20 красавiка 2024, Субота, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейцы выйшлі на марш супраць акумулятарнага завода

7
Берасцейцы выйшлі на марш супраць акумулятарнага завода

У акцыі ўдзельнічалі больш за 150 чалавек.

Удзень 10 сакавіка на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода. Гэтым разам на яго прыйшлі больш за 150 чалавек, паведамляе «Брестская газета».

Са слоў Дзям'яна Лепясевіча, аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы ў барацьбе з заводам, дзяржорганам пададзеныя ўсе парушэнні, якія датычацца прадпрыемства.

Пасля кармлення галубоў людзі зноў пайшлі гуляць па горадзе. Калона прайшла вуліцамі Пушкінскай і Савецкай і спынілася каля кінатэатра «Беларусь». Людзі некаторы час гутарылі паміж сабой, а потым разышліся. За імі назірала міліцыя, але не ўмешвалася. Упершыню на плошчы былі прадстаўнікі Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінскі Камітэт».

Як раней пісала «БГ», з пачатку 2018 гадоў у Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПаўэр». Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

З 4 сакавіка мінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ўлады дазволілі ім сабрацца і пратэставаць - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец года. Паводле апошніх звестак, першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе плануецца выпусціць у сакавіку гэтага года. Паводле афіцыйнай інфармацыі, магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў на год, а пасля будзе павялічаная ўдвая. Аднак ініцыятыўная група заяўляе, што абсталяванне, якое завезлі на прадпрыемства, дазволіць выпускаць да 6 млн акумулятараў на год.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках