24 красавiка 2024, Серада, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як горад Гародня за Баторыем мог стаць сталіцай Рэчы Паспалітай

3
Як горад Гародня за Баторыем мог стаць сталіцай Рэчы Паспалітай

Пераможца Івана Жахлівага хацеў перанесці сталіцу дзяржавы.

Стэфан Баторый, трансільванскі князь, выхадзец з Вугоршчыны, быў бясконца адданы новай радзіме - польска-ліцвінскай дзяржаве. За гады праўлення Баторый зрабіў нямала для яе росквіту. Імкненне палякаў дамінаваць у Саюзе дзвюх дзяржаў, названым Рэччу Паспалітай, ён прыняў з незадаволенасцю. Знаходжанне сталіцы каралеўства Вільні ён уважаў за недарэчнасць і марыў перанесці яе бліжэй да Вялікага Княства Літоўскага, у горад Гародню. Менавіта яе Стэфан і выбраў княжацкай рэзідэнцыяй, піша «Літвін».

Плюс у гады ягонага праўлення Рэч Паспалітая вяла зацяжную Лівонскую вайну з Расеяй. Іван Жахлівы ў тыя гады змог захапіць паўночныя землі Вялікага Княства Літоўскага, Полацк з яго замкам. Таму было цалкам натуральным перанясенне стаўкі польска-ліцвінскага караля бліжэй да лініі фронту барацьбы з маскоўцамі.

ТАКІМ МОГ БЫЦЬ СТАРЫ ЗАМАК У ГАРОДНІ ЗА КАРАЛЁМ СТЭФАНАМ БАТОРЫЕМ

У далейшым Стэфан палюбіў гэты горад і вызначыў менавіта тут дажыць свой век. Апошнія два гады Баторый практычна не пакідаў сваю рэзідэнцыю. Тут жа ён прымаў замежныя амбасады, у тым ліку маскоўскую і ангельскую, праводзіў нараду сенатараў. На жаль, ажыццявіць свае планы і зрабіць Гародню сталіцай каралеўства ён не паспеў.

Старадаўні замак Вітаўта на гарадзенскай Замкавай гары за Стэфанам быў перабудаваны. У выніку ў горадзе з'явіўся незвычайны па прыгажосці палац, якім у тыя гады, бадай, не было роўных не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ва ўсёй Еўропе.

У снежні 1576 года Баторый надае ўлюбёнаму гораду нямала льгот, у тым ліку правы на склады солі, якая з'яўляецца ў тыя гады дарагім таварам, практычна валютай. Магчымасць не плаціць за яе падаткі было для гараджан немалой перавагай і істотна падымала іх даходы. Кароль таксама цалкам вызваліў прадпрыемствы, якія займаліся варэннем соладу і піва, ад падаткаў, уведзеных папярэднім кіраўніком Жыгімонтам II Аўгустам у часы вайны з Масковіяй.

ДВОР СТАРОГА ЗАМКА Ў ГАРОДНІ. СУЧАСНАЯ РЭКАНСТРУКЦЫЯ

У 1580 годзе Стэфан дазволіў мясцовым мяшчанам пабудаваць на рацэ Нёмане млын, а ў горадзе карчму, не патрабуючы з іх акцызу. Увесь прыбытак, атрыманы з гэтых промыслаў, ішоў на патрэбы Гародні.

Усё сваё жыццё кароль імкнуўся захаваць межы Вялікага княства Літоўскага і яго самастойнасць. Грамата, выдадзеная ім у ліпені 1579 года, абвяшчала, што Польшча і Літва, якія ўваходзяць у склад Рэчы Паспалітай, з'яўляюцца раўнапраўнымі. У бытнасць Баторыя на важныя пасады палякі не прызначаліся. Соймы ж праходзілі па чарзе то ў Польшчы, то ў Літве.

У дачыненні да рэлігійных канфесій кароль быў цалкам талерантны. Ягоны найбліжэйшы падзвіжнік Бекеш быў пратэстантам-арыяністам, што абсалютна не перашкаджала іх дружбе. Будучы сапраўдным каталіком, кароль памяркоўна ставіўся да прадстаўнікоў іншай веры і стараўся захаваць паміж праваслаўнымі, габрэямі, каталікамі мір.

Да прыкладу, у 1581 годзе каралём быў выдадзены прывілей, згодна з якім праваслаўная Прачысценская саборная царква павінна была штогод атрымліваць ад дзяржавы матэрыяльную дапамогу. Лякарня ж пры царкве ўтрымлівалася за кошт казны і асабістых грошай караля.

Сур'ёзныя саступкі былі нададзеныя шляхце. Так, Каралеўскі суд у гады ягонага праўлення ў якасці вышэйшай судовай інстанцыі замяняўся выбарнымі шляхецкімі трыбуналамі.

Езуіты, запрошаныя Стэфанам Баторыем, прыклалі нямала намаганняў для ўпрыгожвання выдатнымі храмамі каралеўскага горада Гародні.

Так як кароль Рэчы Паспалітай не ведаў мясцовых моваў, ён скарыстаўся дапамогай высокаадукаваных езуітаў. Прадстаўнікі ордэна далі яму таксама пісьменных выканаўцаў для ажыццяўлення шматлікіх рэформаў у дзяржаве.

Калегіумы, дзе цягам 5 гадоў адбывалася навучанне, былі адкрытыя спачатку ў Калажвары, на радзіме Стэфана, а затым у Любліне, Полацку, Рызе і ў некалькіх іншых гарадах каралеўства. На жаль, у Берасці ды Гародні Баторый адкрыць такія навучальныя ўстановы не паспеў.

Перад сваёй смерцю кароль склаў падрабязнае завяшчанне, у якім завяшчаў значныя сумы не толькі любімай радзіме Трансільваніі і шпіталю ў Варшаве, але і свайму любімаму гораду Гародні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках