23 красавiка 2024, aўторак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты: Лукашэнка і ўрад жывуць у паралельных цывілізацыях

17
Эканамісты: Лукашэнка і ўрад жывуць у паралельных цывілізацыях

Чаму новыя паказчыкі ад дыктатара не будуць дасягнутыя.

Савет міністраў прыняў фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на найбліжэйшыя тры гады, якая супярэчыць устаноўкам дыктатара, піша udf.by.

Згодна з імі рост беларускай эканомікі запланаваны ў 2019 годзе на ўзроўні 2,1%, у 2020-м - 2,5%, у 2021-м - 2,8%.

Яшчэ адзін цікавы прагноз: у канцы 2021 года даляр будзе каштаваць Br2,3861. Згодна з гэтым курсам ВУП краіны вырасце за тры гады з $59 млрд да $67 млрд.

Але год таму Лукашэнка запатрабаваў, каб да 2025 года валавы ўнутраны прадукт (ВУП) склаў ня менш за $100 млрд:

«Наш унутраны патэнцыял дазваляе, каб эканоміка расла незалежна ад таго, колькі каштуе нафта і які яе аб'ём мы перапрацуем, якая кан'юнктура на калій або прадукты харчавання... Каб вонкавыя фактары ўплывалі на нас мінімальна».

Чаму планы ўрада не стасуюцца з гэтым указаннем?

«Любоў да круглых лічбаў у нас невыкараняльная, яны нават трапляюць у афіцыйныя дакументы»

«ВУП 100 мільярдаў даляраў - узятая са столі і нічым неабгрунтаваная лічба. Лукашэнка любіць ставіць задачы з круглымі лічбамі - каб была пуцяводная зорка. Але бюджэт павінен усё ж стаяць на зямлі.

Таму ў фінансавай праграме і закладзеныя больш рэальныя тэмпы росту ВУП. Каб дасягнуць $100 млрд, трэба прырастаць па 7-8% штогод. Але адкуль такі рост возьмецца, калі летась ледзь выраслі на 3%, а экспэрты кажуць, што сёлета і такога не будзе», - патлумачыў доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

Ён нагадаў, што нядаўна агучваліся і іншыя ўражлівыя круглыя лічбы што да беларускай эканомікі. Віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын заявіў, што ВУП у краіне можа і зусім складаць $150 млрд - калі будзе наладжанае эфектыўнае кіраванне на прадпрыемствах-лідарах.

У падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам дырэктыве №6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» гаворыцца, што да канца 2020 года павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40%.

«Гэта ж цалкам адарваныя ад зямлі звесткі. Любоў да круглых лічбаў у нас невыкараняльная, яны нават трапляюць у афіцыйныя дакументы», - адзначыў Барыс Жаліба.

«Інвестыцый няма і, відавочна, не прадбачыцца»

Эканаміст Леў Марголін адзначыў:

«Звесткі ў сярэднетэрміновай фінансавай праграме рэспубліканскага бюджэту азначаюць толькі адно: Лукашэнка і ўрад жывуць у розных эканамічных катэгорыях, паралельных цывілізацыях».

Тэмпы росту 2,1-2,8% эканаміст уважае за неадпаведныя патрэбам для развіцця эканомікі.

«Але інвестыцый няма і, відавочна, не прадбачыцца. Я не ўважаю за інвестыцыі тое, што дзяржава забірае ў адных прадпрыемстваў і ўкладае ў іншыя на сваё меркаванне. Інвестыцыі павінны быць прыватныя і пераважна замежныя», - сказаў Леў Марголін.

Чаму ўнутраныя інвестыцыі не выратуюць?

«Не таму што нашы грошы горшыя, а таму што інвестыцыі павінны прыносіць з сабой сучасныя тэхналогіі і прадукты, а таксама загадзя закладзеныя рынкі збыту. Усяго гэтага не можа быць, калі інвестыцыі ўнутраныя. Але нават унутраных у нас, як відаць, у дастатковай ступені няма. А калі няма інвестыцый - значыць, няма росту», - сказаў Леў Марголін.

Ва ўрадзе шмат кажуць аб значным росце малога і сярэдняга бізнэсу, які мог бы выцягнуць беларускую эканоміку. Ці ёсць перспектывы ў гэтым кірунку?

«Малы бізнэс у развітых краінах можа даваць да 60% ВУП. Але яму трэба стварыць адпаведныя эканамічныя ўмовы. Без інвестыцый ён таксама развівацца не можа. Дайце яму крэдыты пад 2-3% гадавых, дайце яму абарону ад самавольства - і ён зробіць свой унёсак», - мяркуе эканаміст.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках