28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі ўлады хочуць паставіць на вушы ўсю краіну, то Нацбанк на правільным шляху»

37
«Калі ўлады хочуць паставіць на вушы ўсю краіну, то Нацбанк на правільным шляху»
АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА
ФОТА: ONLINER.BY

Да чаго могуць прывесці новыя абмежаванні для ІП.

У Беларусі для юрыдычных асоб увялі змены ў разліках з юрыдычнымі асобамі-нерэзідэнтамі - з 1 сакавіка для іх паменшаная магчымасць выкарыстоўваць гатоўку. Калі сказаць простай мовай, калі юрыдычная асоба з Беларусі будзе праводзіць разлікі з юрыдычнай асобай з іншай краіны, то ў такім выпадку можна выкарыстоўваць толькі безнаяўныя разлікі.

Гэта ж патрабаванне тычыцца і беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў. Да прыкладу, калі яны будуць закупляць тавар у Расеі ў юрыдычнай асобы, то давядзецца карыстацца безнаяўнымі разлікамі.

Нацбанк спасылаецца на тое, што гэта дапаможа у вызваленні ад «ценявой эканомікі». Прадпрымальнікі б'юць трывогу, бо гэта наўпрост закранае іх працу і ставіць пад пагрозу выжывання малы і сярэдні бізнэс у Беларусі.

Сайт Сharter97.org папрасіў лідара РГА «Перспектыва» Анатоля Шумчанку пракаментаваць сітуацыю.

- Учора прадстаўнік Нацбанку ў вуснай форме заявіў нам, што яны забараняюць прадпрымальнікам разлічвацца гатоўкай за мяжой. Калі мы пачулі гэты адказ, то сёння пачалі падымаць праблему. Прадпрымальнікаў абсалютна не задавальняе такое становішча рэчаў.

Cёння, паводле нашай інфармацыі, праходзіць нарада паміж МПЗ і Нацбанкам, дзе будзе агаворвацца наша праблема.

Калі Нацбанк не прызнае сваю памылку ў дачыненні ІП, то яны паставяць на вушы ўсю краіну. Прадпрымальнікі не могуць працаваць па безнаяўным разліку. Спецыфіка працы такая, што яны сёння працуюць з гатоўкай. Асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў.

Першае, ужо цяпер шматлікія прадпрымальнікі мне кажуць, што яны проста не змогуць плаціць грошы за ўвоз тавару ў краіну. Калі прадпрымальнікі не будуць плаціць ПДВ, то бюджэт страціць вельмі шмат падаткаў.

Другое, калі будуць выкарыстоўвацца «драконаўскія санкцыі», якія абяцаюць за разлік гатоўкай, то гэта проста падарве сітуацыю.

Незразумела, з кім раіўся Нацбанк. Цяпер увесь час гаворыцца пра тое, што перад прыняццем закона трэба раіцца з прадпрымальнікамі. Нас ніхто не спытаў.

Cкажу больш, ніхто не можа даць выразнага адказу, як нам працаваць. У Нацбанку свая пазіцыя, падатковыя на месцах супакойваюць ІП, маўляў, нічога не здарылася. Нам гэта зразумела, бо падатковыя баяцца страціць грошы. Калі ёсць нейкая пагроза - бізнэс перастае плаціць падаткі.

Да таго ж, міністэрства падаткаў і збораў заявіла, што яно «не мае права каментаваць дзеянні Нацбанку». Але на месцах падатковая спрабуе ўрэгуляваць сітуацыю і кажа, што ўсё нармальна.

Мы проста папярэджваем, да чаго гэта можа прывесці. Калі яны хочуць паставіць на вушы ўсю краіну і атрымаць пратэсты - тады Нацбанк на правільным шляху. Гэтую памылку трэба выправіць, інакш яна дорага каштавацьме нашым уладам. Многія прадпрымальнікі ўжо заявілі, што не будуць плаціць падаткі. І гэта не таму, што яны хочуць камусьці зрабіць горш, а проста не могуць працаваць.

- Зусім нядаўна Лукашэнка заявіў пра ўнікальную свабоду, якая ёсць у беларускіх ІП. Як бы вы пракаментавалі гэтыя словы?

- Найлепшы каментар - гэта становішча бізнэсу ў нашай краіне. Можна шмат казаць, што ў нас свабода, можна шмат казаць, што ў нас «супердэмакратычныя законы», але пры такіх складніках бізнэс павінен развівацца. Бачныя моманты росту, бачная дынаміка развіцця. Вось у Польшчы бачна, што бізнэс развіваецца, заязджаеш у краіну - і адразу бачыш бізнэс у кожным двары. Усім усё зразумела, а хацелася б ад слоў перайсці да справы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках