25 красавiка 2024, Чацвер, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З чым вернецца Лукашэнка з Сочы?

39
З чым вернецца Лукашэнка з Сочы?
ФОТА: ТАСС

Верагодна, ні з чым.

13 лютага ў Сочы павінна адбыцца чарговая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

Беларуска-расейская група інтэграцыі, створаная пастановай Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, павінна выпрацаваць супольную праграму дзеянняў.

Камісія стваралася для выпрацоўкі агульнага бачання стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй на фоне досыць няўдалых перамоваў у другой палове 2018 года. Што рэальна ёй пад сілу, сайт zautra.by спытаў у палітолага Андрэя Казакевіча.

– Якія ў гэтай камісіі паўнамоцтвы, ці будуць яе прапановы або пастановы жыццяздольнымі?

– Не думаю, што ў камісіі будуць нейкія паўнамоцтвы, яе функцыя, хутчэй, тэхнічная – праводзіць кансультацыі, збіраць інфармацыю, больш глыбока прапрацоўваць пытанні, якія існуюць у двухбаковых стасунках. А пастановы будуць прымацца на ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краінаў.

– Фармальна ўжо многія гады існуе саюзная дзяржава, дзе ёсць саюзныя органы і структуры, якія і раней павінны былі займацца гэтымі пытаннямі. Чаму гэта не адбылося?

– Саюзная дзяржава фактычна не дзейнічае. Яна стваралася ў той момант, калі прапрацоўваліся розныя варыянты вельмі цеснай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Тады быў слабы Ельцын і моцны Лукашэнка, але ўжо даўно ўсе гэтыя схемы з'яўляюцца непрацоўнымі. Цяпер ёсць пэўны набор кірункаў, па якіх дзейнічае саюзная дзяржава, напрыклад супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, тэхнікі, асобных праграмаў, зацверджаных двума бакамі.

Але ў цэлым нейкім суб'ектам у прыняцці пастановаў саюзная дзяржава і ейныя структуры не з'яўляюцца. Двухбаковыя стасункі паміж Беларуссю і Расеяй, у асноўным, арганізуюцца на перамовах і на кантактах паміж службовымі асобамі Беларусі і Расеі без сур'ёзнага выкарыстання такіх структураў, як саюзная дзяржава.

– Навошта сёння патрэбная саюзная дзяржава, калі Беларусь і Расея ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны звяз?

– Асаблівай функцыянальнасці ў яе існаванні няма. Беларускі бок з задавальненнем перагледзеў бы гэтую дамову, унёс бы карэктаванні. Але для Расеі важна захоўваць гэты фармат, які дазваляе больш цесна прывязваць Беларусь да Расеі. Для Расеі стратэгічна выгодна захоўваць такія дадатковыя фарматы, структуры і інстытуты, каб мець больш магчымасцяў для ўздзеяння, для палітычнай гульні пры ўзаемадзеянні з Беларуссю.

– Беларускі амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка амаль на сто адсоткаў перакананы, што 13 лютага на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна будзе знойдзенае развязанне важных спрэчных пытанняў. Наколькі апраўданы аптымізм беларускага дыпламата?

– Гэта складана ацаніць. У яго значна больш інфармацыі, чым можна знайсці ў адкрытых крыніцах. Магчыма, сапраўды ёсць прагрэс і зрухі ў знаходжанні кампрамісу ва ўзаемадзеянні паміж дзвюма краінамі. Але калі аналізаваць гэтую сітуацыю, зыходзячы з гісторыі двухбаковых стасункаў апошніх двух гадоў, то максімум, што можа быць дасягнута ў такім выпадку, гэта, хутчэй, кароткатэрміновы кампраміс – зняць найбольш вострыя пытанні, магчыма, некаторыя пытанні адкласці на больш далёкую перспектыву. Тое, што ў выніку гэтай сустрэчы будуць знятыя ўсе праблемы, думаю, малаверагодна.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках