18 красавiка 2024, Чацвер, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Кабанаў: Да пратэстаў у Берасці могуць далучыцца «дармаеды»

12
Аляксандр Кабанаў: Да пратэстаў у Берасці могуць далучыцца «дармаеды»

Ужо больш за год Берасце - эпіцэнтр экалагічных пратэстаў.

Кожную нядзелю сотні нязгодных з будаўніцтвам Берасцейскага акумулятарнага завода выходзяць на цэнтральную плошчу горада. З апошніх звестак, першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе плануецца выпусціць ужо ў гэтым месяцы.

Ці настроены берасцейцы змагацца далей? Што дае ім сілы? Гэтыя ды іншыя пытанні сайт Charter97.org задаў актыўнаму ўдзельніку пратэстаў, блогеру з Бярозы, лаўрэату Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2018 год у дзвюх намінацыя Аляксандру Кабанаву.

- У лютым «кармленне галубоў» у Берасці перарасло ў масавыя маршы па горадзе. Чаму была прынятая пастанова змяніць фармат пратэсту?

- Рэч ў тым, што правядзенне такіх маршаў абмяркоўвалася яшчэ год таму. У той час некаторыя спадзяваліся, што будзе абмеркаванне, сустрэчы з чыноўнікамі, падача дакументаў і неяк пытанне разгледзіцца.

Калі ж гэтага не адбылося, людзі зразумелі, што трэба прымаць больш кардынальныя меры ўздзеяння. Адна з іх - маршы па горадзе. Гэта не толькі маўклівы пратэст супраць завода, але і, найперш, супраць таго, што ўлады не чуюць нас!

Колькі пісалі таму ж старшыні берасцейскага аблвыканкама Анатолю Лісу, каб сустрэцца, але нуль рэакцыі. Намі было пададзена шмат заявак на мітынгі, пікеты, але мы атрымалі адмову.

Толькі аднойчы ўлады дазволілі мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», які прайшоў 29 красавіка і сабраў блізу 2 000 чалавек.

У сувязі з тым, што я апісаў вышэй і была прынятая пастанова пра больш актыўны пратэст. Тым больш, што грамадзяне маюць права шпацыраваць па горадзе, у тым ліку, па яго цэнтры.

- Першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе плануецца выпусціць ужо ў гэтым месяцы. Як да гэтага ставяцца жыхары Берасця і што маюць намер распачаць?

- Па-першае, хачу адзначыць, што людзі выразна разумеюць, што такое прадпрыемства ні да чаго добрага не прывядзе. Знойдзеныя і апублікаваныя намі звесткі кажуць адно - завод небяспечны.

Па-другое, звярнуся да ўладаў. Калі вы запускаеце завод, то гэта не азначае, што людзі з гэтым змірацца. Можаце быць упэўненыя, рук ніхто не склаў і складаць не збіраецца - супрацьстаянне будзе трываць і яшчэ не зразумела, у што гэта ўсё выльецца.

Па-трэцяе, важны пасыл тым, хто прымаў пастанову пра будаўніцтва завода. Калі нешта здарыцца, калі завод запрацуе, а існуе вялікая імавернасць, што праблемы ўзнікнуць, то вашы імёны, прозвішчы ўсім вядомыя. Да вас звярталіся, папярэджвалі, тлумачылі, а вы не прымалі ніякіх дзеянняў. Груба кажучы, вінаватыя ў магчымых наступствах ўжо пазначаныя.

Мы ж цяпер думаем, што рабіць далей, як маніторыць завод. Адзначу, што многія з тых, хто жыве ў раёне завода збіраюцца з'язджаць. Сітуацыя, напраўду, сумная.

- З'явілася інфармацыя, што акцыі будуць праходзіць не толькі нядзелямі, але і ў буднія дні. Гэта так?

- Сапраўды, мы падавалі заяўкі на правядзенне акцый і мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў буднія дні. Іх ужо, чакана, адхілілі.

Мы хацелі менавіта ў буднія дні, бо нядзелямі нібыта ў горадзе запланавана правядзенне мерапрыемстваў. «Усё распісана» - аргументуюць свае адмовы мясцовыя ўлады, таму мы надумалі пайсці іншым шляхам і прадаць заяўку на буднія дні.

Тым не менш, мы паказалі грамадскасці, як у Беларусі дзейнічаюць законы. На паперы адно, а ў рэальнасці іншае. Для ўладаў гэта закрытая тэма. Мабыць, дадзеная каманда з Менска, спыняць усялякую актыўнасць, звязаную з акумулятарным заводам. Як вы бачыце, усё адно нядзелямі мірныя акцыі прадаўжаюцца.

- Днямі стала вядома, што на вас завялі крымінальную справу. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

- Адразу скажу, што ніякага злачынства я не ўчыняў, каб на мяне заводзіць крымінальную справу. Ёсць ускосныя моманты, якія паказваюць на тое, што распачынанне справы звязанае з маёй грамадскай актыўнасцю.

Першы момант - заяву на мяне напісаў міліцыянт, які пражывае ў маім пад'ездзе. У нас з ім і раней былі канфліктныя сітуацыі.

Другі момант - заява напісаная праз практычна два гады пасля пэўных падзей, пра якія я яшчэ распавяду. За гэтыя два гады ніхто больш з жыхароў заяў на мяне не пісаў.

Рэч вось у чым. Два гады таму жыхары дома, у якім прыжываю, папрасілі мяне выканаць, скажам, пэўныя паслугі. Мяне абралі старшынём таварыства жыхароў. Пытанне тычылася будаўніцтва скляпоў.

Папрасілі падрыхтаваць усе дакументы, для таго, каб мы змаглі пабудаваць у доме сутарэнні. Гэта новы дом, дзесьці 3 гады таму яго здалі без сутарэнняў, а жыхары захацелі іх мець.

Бо праз ЖКГ іх рабіць дарагавата, то надумалі стварыць таварыства ўласнікаў жылля і пабудаваць сутарэнні сваімі сіламі, каб зэканоміць сродкі.

Увогуле, выбралі мяне і пастанавілі, што будуць плаціць мне заробак - 2 рублі ад кватэры на месяц. Гэта значыць, гэта было дзесьці 120 рублёў. Чатыры месяцы я адпрацаваў, займаўся рознымі справамі, дамогся выніку - нам дазволілі самім пабудаваць скляпенні. Вось і ўсё.

Тут, праз два гады, сусед-міліцыянт піша заяву, што я ўзяў у яго дзесьці 10 рублёў (5 даляраў) і не даў справаздачу, куды іх падзеў. Да мяне ў Бярозу прыязджаюць следчыя з Берасця, сюды кідаюць усе свабодныя сілы РАУС, людзей масава апытваюць.

Можаце сабе ўявіць, тут адбывалася невядома што. З раніцы да вечара была міліцыя. Здавалася б, заява на 10 рублёў.

Спачатку я яшчэ не ведаў, што адбываецца. Толькі бачыў, што каля дома міліцыя апытвае па 3-4 чалавекі. У выніку мяне выклікалі ў РАУС, растлумачылі, што на мяне напісалі заяву.

Ведаеце, у мяне гэта не выклікала ніякіх эмоцыя, бо што тут такога? Я ўзяў 440 рублёў за чатыры месяцы працы і ў гэтым няма ніякага злачынства! Следства ж пастанавіла, што я не меў права браць гэтыя грошы і, на іх думку, «прычыніў шкоду» таварыству ўласнікаў жылля.

Хачу сказаць, што суседзі, з якімі я камунікаваў за гэты час, прэтэнзій да мяне не маюць. Усё ў курсе, што я атрымліваў гэтыя грошы. Абвінавачваюць жа мяне паводле артыкула 211 ч. 1 КК «прысваенне або растрата сродкаў».

Для мяне тут усё зразумела. Мяне затрымліваюць кожную нядзелю з надуманых прычын. Я ўжо і не памятаю нядзелі, каб не трапляў у РАУС.

Нават было такое, што ў адну нядзелю мяне выклікалі ў Следчы камітэт. Сустрэўся я са следчым, выходжу, а на парозе зноў стаіць міліцыя. Едуць да мяне з ператрусамі і гэтак далей. Звычайная спроба ціску.

Але гэта яны дарма стараюцца. Я іх не баюся і так проста не здамся. Адчуваю сябе нармальна, маё сумленне чыстае. Падкрэслю, я не чыніў ніякіх злачынстваў і людзям у вочы гляджу смела і адкрыта. Гэтыя ж «барбосы», міліцыянты і следчыя, заўсёды вісяць на тэлефоне. Думаю, што яны размаўляюць з супрацоўнікамі КДБ, пытаюцца, як і што рабіць.

Вось чым займаюцца сілавікі, вось на што сыходзяць бюджэтныя грошы.

- Вы шмат размаўляеце з людзьмі, якія настроі ў горадзе, пра што кажуць берасцейцы?

- Людзі не вераць уладам і яны ўжо нават самі гэта разумеюць. Скажу так, у людзей, якія пачалі ўдзельнічаць у руху супраць акумулятарнага завода, расплюшчыліся вочы. Раней многіх усё задавальняла, яны жылі сваім жыццём.

Уяўляеце, былі нават выпадкі, у самым пачатку пратэстаў, калі некаторыя запрашалі дзяржаўныя СМІ, каб агучыць сваю пазіцыю, распавесці, што адбываецца і былі вельмі здзіўлены, калі праўладныя журналісты не прыязджалі. Для іх гэта было шокам.

Хоць я ім адразу казаў, што, «хлопцы, забудзьцеся пра гэта, пра вас могуць напісаць толькі незалежныя СМІ». Паўтаруся, у людзей расплюшчыліся вочы. Шмат хто ў шоку ад ціску на мяне.

Многія незадаволеныя і заробкамі, і тым, што з працай кепска, і будучыня невядомая. Я зычу беларусам быць больш упэўненымі ў сабе, сваіх сілах. Разумець, што мы можа змяніць сітуацыю ў краіне. Трэба быць актыўным, унікаць у сутнасць праблем, змагацца за сваю будучыню і браць удзел у развязанні важных пытанняў, а не так «ёсць пакуль што паесці - і добра».

Калі запусцяць завод, некаторыя маюць намер з'язджаць, прадаваць маёмасць.

Ведаеце, палічылі прыбытак ад гэтага завода, які будзе ісці толькі ўладальніку, а не ўлічылі, што многія людзі, якія жывуць у раёне акумулятарнага працуюць, плацяць падаткі і цяпер перад ім паўстала пытанне - ратаваць свае сем'і і з'язджаць.

Невядома, колькі будзе такіх людзей і якую іх ад'езд прычыніць шкоду краіне. Сярод іх ёсць і праграмісты, і сур'ёзныя інжынеры. Я не разумею, чаму ўлады пра гэта не задумваюцца.

Пратэст у Берасце трывае. Магчыма, да яго далучацца нейкія іншыя пратэсты. Дапусцім, супраць дэкрэта аб «дармаедах». Бо, як вядома, менавіта ў сакавіку «дармаедам» павінны прыйсці пацяжэлыя рахункі.

Усё можа адбыцца. Я ўспамінаю падзеі 2017 года, калі былі масавыя пратэсты супраць дэкрэта аб «дармаедах». Тады практычныя ўсе ў адзін голас казалі, што ў Берасці нічога не будзе. Нібыта гэта мяжа, кантрабандысты жывуць, у іх усё добра, але ў выніку Берасце паднялося.

Незадаволенасць у людзей ёсць, таму можа адбыцца ўсё, што хочаце. Тут складана прагназаваць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках