19 красавiка 2024, Пятніца, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь патрабуе ад Туркменістана больш за $150 мільёна даляраў за ГАК у Гарлыку

22
Беларусь патрабуе ад Туркменістана больш за $150 мільёна даляраў за ГАК у Гарлыку

Спрэчка разглядаецца ў Арбітражным інстытуце пры Гандлёвай палаце Стакгольма.

«Белгархімпрам» патрабуе спагнаць з Туркменістана і дзяржаўнага канцэрна «Туркменхімія» запазычанасць сумай больш за 150 млн даляраў за працы для будаўніцтва Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната (ГАК), паведамляе tut.by.

Адпаведныя патрабаванні былі заяўленыя беларускай кампаніяй у студзені 2019 года ў рамках арбітражнага разбору пад эгідай арбітражнага інстытута Гандлёвай палаты Стакгольма, гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

У сакавіку 2017 года Туркменістан прыняў Гарлыцкі ГАК у эксплуатацыю, прызнаўшы, што ён пабудаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, сцвярджаюць у «Белгархімпраме». Быў падпісаны акт дзяржаўнай прыёмачнай камісіі аб прыёмцы камбіната ў эксплуатацыю.

Умовамі кантракту прадугледжвалася эксплуатацыя камбіната туркменскім бокам пад наглядам спецыялістаў «Белгархімпрама». «Аднак туркменскі бок адмовілася аплачваць выкананыя працы і не дапусціў беларускіх спецыялістаў да тэхнічнага суправаджэння працы камбіната. Паводле інфармацыі, Туркменскі бок спрабуе арганізаваць вытворчасць уласнымі сіламі, не маючы для гэтага неабходнага практычнага досведу. Ёсць важкія падставы меркаваць, што камбінат эксплуатуецца неналежным чынам», гаворыцца ў паведамленні.

Туркменістан таксама неправамерна перашкаджае вывазу з Туркменістана будаўнічай тэхнікі «Белгархімпрама», агульны кошт якой перасягае 7 млн даляраў.

Беларуская кампанія расцэньвае такія дзеянні Туркменістана «як супярэчлівыя ягоным жа уласным інтарэсам». Пры правільнай эксплуатацыі Гарлыцкі горна-абагачальны камбінат здольны забяспечыць Туркменістану істотную дзель на рэгіянальным рынку мінеральных угнаенняў. Памылкі ж у эксплуатацыі камбіната прыводзяць да таго, што рэалізуецца толькі малая дзель яго патэнцыялу, мяркуюць у «Белгархімпраме»

«Неаплата завінавачанасці перад «Белгархімпрамам» з'яўляецца чарговым прыкладам невыканання Туркменістанам сваіх дамоўных абавязанняў перад замежнымі партнёрамі. «Белгархімпрам» расчараваны тым, што яго намаганні, закліканыя дапамагчы Туркменістану стаць рэгіянальным лідарам у вытворчасці калійных угнаенняў, могуць быць разбураныя шэрагам недальнабачных пастаноў туркменскага боку», гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер спрэчка разглядаецца ў Арбітражным інстытуце пры Гандлёвай палаце Стакгольма, які паводле кантракту з'яўляецца месцам разгляду спрэчак. «Туркменістан адыгрываў актыўную ролю ва ўкладанні і выкананні кантракту, і ўсе ключавыя пастановы цягам праекта прымаліся высокапастаўленымі туркменскімі чыноўнікамі. У лютым 2019 года ўправа арбітражнага інстытута Гандлёвай палаты Стакгольма ўхваліла прыцягненне Туркменістана ў якасці дадатковага боку на дадзеным этапе арбітражнага разбору, і ААТ «Белгархімпрам» мае намер смела бараніць свае патрабаванні як супраць дзяржаўнага канцэрна «Туркменхімія», так і супраць Туркменістана», адзначылі ў беларускай кампаніі.

Нагадаем, горна-абагачальны камбінат у мястэчку Гарлык быў урачыста адкрыты 31 сакавіка 2017 года прэзідэнтамі Туркменістана і Беларусі. Будаўніцтва комплексу з чэрвеня 2009 года ажыццяўляла кампанія «Белгархімпрам». Агульны кошт аб'екта быў ацэнены на 1 млрд даляраў. Праектная магутнасць камбіната павінна скласці 1,4 млн тон угнаенняў. Працэс ішоў няпроста. Улады Туркменістана абвінавачвалі Беларусь у зрыве тэрмінаў будаўніцтва, Менск папракнуў у зрыве тэрмінаў аплаты.

Днямі стала вядома, што «Туркменхімія», якая выступала заказчыкам праекта, выставіла прэтэнзіі з нагоды неналежнага выканання «Белгархімпрамам» кантракту на будаўніцтва Гарлыцкага ГАКа і запатрабавала кампенсацыі шкоды.

На думку туркменскага боку, напярэдадні здачы комплексу, «бачачы практычную яго негатоўнасць, урад Беларусі пісьмова звярнуўся ў Туркменістан з просьбай прыняць завод 31 сакавіка 2017 года, а ўсё недабудаванае і недапастаўленае яны нібыта ажыццявяць да канца года ў рамках дадатковага пагаднення». Беларусам «праз дабрадушнасць туркменскага народа чарговым разам пайшлі насустрач» і дазволілі пазбегнуць зрыву тэрміну здачы комплексу. Але пасля падпісання акта прыёмкі ўводу Гарлыцкага комплексу ў эксплуатацыю «беларускім бокам не было зроблена і не пастаўлена практычна нічога, усё новыя тэрміны зноў цалкам праваленыя».

«Белгархімпрам» не закончыў у поўным аб'ёме пастаўку абсталявання, горна-капітальныя, будаўнічыя і электратэхнічныя работы і ўпарадкаванне аб'ектаў каляствольнага двара, не наладзіў працу скіпавага пад'ёмнага механізму на праектных паказчыках. Не былі скончаныя і работы вентыляцыі і аспірацыі. У выніку «Туркменхімія» скасавала кантракт з «Белгархімпрамам» і падала ў арбітражны інстытут пры Гандлёвай палаце горада Стакгольма (Швэцыя) усе факты невыканання беларускай кампаніяй кантрактных абавязанняў аб будаўніцтве ГАКа ў Гарлыку. Пры гэтым у Туркменістане запэўніваюць, што рабілі спробу развязаць спрэчку мірным (несудовым) спосабам шляхам укладання двухбаковага пагаднення аб скасаванні кантракту. Але такая ініцыятыва была «фактычна праігнараваная і сабатаваная беларускім бокам (з розных надуманых прычын) у частцы неабходнай працэдуры інвентарызацыі».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках