

Возьмем тыя ж Калінкавічы, дзе заробак 400-500 рублёў уважаецца за вельмі добры, але як пражыць на такія грошы сям'і пры сённяшнім узроўні коштаў, паборах у школе, не кажучы ўжо пра адпачынак і іншыя сямейныя выдаткі? І самае галоўнае - дзе знайсці працу?

Нам кажуць пра «мінімальныя лічбы беспрацоўных», а мясцовая камісія, якая займаецца выкананнем дэкрэта, дае звесткі пра амаль 3 000 жыхароў Калінкавіцкага раёна, якія «незанятага ў эканоміцы». Вось і судзіце, якая сітуацыя ў рэгіёнах з працаю. А гэта ж асноўнае, ад чаго залежыць жыццё чалавека.

Мяркую, што гэты дэкрэт сведчыць пра поўны крах вертыкалі ў справе эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Улада сама распісалася ў сваёй неэфектыўнасці і жадае перакласці свае паразы на людзей, каб яны заплацілі за нядбайнасць і непрафесіяналізм чыноўнікаў, як менскіх, так і гомельскіх.

На маю думку, прафзвяз РЭП робіць вельмі важную і патрэбную справу, паставіўшы барацьбу з сумна вядомым дэкрэтам у цэнтр сваёй дзейнасці.

Заклікаю ўсіх, хто хоча бараніць свае правы звяртацца да нашых юрыстаў. Прававыя інспектары прафзвязу РЭП маюць цалкам заслужаны аўтарытэт галоўных спецыялістаў у пытаннях барацьбы і дапамогі беларусам, якія сталі ахвярай гэтага бесчалавечнага дэкрэта, які павінен быць неадкладна скасаваны».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках