25 красавiка 2024, Чацвер, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як мяняюцца пенсійныя сістэмы ў суседзяў Беларусі

9
Як мяняюцца пенсійныя сістэмы ў суседзяў Беларусі

Польшча панізіла пенсійны ўзрост, Расея - падвысіла, а Украіна прывязала да стажу.

На мінулым тыдні прэзідэнт Італіі Серджо Матарэла падпісаў указ аб тым, што пенсійны ўзрост у краіне... знізіцца! З цяперашніх 67 гадоў для абодвух палоў да 62, піша kp.by. Але не для ўсіх, а толькі для ўладальнікаў вялікага працоўнага стажу - 38 гадоў. Новыя правілы нават назвалі «квотай 100»: столькі атрымаецца, калі скласці новы пенсійны ўзрост (62) з патрэбным стажам (38). Ёсць і яшчэ адзін важны момант. Зніжэнне пенсійнага ўзросту ў Італіі - гэта эксперымент. Працягнецца ён да канца 2021 года, а далей улады ацэняць, ці варта зрабіць яго на ўвесь час.

Экспэрыменты з пенсійнай сістэмай - звыклая справа для многіх еўрапейскіх краін. І асабліва цяпер, калі насельніцтва старэе, а нараджальнасць падае. Журналісты паглядзелі, якія навіны апошнім часам з'явіліся ў нашых суседзяў.

Польшча:

Пенсійны ўзрост знізілі

Яшчэ ў 2012 годзе палякі надумалі падвысіць пенсійны ўзрост да 67 гадоў для абодвух палоў. Мужчыны павінны былі пачаць выходзіць на пенсію ў гэтым узросце ўжо ў 2020 годзе, а жанчыны - у 2040-м, аднак у 2015 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі партыя «Права і справядлівасць» паабяцала знізіць пенсійны ўзрост да ранейшага ўзроўню і, прыйшоўшы да ўлады, абяцанне выканала. З кастрычніка 2017 года мужчыны могуць выходзіць на заслужаны адпачынак у 65, жанчыны - у 60.

- Аднаўленне пенсійнага ўзросту - рэформа старанна прадуманая і, што важна, бяспечная для бюджэту, - казала прэм'ер-міністарка Польшчы Беата Шыдла.

Расея:

Пенсійны ўзрост вырасце

Нашы ўсходнія суседзі, у адрозненне ад заходніх, пенсійны ўзрост пастанавілі не панізіць, а павысіць на пяць гадоў для абодвух палоў: 65 гадоў для мужчын, 60 - для жанчын.

Паэтапнае падвышэнне ў нашых суседзяў пачалося ў гэтым годзе і будзе доўжыцца да 2028-га. Пры гэтым урад увёў дастаткова шмат ільгот. Напрыклад, першыя два пакаленні расейцаў, якіх закранула павышэнне пенсійнага ўзросту (мужчыны, якія нарадзіліся ў 1959-1960 гадах, і жанчыны, якія нарадзіліся ў 1964 - 1965 гадах), змогуць выбраць, калі сысці на заслужаны адпачынак - паводле новага падвышанага пенсійнага ўзросту або на паўгода раней. Акрамя таго, для тых, хто працуе ў шкодных або небяспечных умовах працы, пенсійны ўзрост не зменіцца. Для параўнання: у Беларусі пенсійны ўзрост для гэтых катэгорый работнікаў павялічыцца на тыя ж тры гады, што і агульнаўстаноўлены. А яшчэ ў Расеі ўвялі адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за звальненне або адмову прыняць на працу з прычыны ўзросту.

Украіна:

Чым больш прапрацаваў, тым раней атрымаецца выйсці на пенсію

Падвышэнне пенсійнага ўзросту ва Украіне пачалося значна раней, чым у нас - яшчэ ў 2011 годзе. Праўда, яно закранула толькі жанчын. Пенсійны ўзрост для іх пастанавілі паэтапна падымаць да мужчынскага - 60 гадоў.

А ў мінулым годзе ў краіне на рэкамендацыю МВФ пачаўся другі этап пенсійны рэформы. Узрост выхаду на пенсію будзе залежаць ад стажу, прычым ён будзе паступова падвышацца. Напрыклад, сёлета тыя, хто назапасіў 26 гадоў стажу, змогуць сысці на пенсію ў 60. Для тых, у каго ад 16 да 26 гадоў стажу, пенсійны ўзрост падвышаецца да 63. А калі стаж меншы за 16 гадоў, то на заслужаны адпачынак атрымаецца сысці толькі ў 65.

Літва:

Усіх аўтаматычна перавялі на назапашвальную сістэму

Літоўскія ўлады надумалі падштурхнуць жыхароў краіны самім збіраць сабе на пенсію. З 1 студзеня ўсіх грамадзян маладзейшых за 40 гадоў аўтаматычна ўключылі ў назапашвальную пенсійную сістэму. Дзякуючы ёй акрамя дзяржаўнай пенсіі можна будзе атрымліваць яшчэ і дадатковую. Літоўцы могуць выбраць паміж пяццю назапашвальнымі фондамі, пры гэтым звесткі аб іх дзейнасці публікуюцца на сайце Літоўскага Цэнтрабанка. Гэта значыць свае грошы можна пералічваць у той фонд, які працуе больш эфектыўна.

У дадатак літоўскія ўлады зменшылі паходны падатак на 1% і ўнёскі ў дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання («Содра») на 0,55%. Гэтую прыбаўку да заробку і мяркуецца адлічваць на дадатковую пенсію.

Пры гэтым да 1 ліпеня ў літоўцаў ёсць час адмовіцца ад назапашвальнай пенсіі і далей пералічваць усе адлічэнні ў «Содру». Але экспэрты раяць рабіць гэта толькі тым, каму засталося мала часу да выхаду на пенсію, а сур'ёзных назапашванняў пры гэтым няма.

Латвія:

Жыхары краіны змогуць атрымліваць частку пенсіі памерлага мужа. Праз гэтага ў краіне вясельны бум

Новаўвядзенне з'явілася сёлета. Пасля смерці мужа ці жонкі цягам года можна будзе атрымліваць палову пенсіі, якая належала ім. Гэтае правіла не распаўсюджваецца на былых мужа і жонак у разводзе, а таксама на тых, хто свае стасункі не зарэгістраваў.

Латышскае выданне Delfi адзначае, што, пасля таго як у мінулым годзе загаварылі аб будучых новаўвядзеннях, у краіне пачаўся бум вяселляў сярод пенсіянераў! Летась самаму паджыламу жаніху быў 81 год, а нявесце-78.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках