24 красавiка 2024, Серада, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь парушыла міжнародную канвенцыю пры выбары месца для АЭС

10
Беларусь парушыла міжнародную канвенцыю пры выбары месца для АЭС
ФОТА: ТАСС

Беларускія экалагічныя актывісты выступілі з заявай.

Бакі Канвенцыі Эспаа мяркуюць, што Беларусь парушыла канвенцыю, калі не абгрунтавала канчатковую пастанову абраць Астравец у якасці пляцоўкі для будаўніцтва атамнай станцыі. Пра гэта гаворыцца ў пастанове, прынятай на пасяджэнні бакоў канвенцыі ў Жэневе.

Канвенцыя Эспаа - (Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце) - міжнароднае пагадненне, ініцыяванае Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, падпісаная ў Эспаа (Фінляндыя) у 1991 годзе і ўвайшла ў дзеянне ў 1997 годзе. Згодна з канвенцыяй, працэдура ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (уключаючы публічныя абмеркаванні) патэнцыйна небяспечных праектаў павінна праводзіцца не толькі ўнутры дзяржавы, але і ў сумежных краінах, якія могуць быць закранутыя ўздзеяннем гэтых аб'ектаў.

Камітэт для выканання канвенцыі прыйшоў да высновы, што ў ацэнцы ўздзеяння БелАЭС на навакольнае асяроддзе «згадваюцца альтэрнатыўныя месцы размяшчэння атамнай электрастанцыі і крытэрыі выбару пляцоўкі, але не прыводзіцца дастатковай інфармацыі ў падтрымку і абгрунтаванне выбару Астравецкай пляцоўкі для прыняцця канчатковай пастановы ў дачыненні да гэтай дзейнасці ў адпаведнасці з канвенцыяй».

Беларускія экалагічныя актывісты выступілі з заявай з нагоды пастановы Канвенцыі Эспаа. Іх дэлегацыя дэманстратыўна пакінула залу і пазней заявіла, што не прызнае гэтай пастановы, бо Канвенцыя не абавязала Беларусь рабіць нешта ў пытанні БелАЭС. Тэкст заявы актывісты даслалі ў рэдакцыю Charter97.org:

- Заява прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў сувязі з пастановай Канвенцыі Эспаа ў справе аб Беларускай АЭС, прынятай 7 лютага на пазачарговай нарадзе бакоў.

Мы вітаем пастанову аб Беларускай АЭС, прынятую пазачарговай нарадай бакамі Эспаа канвенцыі ЕЭК ААН 7 лютага 2019 года. Мы ўдзячныя Камітэту ў ажыццяўленні Канвенцыі за складаную працу, якая, дарэчы, дазволіла выявіць новыя факты парушэнняў пры рэалізацыі праекта Беларускай АЭС пры выбары Астравецкай пляцоўкі для размяшчэння атамнай электрастанцыі. Гэта парушэнне для нас, грамадскасці Беларусі, відавочнае і знаходзіць сваё пацверджанне ў шэрагу фактаў, якія мы агучвалі раней, і якія таксама пацверджаныя пастановамі Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН і вынікамі партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Мы шматкроць звярталі ўвагу на той факт, што пастанова аб выбары Астравецкай пляцоўкі была зробленая да пачатку кансультацый з краінамі-суседкамі, а таксама да заканчэння ўсіх неабходных даследаванняў - менавіта таму Камітэт канвенцыі Эспаа не змог знайсці ў дакументацыі ў ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС дастатковага абгрунтавання гэтага выбару!

Гэта далёка не ўсе парушэнні, якія на наш погляд, Камітэт павінен быў бы адзначыць у сваёй пастанове, а нарада бакоў - зацвердзіць. Так, Беларусь не выканала пастановы 6-й нарады бакоў аб Беларускай АЭС, а таксама не дала інфармацыі паводле пяці тэхнічных пытанняў, паднятых Літвой падчас кансультацый. На сёння як грамадзянская супольнасць, так і закранутыя бакі, валодаюць вычарпальнымі довадамі.

Камітэт у ажыццяўленні і за ім пазачарговая нарада бакоў канвенцыі Эспаа, на наш погляд, прынялі празмерна мяккую пастанову аб Беларускай АЭС, фактычна не наклаўшы на краіну ніякіх дадатковых абавязацельстваў.

У гэтай сітуацыі выклікае асаблівы неспакой непрыманне Беларуссю гэтай пастановы, як і відавочны сабатаж перамоваў і заявы аб працэдурных парушэннях і палітычных маніпуляцыях. Мы падкрэсліваем, на сёння існуе досыць пацверджаных фактаў, якія даводзяць згаданыя парушэнні і многія іншыя, якія Беларусь спрабуе не проста адмаўляць, але агрэсіўна ўплываць на ход перамоў і працэдуры Эспаа.

На сёння гэты ўплыў прывёў да таго, што механізмы Канвенцыі перастаюць напоўніцу быць адкрытымі і дэмакратычнымі для ўсіх, і яе органы ідуць на ўсё большыя саступкі ядзернаму лобі.

Аднак афіцыйная Беларусь не прымае і гэтых саступак, бо патрабуе пастановы аб тым, што яна цалкам выконвае Канвенцыю, хоць гэты факт абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.

Мы мяркуем, што такая палітыка краіны прывяла не толькі да пагаршэння практыкі выкарыстання Канвенцыі, але і да пагаршэння міжнароднага іміджу краіны, напрыклад, на еўрапейскай арэне. І ў гэтай сітуацыі, Беларусі для аднаўлення іміджу, а таксама здаровых партнёрскіх і добрасуседскіх стасункаў варта падумаць аб замарожванні будаўніцтва АЭС, што прывядзе да вычэрпвання міжнародных спрэчак і напружання ўнутры краіны, а таксама дасць эканоміцы шанец на здаровае і незалежнае развіццё!

8 лютага 2019, Менск-Жэнева

Назіральнікі за перагаворным працэсам пазачарговай Нарады Бакоў Канвенцыі ЕЭК ААН Эспаа ад Грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ГА «Экадом».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках