28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Беларуская эканоміка залежыць ад усіх вятроў

1
Экспэрт: Беларуская эканоміка залежыць ад усіх вятроў

У першую чаргу - ад усходняга.

На думку доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, пакуль рана біць трывогу праз нізкія студзеньскія паказчыкі:

- Апошнім часам што да экспарту асабліва нічога не змянілася, - сказаў ён у экспрэс-каментары для «Салiдарнасцi». - Нашы асноўныя прадукты, якімі мы гандлюем - гэта нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і мяса-малочная прадукцыя, як былі, так і засталіся.

Прычына тут іншая: справа ў тым, што ў першыя месяцы мінулага года экспарт вельмі моцна падскочыў. Тады склаліся спрыяльныя ўмовы. А цяпер тая высокая «база» вызначае невысокія адсоткі сёлета - цяпер ужо такога скачка няма.

Аднак, на думку эканаміста, існуюць рэальныя эканамічныя пагрозы, якія могуць перашкодзіць уладзе ў перадвыбарчы год:

- Асцерагацца трэба таго, чаго і заўсёды: наша эканоміка застаецца адкрытай, у нас на экспарт завязаная большая частка ВУП. І, на жаль, вектар нашага экспарту не памяняўся. Усё, у асноўным, ідзе ў Расею. І калі там нашу прадукцыю купляюць, то мы жывем. А калі не, то наступаюць праблемы з валютным прыбыткам, інфляцыяй і дэвальвацыяй.

А сёлета перспектывы не вельмі вясёлкавыя, бо Расею чакаюць новыя амерыканскія санкцыі, даволі жорсткія, якія будуць на яе ціснуць. Так што, ёсць асцярогі, што расейскі рынак чарговым разам можа скурчыцца - і ў меншых аб'ёмах будуць купляць нашу прадукцыю.

А калі сітуацыя ў эканоміцы Расеі пагоршыцца, то можа скараціцца яшчэ больш тая падтрымка, якая надаецца Беларусі ў выглядзе крэдытаў і танных энэргарэсурсаў.

Мы зноў залежым ад усіх вятроў. У першую чаргу - ад усходняга, - падкрэслівае Барыс Жаліба.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках