17 красавiка 2024, Серада, 2:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Полацкага вінзавода звальняюць 70 чалавек

14
З Полацкага вінзавода звальняюць 70 чалавек
ФОТА: XIMIK.INFO

Работнікі аказаліся фактычна кінутымі на волю лёсу.

У рэдакцыю «Еўрарадыё» паступіў ліст ад работнікаў Полацкага вінаробнага завода, які зачыняецца ў чэрвені 2019 года. Праз закрыццё завода без працы застануцца блізу 70 чалавек.

Блізу 80% работнікаў ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй. Знайсці ў Полацку новую працу па спецыяльнасці або перавучыцца ў такім узросце вельмі складана. Акрамя таго, работнікі не могуць разлічваць на прадугледжаную законам кампенсацыю ў выпадку звальнення праз ліквідацыю прадпрыемства.

ЗВАРОТ ПРАЦАЎНІКОЎ ЗАВОДА

«Еўрарадыё» разбіраецца, як работнікі аказаліся фактычна кінутымі на волю лёсу, ці змогуць нешта зрабіць для іх мясцовыя ўлады і як ім быць далей.

Работнікі просяць не зачыняць вінаробны завод і звяртаюцца па дапамогу да ўладаў Полацка.

«Нашы прадпрыемствы знаходзяцца на ліквідацыйным перыядзе, - пішуць яны ў лісце. - Калектыў завода папярэджаны пра ліквідацыю, і кантракты з намі падаўжаюцца кожны месяц, што прадугледжвае звальненне работнікаў без матэрыяльнай кампенсацыі. Блізу 80% работнікаў ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй. Нам праблематычна будзе знайсці працу ў горадзе, а ў нас сем'і, дзеці. На дапамогу ўладаў горада ў працаўладкаванні ніхто не спадзяецца».

«Заканадаўства і жыццё не дазваляюць людзям застацца на заводзе»

У Полацкім райвыканкаме, куды датэлефанавалася Еўрарадыё, сітуацыю на вінзаводзе называюць стандартнай, а супрацоўнікам прапануюць іншыя вакансіі для працаўладкавання.

«Вы хочаце дапамогу прапанаваць? - спытаў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама ў эканоміцы Аляксандр Каладынскі. - Сітуацыя стандартная: прадпрыемства не ў стане эфектыўна ажыццяўляць сваю дзейнасць. На сённяшні дзень завод павінен блізу сямі мільёнаў рублёў толькі ў падатках і зборах. Вядома, людзі, якія адпрацавалі па 15-20 гадоў, хочуць там застацца, але заканадаўства і жыццё не дазваляюць гэтага зрабіць.

Мясцовыя ўлады не вінаватыя, што ў свой час завод не паспеў мадэрнізавацца. У пачатку ліквідацыі працавала 170 чалавек. Цяпер засталося 68. Людзі звольніліся і знайшлі сабе іншую працу».

Са слоў чыноўніка, у горадзе сёння больш за 500 вакансій.

Работнікі ж кажуць, што мясцовыя ўлады прапаноўваюць ім перавучвацца на кіроўцаў, кухараў, прадаўцоў, а гэтыя вакансіі ў Полацку альбо занятыя, альбо нізкааплатныя. Да таго ж, прызнаюцца яны, многім будзе складана атрымаць новую прафесію за 2-3 гады да пенсіі.

«Інтарэсы працоўных у - апошнюю чаргу»

Актывіст Свабоднага прафзвязу з Полацка Мікалай Шарах, які сачыў за справай вінзавода, распавёў, што на інтарэсы работнікаў «ліквідатары» ўвагі не звяртаюць наогул.

«Да 26 чэрвеня 2019 году завод юрыдычна павінен спыніць існаванне, - кажа Мікалай Шарах. - Ёсць адпаведная судовая пастанова. Была працэдура аздараўлення, але дарэмна.

Праблема з работнікамі, якім, згодна з заканадаўствам, у выпадку ліквідацыі прадпрыемства павінны выплаціць дапамогу за тры месяцы, але людзі падпісваюць кантракты кожны месяц. Работнікі, на мой погляд, самі вінаватыя, таму што наймальнік не мае права заключаць кантракт менш, чым на год. Кіраўніцтва ім абяцае «залатыя горы», але інтарэсы работнікаў улічваюць у апошнюю чаргу».

ЛЮДЗІ ЗБІРАЮЦЬ ПОДПІСЫ, КАБ ЗАХАВАЦЬ ЗАВОД

Такая праблема існуе не толькі на вінзаводзе ў Полацку, але ў цэлым па Беларусі: у канцы 2018 году былі прызнаныя банкрутамі Бабруйскі і Падсвільскі вінзаводы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках