20 красавiка 2024, Субота, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці загінулага следчага са Стоўбцаў: Сэрца кажа, што не мог ён зрабіць гэта сам

Маці загінулага следчага са Стоўбцаў: Сэрца кажа, што не мог ён зрабіць гэта сам
СТАНІСЛАЎ БЕЦЬ

Станіслаў Бець ніколі не распавядаў бацькам пра тое, чым канкрэтна займаўся, не дзяліўся, якія справы разглядаў.

У Стоўбцах 28 лютага знайшлі павешаным 21-гадовага следчага Станіслава Беця. «Радыё Свабода» паразмаўляла з маці Станіслава Ірынай.

Ірына працуе настаўніцай пачатковых класаў у школе ў вёсцы Дзераўной, дзе вучыўся і яе сын (але яна ў яго не выкладала). Школа невялікая, усё навідавоку. Заўсёды цікавілася вучобай сына. Кажа, што той марыў паступіць у Акадэмію МУС, стаць следчым.

«Мы з бацькам вельмі асцярожна адгаворвалі, казалі, што вельмі адказная і цяжкая прафесія, можа выбірай нейкую іншую, дзе лягчэй - сувязістам, настаўнікам. Але сын намагаў на сваім.

Здаецца, у 10-м класе яму прыйшло запрашэнне паступаць у акадэмію, ён вельмі гэтым ганарыўся. У школу прыязджалі спецыялісты прафарыентацыі, і Станіслаў быў вельмі рады, калі сказалі, што ён падыходзіць да працы ў міліцыі. Быў такі натхнёны, акрылены. «Матуля, я так хачу туды паступіць!» Сэрца маё супраціўлялася, я ж разумела, што прафесія цяжкая, адказная, далёка не рамантычная. Але дабраславіла сына, сказала, што ўсім дапамагу.

Тлумачыла, што нялёгка паступіць, трэба добра ведаць грамадазнаўства, гісторыю, гуманітарныя навукі. У старэйшых класах Станіслаў сур'ёзна займаўся з настаўнікам грамадазнаўства. Вельмі любіў гісторыю. У старэйшых класах на раённых алімпіядах па гісторыі заўсёды займаў першае месца. А ў 9-м класе сказаў, што хоча яшчэ паспрабаваць паўдзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі. І заняў другое месца.

Калі паступіў, і я, і бацька вельмі ганарыліся сынам.

Добра вучыўся, заўсёды на павышаную стыпендыю. На ўрачыстасць з нагоды заканчэння Акадэміі мы паехалі з бацькам у Менск, мерапрыемства было на плошчы Дзяржаўнага сцяга, ён прымаў прысягу - вельмі кранальна гэта было.

Дняваў і начаваў на працы

І тут я адчуваю сваю віну... Станіслаў скончыў следча-экспэртны факультэт, яму прапанавалі выбіраць працу: было месца ўчастковага і месца следчага. Ён яшчэ вагаўся, што выбраць. І раіўся з намі. А я кажу: «Сынок, выбірай сам. Але ты скончыў такі прэстыжны факультэт, можа, усё ж ідзі следчым. Я прыму ўсякі твой выбар».

Пайшоў працаваць следчым. Дняваў і начаваў на працы ў напроставым сэнсе. Тэлефаную а сёмай вечара - кажа, што ён на працы. Кладуся спаць аб 11-й, тэлефаную - «Мама, я яшчэ на працы, шмат спраў». Тэлефаную ўранку - «Мама, вельмі позна прыйшоў, паспаў дзве гадзіны, памыўся і вось іду на працу».

Яму праца вельмі падабалася. Хлопец ён вельмі адказны. Усе, хто яго ведае ў нашай вёсцы, пацвердзяць мае словы. Вельмі адказна ставіўся да ўсяго, што рабіў. Але ніколі не распавядаў пра тое, чым канкрэтна займаецца, не дзяліўся, якія справы разглядае.

Не магу зразумець, не магу растлумачыць, што здарылася. Не магу прыняць. Але сэрца маці кажа, што не мог ён так зрабіць, не мог! Ён быў вельмі добры, адказны. І калі мне ўчора патэлефанавалі, што Станіслаў не выйшаў на працу, я кажу: «Не можа быць!» Да чаго-чаго, а да працы вельмі адказна ставіўся.

Апошнім часам рэдка прыязджаў дадому, хоць ад Стоўбцаў да нашай вёскі 35 кіламетраў. Пытаюся: чаму так рэдка прыязджаеш? Адказвае: «Мама, працы шмат, я малады спецыяліст, хачу ўсё дасканала вывучыць, усё ведаць».

Хоць у яго была грунтоўная падрыхтоўка - у Акадэміі ўсе гады атрымліваў павышаную стыпендыю, займаўся спортам - падымаў гіры.

Я заўсёды яго падтрымлівала, суцяшала: «Спачатку на ўсякай працы цяжка, потым будзе лягчэй».

У мінулыя выходныя таксама не змог прыехаць, але да мяне заехаў ягоны сябар Андрэй, з якім яны разам вучыліся ў Акадэміі МУС, цяпер разам працавалі, жылі на здымнай кватэры. Прывёз нам кантэйнеры, у якіх я перадачы перадаю. Я іх зноў напоўніла. Пытаюся: «Сынок, колькі табе яек пакласці: дзясятак ці два?» Адказвае: «Кладзі пабольш, няма часу на прыгатаванне, вельмі люблю раніцай яечню падсмажыць». Пякла на свята 23 лютага торцік, Станіслаў вельмі любіць салодкае. Увечары тэлефануе, дзякуе за перадачы: «Мама, які смачны твой торцік!» Вельмі ўдзячны заўсёды быў...

Учора, калі мне паведамілі пра няшчасце, зайшла я на кватэру, дзе ён жыў. Парадак ідэальны, кашулі пагладжаныя, акуратна развешаныя на вешалкі, усё чысценька. Улетку, калі ўладкоўваўся на працу, кажа: «Мама, трэба мне гарнітур добры набыць, каб прыстойна, годна выглядаць, я ж следчым буду працаваць»... Вельмі акуратны, сачыў за сабой.

У 10-11 класах была ў яго дзяўчына, сябравалі яны. А потым вучоба, праца. Я часта пыталася: ці ёсць у цябе з кім-небудзь сур'ёзныя стасункі? Жартаваў: «Мама, калі будуць, ты першая даведаешся». Я таксама жартавала: «Твая дзяўчына-гэта твая праца»...

Апошнім разам ён прыязджаў дадому ў канцы студзеня. Мы заўсёды ў нядзелю ўсе разам, усёй сям'ёй ходзім у касцёл, які побач з нашым домам. І калі Станіслаў вучыўся ў школе, таксама заўсёды хадзіў у касцёл.

Не веру, не магу змірыцца, не магу прыняць, што ён сам гэта зрабіў... Мы ўчора ўспаміналі з бацькам, што калісьці, даўным-даўно, былі размовы, глядзім жа тэлевізар, чытаем пра нейкія такія выпадкі. Дык Станіслаў заўсёды казаў: «Я люблю жыццё». Ну не мог ён сам, не мог...».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках