19 красавiка 2024, Пятніца, 20:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізноў правал: гісторыя з «лыжнымі» даручэннямі Лукашэнкі атрымала прадаўжэнне

13
Ізноў правал: гісторыя з «лыжнымі» даручэннямі Лукашэнкі атрымала прадаўжэнне

Сітуацыя пачынае нагадваць гумарыстычны серыял.

Узяцца за айчынную лыжную прамысловасць Лукашэнка вызначыў вясной мінулага года - пасля зімовай Алімпіяды, піша «Салідарнасць».

- Мы зробім рашучы крок цягам года-двух, каб нам на больш значны ўзровень падняць падрыхтоўку лыжнікаў у нашай краіне, - заявіў дыктатар.

У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу выклікалі два ягоныя даручэнні.

«Гэта ты ездзі сам на іх»

Першае тычылася вытворчасці айчынных лыж.

- Мы цяпер падтрасем нашы «Целяханы». Зробім там годныя лыжы. Яны там робяць лыжы, на якіх я яшчэ ў школе бегаў. Чаравік засунуў, дужкай зашпіліў, так у іх усё і засталося. Чалавеку ў 75-80 гадоў досыць пахадзіць, размяцца. А для спартоўцаў - гэта не лыжы, - абвясціў Лукашэнка.

У верасні мінулага года новыя лыжы ад «Целяханаў» прэзентаваў асабіста кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман. Кіраўнік выставіў айчынную прадукцыю на пасмешышча.

- Гэта ты ездзі сам на іх. Калі хтосьці ў цябе папросіць - рабіце. Але заказваць мы ў цябе гэтыя лыжы сілай не будзем. Гэта дубовыя лыжы, яны сышлі ўжо. Ну так, для пенсіянера, магчыма, - звярнуўся Лукашэнка да свайго кіраўніка спраў.

«Лыжы без змазкі паехалі лепш, чым з нашай беларускай»

Але гэта быў не апошні смешны эпізод лыжнага серыяла. Справа ў тым, што мінулай вясной алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава паскардзілася дыктатару на праблемы са слізгаценнем лыж. Адна з агучаных прычын гэтага палягала ў няякаснай змазцы.

Лукашэнка на словы спартоўкі адрэагаваў ў сваім стылі, заявіўшы, што спецыялістам даручана старанна вывучыць пытанне.

На «Заводзе горнага воску» ўжо восенню адрапартавалі аб паспяховай распрацоўцы айчынных аналагаў лыжных змазак. А паўмесяца таму на тэлевізіі распавялі, што ў Пухавіцкім раёне рыхтуюцца ўжо да масавага выпуску «інавацыйнай» змазкі.

- Распрацоўку цягам трох месяцаў адчувалі спартоўцы ў Фінляндыі, і паказала яна сябе толькі са станоўчага боку. Увогуле, сёння прадукцыя завода карыстаецца вялікім попытам далёка за межамі краіны, - распавялі на тэлеканале СТВ.

Усю карціну маслам сапсавала свежае прызнанне трэнера і былога біятланіста Уладзіміра Алянішкі, які сказаў праўду пра тэставанне лыжнай змазкі беларускай вытворчасці.

- Лыжы, якія былі наогул без змазкі, паехалі лепш, чым з нашай беларускай. Першы блін камяком. Тэставанне паказала, што змазка наогул не трымаецца на лыжах - праз метраў 700, можа быць, максімум кіламетр яе наогул не застаецца, - сказаў трэнер у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Але, мяркуючы з усяго, гэта не апошні эпізод лыжнай эпапеі. Дыктатар рэдка забывае пра свае даручэнні, таму, напэўна, нас чакае яшчэ шмат смешнага.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках