20 красавiка 2024, Субота, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як канцлер ВКЛ Леў Сапега аб'ядноўваў славян супраць усходняй дэспатыі

4
Як канцлер ВКЛ Леў Сапега аб'ядноўваў славян супраць усходняй дэспатыі

Наша дзяржава заўсёды стаяла на абароне заходніх межаў еўрапейскай цывілізацыі.

Грозным было XV стагоддзе для еўрапейскай цывілізацыі. Велічэзныя бамбарды турак-асманаў закідалі ўмацаванні некалі непераможнага граду Канстанцінопаля каменнымі ядрамі, выпалілі рэшткі струхлелай Візантыйскай імперыі. Новы свет нараджаў новыя ідэі. Іх неслі ў Італію да трона папы Мікалая V уцекачы са спустошанай грэцкай імперыі. Ля трона папы з'явіўся гурток філосафаў і публіцыстаў, якія сур'ёзна задумваліся аб магчымым супрацьстаянні асманам. Яно бачылася некаторым іерархам царквы ў нейкім аб'яднанні народаў Паўднёвай Еўропы супраць нашэсця з усходу, супраць ісламу, піша litvin.pl.

Такія ідэі зарадзіліся ў Чэхіі, дзе гуманісты з 14 стагоддзя прапаведавалі аб'яднанне славян пад сцягам адзінай веры. Рымскі папа Пій II, які меў досвед працы ў Празе (быў тут папскім легатам), падтрымаў занепакоенасць лёсам славян Нікейскага мітрапаліта Вісарыёна (1403 -1472). Блізкія да яго навукоўцы распрацавалі канцэпцыю так званага панонскага славянства, згодна з якой лёс славянскага свету вызначаўся на Балканах. Гэтую канцэпцыю блізка прынялі пры двары польскіх каралёў. Адзін з польскіх каралёў Уладзіслаў III нават аддаў жыццё за вызваленне балгараў ад асманаў, склаўшы галаву пад Варнай у бітве 1444 года.

У Вялікім Княстве Літоўскім па-свойму разглядалі славянскую ідэю. Тут нарастала занепакоенасць часткі магнатаў нераўнапраўем праваслаўных і каталікоў. Праваслаўныя арыстакраты ВКЛ падалі ідэю стварэння Вялікага княства Рускага на ўсходніх землях. Цікава, што ў 1432 годзе князь Свідрыгайла атрымаў у Полацку тытул вялікага князя рускага.

Леў Іванавіч Сапега пачынаў сваю кар'еру пры двары караля Стэфана Баторыя. З часам ён здолеў дасканала вывучыць палітычную і ідэалагічную абстаноўку ў Маскоўскай дзяржаве. Аналіз палітычнай будучыні ва ўзаемастасунках маскавітаў і літвінаў прывёў Сапегу да ідэі праекта уніі паміж дзяржавай князёў маскоўскіх і Каралеўствам Баторыя.

Смерць караля замарудзіла ажыццяўленне праекта, але не адпрэчыла яго. Сапега, стаўшы канцлерам ВКЛ, засяродзіўся на падрыхтоўцы агентаў уплыву сярод палітычнай эліты Маскоўскай дзяржавы. Такіх сяброў літвінаў адшукаць ля пасаду спадчыннікаў Івана Жахлівага выявілася няцяжка. Пры двары караля Жыгімонта падбіралі фігуры стаўленікаў на маскоўскі трон, не выключаючы і самазванцаў. Гэта стварала глебу для пасялення першага Ілжэдзмітрыя ў Маскве.

На думку канцлера Льва Сапегі ўкладанне уніі з Масковіяй стала б першым крокам на шляху аб'яднання славян. Магчыма, на імкненні Льва Іванавіча адбіліся таксама ідэі езуіта Пятра Скаргі, які ўмеў выклікаць прыхільнасць да сябе ўплывовага дзяржаўнага мужа глыбінёй мыслення. Мяркуецца, што пераход Сапегі ў каталіцтва (канцлер быў раней пратэстантам) адбыўся менавіта пад уплывам Скаргі. На думку Скаргі славяне павінны былі ўтварыць адзіны народ, землі якога прасціраліся ад берагоў Адрыятычнага мора да волжскіх скалаў. Прычым да славянаў паводле класіфікацыі Скаргі трэба адносіць не толькі палякаў, чэхаў, сербаў, балгараў, але і паморцаў, ілірыйцаў, сілезцаў, вандалаў.

У 1596 годзе Леў Сапега ў сваёй прамове на Берасцейскім Саборы выказваўся за падпарадкаванне праваслаўнай царквы Папе Рымскаму ў сувязі з руйнаваннем Візантыйскай імперыі. Імаверна, ў падтрымцы такога саюза Сапега ў першую чаргу думаў аб стварэнні новай рэлігіі для ўсяго аб'яднанага славянства.

Захаваць перакананні ды палітычную накіраванасць Сапега здолеў і за каралём Жыгімундам III, які добра ставіўся да Ганны Ягелонкі, заступніцы канцлера. Смерць маскоўскага цара Фёдара Іванавіча ў 1598 годзе дала яму выдатны шанец выставіць прэтэндэнтам на маскоўскі трон Жыгімонта Трэцяга. Перашкодзілі маскоўскія канкурэнты. Трон дастаўся Барысу Гадунову, які быў больш хітрым і палітычна моцным. Тады Леў Іванавіч прапануе новаму цару праект жаніцьбы Жыгімонта з дачкой Барыса Ксеніяй. Такі шлюб таксама мог стаць асновай для уніі з маскоўцамі. Але Барыс прадбачліва адхіліў шлюбныя прапановы канцлера літвінаў.

Аднак Сапега не думаў адступаць. Тэму уніі ён падымае падчас пасольства ВКЛ пачатку 17 стагоддзя ў Маскву. Адным з аргументаў для падпісання саюза была прапанова вечнага міру, які назаўжды б усталяваў спакой на літоўска-маскоўскай мяжы і наблізіў бы краіны да росквіту. У Маскоўскім крамлі Сапега тлумачыў баярам у 1600 годзе выгады вечнай дружбы, казаў, што літвіны і маскоўцы адной крыві і сварыцца ім не трэба. Народы павінны былі думаць пра Бога, а не пра варожасць, якая падзяляла іх.

Імкнучыся да аб'яднання славян, Леў Іванавіч Сапега апярэджваў час. Але ягоныя спробы дамагчыся нейкай стабільнасці ў дачыненнях паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ скончыліся эпапеяй Дзмітрыя Самазванца, а затым і крывавай барацьбой на прасторах Масковіі. Першыя спробы уніі звяліся да ўзброенай агрэсіі, да змены адных авантурыстаў іншымі, да спусташэння гарадоў і вёсак. Пасля падзей, якія атрымалі ў расейскай гісторыі злавесную назву Смуты, царская ўлада ў Маскоўскай дзяржаве стала яшчэ больш бязлітаснай і абсалютнай, якая не стрымлівала сябе ніякімі маральнымі і юрыдычнымі перашкодамі. Дзяржава, якая жыла вайной, не магла не ваяваць, стала імкнучыся ўзброенай сілай пашыраць свае межы. У 17 стагоддзі ВКЛ спаўна спазнала сквапнасць маскоўскіх цароў і іх ваяводаў, якія спустошылі не толькі ўсходнія вобласці, але і Вільню.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках