25 красавiка 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

32-гадовая сяльчанка ўчыніла суіцыд, бо пагражалі забраць дзяцей у прытулак

56
32-гадовая сяльчанка ўчыніла суіцыд, бо пагражалі забраць дзяцей у прытулак

Сям'я вінаваціць мясцовых чыноўнікаў, якія даймалі жанчыну.

5 лютага ўчыніла самагубства 32-гадовая жыхарка Кастрычніцкага раёна (Гомельская вобласць) Вольга. У яе засталіся трое сыноў - трох, сямі і васьмі гадоў.

«Яе даймалі з аддзела адукацыі, увесь час чапляліся. То ў доме непарадак, то на працу патрабавалі ўладкавацца. Пагражалі дзяцей забраць у прытулак. Вось яна ўзяла сабе ў галаву...» - сказаў «Радыё Свабода» Ігар, муж нябожчыцы.

«Сацыяльна-небяспечнымi» сталі праз «антысанітарыю»

Сям'я жыла ў вёсцы Будзе Кастрычніцкага раёна. Старэйшыя дзеці хадзілі ў школу ў суседнюю вёску Чырвоная Слабада. Малодшы, трохгадовы, быў дома з маці. Сям'я стаяла на ўліку, як сям’я ў «сацыяльна-небяспечным становішчы».

У Чырвонаслабодскім сельскім савеце патлумачылі, што Вольга не злоўжывала алкаголем, а на ўлік трапіла з прычыны «антысанітарыі».

«Вольга з 1 лютага ўладкавалася на працу, даяркай. Сталі на ўлік як сям'я, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Не разумеем, чаму так здарылася», - дадалі ў сельскім савеце.

«З райвыканкама прымушалі яе працаваць»

Дом, у якім жыла сям'я, быў стары, драўляны. Ён дастаўся ў спадчыну ад маці Вольгі. На новы дом у Ігара з Вольгай не было грошай. Удавец кажа, што прасілі райвыканкам дапамагчы з жыллём, а там адказвалі: «Дзе мы вам возьмем? Самі шукайце».

«Што ў доме быў беспарадак - дык гэта ж дзеці, разумееце? Цацкі былі раскіданыя, гразь развядуць. Вольга прыбірала ў доме. А з райвыканкама прыязджалі і чапляліся да ўсяго. Галоўнае - змушалі яе ісці працаваць. А яна баялася кідаць дзяцей дома адных. Бо яшчэ што спаляць, не дай Бог! Тым больш, дзе было працаваць? Толькі даяркай. А гэта сыходзіць на цэлы дзень з дому. Я дзень на працы, яна павінна была быць дзень на працы. Каб з дзецьмі што здарылася - сказалі б, што мы вінаватыя, што кінулі іх», - распавядае Ігар.

Ён працуе жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы. Атрымлівае блізу 400 рублёў - 200 даляраў. Кажа, што на жыццё сям'і выстарчала. Вользе і дзецям дапамагала яе сястра, якая таксама жыве ў Будзе.

«Адзення ў нашых дзяцей выстарчала - усю вёску можна было апрануць. Але яны чапляліся і чапляліся. Не ведаю, што ім не падабалася», - кажа жыхар.

«Вось так яны яе давялі»

Ігар кажа, што «правяраючыя органы» паставілі Вользе ўльтыматум: альбо ідзі на працу, або забярэм дзяцей у прытулак. Вольга пайшла на працу, але моцна перажывала - як дзеці будуць адны дома?

«Увесь час думала пра дзяцей. Вось так яны яе давялі...А яна была крыўдлівая. І такое зрабіла... У панядзелак яны пагражалі прыехаць з праверкай – ці ўладкавалася Вольга на працу. Мы чакалі, а яны не прыехалі. А ў аўторак такое здарылася», - дадае жыхар Кастрычніцкага раёна.

Цяпер ён з хлопчыкамі перабраўся на час жыць да сваёй маці, у вёску Харомцы Кастрычніцкага раёна.

«Міша, Дзіма і Ягор увесь час плачуць: «Дзе мама? Дзе мама?» Што мне ім казаць?» - пытае Ігар.

У школе і райвыканкаме каментаваць адмовіліся.

У Чырвонаслабодскай школе, дзе вучыліся старэйшыя дзеці, адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Адмовіліся размаўляць з журналістамі і ў аддзеле адукацыі Кастрычніцкага райвыканкама.

«Я з гэтай нагоды ніякіх каментароў даваць не збіраюся. Я не ведаю, акрэдытаваныя вы ці не, ці маеце дазвол у нашым раёне, я вас не бачу, а казаць можна што заўгодна», - адказала начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага райвыканкама Марына Балынская.

Вядома, што праверкай аб факце смерці жанчыны займаецца Следчы камітэт.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках