19 красавiка 2024, Пятніца, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Хто скажа Лукашэнку - навошта ты ўзяўся за гэты праект, гэта вар'яцтва?

73
Леанід Заіка: Хто скажа Лукашэнку - навошта ты ўзяўся за гэты праект, гэта вар'яцтва?

Эканаміст - пра беларуска-туркменскія калійныя сваркі.

Туркменістан выставіў прэтэнзіі беларускай старане з нагоды неналежнага выканання кантракту аб будаўніцтве Гарлыцкага калійнага комплексу і гатовы разглядаць спрэчкі ў судзе ў Швэцыі.

У «Белгархімпраме» заявілі, што не выканалі частку абавязанняў з прычыны таго, што «Туркменхімія» не заплаціла за выкананыя работы больш за 150 мільёнаў даляраў. Гэтая сума запатрабаваная да аплаты ў адказе ў Стакгольмскім арбітражы.

- Калі нашы наважылі туды ісці, я шчыра казаў і пісаў - гэта памылка, - адзначыў эканаміст Леанід Заіка ў каментары «Салідарнасці».

І абгрунтаваў сваё меркаванне двума прычынамі. Першая тычыцца фінансавых пытанняў:

- Перш за ўсё, трэба было даведацца, як Туркменістан аплачвае іншым работы і паслугі. Калегі, якія працуюць у беларускіх універсітэтах, распавядалі, што грошы за навучанне туркменскіх студэнтаў трэба выбіваць з таго боку ледзь не адбойнымі малаткамі. Яны ў жаху: бывае, ім проста нічога не плацяць. Пры разліках з заходнімі партнёрамі туркменскі бок паводзіць сябе па-іншаму. Але гэта можна растлумачыць тыповым падлабуньваннем усходніх краін да Захаду.

Эканаміст дадаў: «Не трэба было звязвацца з імі: калі не могуць заплаціць дзве тысячы даляраў за студэнта, то хіба цяпер заплацяць 150 мільёнаў? Тым больш яшчэ нічога не здабыта і не прададзена».

Другая прычына, праз якую беларускай старане не варта было супрацоўнічаць з Туркменістанам, тычыцца самога праекту Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната.

Паводле інфармацыі кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія», заходнія кампаніі адмовіліся брацца за яго будаўніцтва на прапанаваных ім умовах.

- Туркмены звярталіся да буйных заходніх кампаній, якія займаюцца горнымі распрацоўкамі, але тыя ад праекту адмовіліся праз тое, што трэба ўкладваць вялікія грошы ў стварэнне сістэмы абароны ад пранікнення грунтавых вод ды іншае. Гэта вельмі цяжкі і вельмі дарагі праект. За такія грошы, за якія нашы абяцалі ўсе зрабіць, ... назаву гэта стыхійным падыходам, - адзначыў Леанід Заіка.

На думку суразмоўцы «Салiдарнасцi», першапачаткова можна было меркаваць, што кошт праекта павялічыцца.

- Але ў нас як робіцца? Лукашэнка дамовіўся, прэм'ер-міністр усміхнуўся і выпіў шклянку кумысу, і толькі потым прыехалі спецыялісты і зразумелі, што ім трэба будзе зрабіць. Праз гэта ўсе праблемы, - мяркуе эканаміст. - Дарэмна ўзяліся за гэты рызыкоўны праект. Гэта было вар'яцтвам.

Інфармацыю пра тое, што «Туркменхімія» мае намер дамагчыся выканання кантракту праз суд у Швэцыі, Леанід Заіка пракаментаваў з іроніяй:

- Няхай звяртаюцца ў Стакгольм, а мы звернемся ў самы справядлівы суд у свеце - Басманны ў Маскве. Мае расейскія калегі кажуць: ёсць звычайнае правасуддзе, а ёсць яшчэ басманны.

Чаму прэзідэнты Беларусі і Туркменістана - два аўтарытарныя лідары, з ініцыятывы якіх быў укладзены кантракт - цяпер не могуць дамовіцца і развязаць спрэчку?

- На Усходзе ўсё проста - «дэньги давай». У іх іншая псіхалогія, іншы тып эканамічных паводзін, - мяркуе экспэрт. - Самае сумнае, ніхто цяпер не скажа: Аляксандр Рыгоравіч, навошта ты ўзяўся за гэты праект, калі іншыя адмовіліся? Бо што цяпер? Як будуць кампенсаваць страты - грашыма падаткаплацельшчыкаў?

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках