29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Артурас Зуокас: Быць мэрам Вільнюса – самая цікавая праца ў свеце

13
Артурас Зуокас: Быць мэрам Вільнюса – самая цікавая праца ў свеце
АРТУРАС ЗУОКАС

Кандыдат у мэры сталіцы Літвы мае намер зрабіць грамадскі транспарт у горадзе бясплатным.

Артурас Зуокас – «трохразовы» мэр Вільнюса, у мінулым вядомы літоўскі журналіст і бізнэсмэн. У нядзелю ў другім туры ён будзе змагацца за гэты пост разам з цяперашнім мэрам, былым міністрам юстыцыі Літвы Рэмігіюсам Шымашусам.

Напярэдадні дня галасавання Артурас Зуокас адказаў на пытанні галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org Наталлі Радзінай.

– Вы ідзяце ў мэры Вільнюса чацвёрты раз, таму што не змаглі давесці да канца нейкія свае праекты?

– Я зноў удзельнічаю ў выбарах, таму ведаю, якія на самай справе магчымасці ёсць у горада і чаму яны засталіся не рэалізаванымі. І ўжо не як былы трохразовы мэр горада, а як жыхар Вільнюса я мяркую гэта несправядлівым. І людзі сталі вельмі падтрымліваць мяне ў апошні час, чакаючы нейкага прарыву, каб горад атрымаў энэргію, якая ў Вільнюса заўсёды была.

Ніколі раней Вільнюс не параўноўвалі з Каўнасам. Параўноўвалі з Варшавай, Рыгай, Талінам або Менскам, але не з Каўнасам! А сёння Каўнас у многіх параметрах ужо наперадзе сталіцы. Такога раней не было. Менавіта таму я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах, таму што ведаю, маю досвед, многія нерэалізаваныя на сёння праекты пачыналіся мной і маёй камандай, і я магу давесці іх да канца хутка і эфектыўна.

– Вы выйшлі ў другі тур выбараў. У нядзелю дзень галасавання, развяжацца пытанне, хто стане новым мэрам Вільнюса. У чым заключаецца ваша праграма?

– Праграма складаецца з трох асноўных частак. Самая галоўная праблема Вільнюса сёння – гэта транспарт і перамяшчэнне. У мяне ёсць ідэя, якая існуе ў Таліне ужо 6 гадоў – гэта бясплатны грамадскі транспарт для тых, хто стала жыве ў горадзе. Таксама вельмі важнае паляпшэнне транспартнай інфраструктуры, уключэнне ў сістэму грамадскага транспарту ўсіх магчымых відаў так званага каршэрынгу, паляпшэнне аўтаматычнай сістэмы пропускаў транспарту.

Другая частка праграмы прысвечаная адукацыі. Вільнюсу трэба больш школаў, але каб яны не былі занадта вялікімі, максімум 500–600 навучэнцаў – трэба палепшыць якасць навучання. Неабходнае стварэнне новых адукацыйных цэнтраў для дзяцей на поўначы, захадзе, усходзе і поўдні сталіцы – каб яны размяшчаліся не толькі ў цэнтры, а побач з месцамі пражывання навучэнцаў. Калі развіваюцца людзі – развіваецца горад.

І трэці пункт – гэта тыя праекты, якія я пачаў у 2014 годзе. За апошнія чатыры гады яны не былі зробленыя. Пасля выбараў, калі я атрымаю падтрымку выбарнікаў, давядзецца вярнуцца назад на чатыры гады і скончыць пачатае. Гаворка ідзе пра Паўночную аб'язную дарогу, рэканструкцыю аўтастрады ў бок Менска, пашырэнні дарогі ў Неменчыне і іншыя праекты.

– Вы можаце назваць моцныя і слабыя бакі вашага спаборніка Рэмігіюса Шымашуса?

– Мой спаборнік меў вельмі добрыя магчымасці, таму што, калі параўноўваць цяперашні бюджэт Вільнюса з тым, які быў у мяне, розніца вельмі вялікая. Гарадскі бюджэт вельмі моцна павялічыўся пасля пастановы Канстытуцыйнага суда, да якога ў свой час звярнуўся я сам. КС пацвердзіў, што дзяржава пакідае Вільнюсу нашмат менш грошай, чым іншым гарадам Літвы. Пасля гэтай пастановы ўрад вымушаны быў памяняць бюджэтнае заканадаўства, і сталіца стала атрымліваць нашмат больш грошай.

Бюджэт пры цяперашнім мэры амаль удвая большы, чым быў у мой час. Плюс еўрапейскія грошы, бо Вільнюс можа атрымліваць на розныя праекты прыкладна 300 мільёнаў еўраў.

Значыць, грошы ёсць, праекты ёсць, але многія з іх проста не рэалізуюцца. Майму апаненту не хапае досведу і ён рэальна не гаспадар горада. Больш палітык. А гораду патрэбны той мэр, які і разбіраецца ў палітыцы, і мае досвед працы з тэрытарыяльнымі праектамі.

– Мне здалося, ці Вы назвалі толькі негатыўныя бакі Шымашуса? А як жа станоўчыя?

– Вы гэта заўважылі (смяецца). Не так проста гэта робіцца. Вядома, ён былы міністр юстыцыі, мае вялікі палітычны досвед, таму што быў дэпутатам парламента Літвы. Адукаваны чалавек, юрыст, але тым не менш, я не заўважаю ў яго тых якасцяў, якія патрэбныя Вільнюсу. Ён не хварэе горадам, як я.

– У Вільнюсе жыве вельмі шмат беларусаў, палякаў, расейцаў, а апошнім часам і ўкраінцаў. Як Вы зважаеце на такую разнастайнасць нацый і што Вы прапануеце ў сваёй праграме нацыянальных меншасцяў?

– Я рады, што мяне падтрымліваюць многія прадстаўнікі ўсіх названых Вамі нацыянальнасцяў: і тыя, хто стала жыве ў Вільні, і тыя, хто прыязджае працаваць з Беларусі ці Украіны. Я заўсёды глядзеў на кожнага з іх як на жыхара Вільнюса і знаходзіў агульную мову з усімі нацыянальнымі дыяспарамі, якія тут жывуць.

Гісторыя Вільнюса тым вялікая, што горад будавалі розныя народы. У гэтым творчая сіла сталіцы Літвы. Чалавек любой нацыянальнасці павінен сябе адчуваць тут як дома.

Зусім нядаўна я наведваў адзін інтэрнат, дзе жывуць працоўныя з Украіны. Так не павінна быць. Умовы, у якіх яны жывуць, мне вельмі не спадабаліся. Калі я стану мэрам горада, буду рабіць усё, каб людзі, якія будуюць будучыню Вільнюса, жылі па-чалавечы.

– Я ведаю, што быўшы мэрам Вы шмат увагі аддавалі Беларусі. Пасля падзей у Менску 19 снежня 2010 года, калі адбыліся масавыя арышты ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, Вы публічна асудзілі дыктатара Лукашэнку, сустракаліся з апазіцыяй, былымі палітвязнямі, сваякамі людзей, якія знаходзіліся ў турмах у той момант. У Вас нейкае асаблівае стаўленне да Беларусі?

– Паколькі я ў свой час быў журналістам і працаваў у «гарачых» кропках, то заўсёды імкнуся быць на баку таго, хто знаходзіцца ў больш слабой пазіцыі. Улада заўсёды больш моцны бок і таму ціснуць іншых людзей ёй нашмат прасцей. Я заўсёды на тым баку, які мае патрэбу ў салідарнасці.

Я хацеў бы, каб нашы суседзі, і Беларусь, і Украіна, пайшлі па тым шляху, што і Літва, каб у гэтых краінах не было ўлады, якая сілай наводзіць «парадак», не даючы людзям магчымасці пастанаўляць самім, як ім жыць. Таму я заўсёды гатовы дапамагаць, нягледзячы нават на праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікаюць.

Напрыклад, я заўсёды вітаў у Вільнюсе Далай-ламу, хоць ціск з Кітая быў вялікім. Падтрымліваць трэба людзей, якія выступаюць за прагрэс, а не тых, хто развязвае ўсе пытанні сілай.

Архіўнае відэа

– Якая Ваша пазіцыя датычна беларускай атамнай электрастанцыі, якая нясе наўпростую пагрозу Вільні?

– Я заўсёды быў супраць гэтага праекту і нават нямала рабіў, шукаў магчымасці спыніць будаўніцтва гэтай АЭС. Але, на жаль, літоўскі ўрад у гэтым сэнсе не быў дастаткова актыўным, таму гэтая станцыя практычна пабудаваная. І цяперашнія спробы нашага ўраду перашкодзіць гэтаму праекту даволі запозненыя. Цягнік сышоў. Гэты праект і для Вільнюса, і для Літвы – не самы добры.

– Але Літва адмаўляецца імпартаваць электраэнэргію БелАЭС, і гэта ўжо нямала.

– Хацелася б, каб ніхто з суседзяў Беларусі не набываў гэтую энэргію. Але з іншага боку, калі глядзець на дзяржаўную кампанію «Lietuvos Energija», яна цяпер праводзіць усе падрыхтоўчыя працы, каб гэтую энэргію набываць. Я сказаў бы, што гэта несправядліва. Урад кажа адно, а рэальныя крокі робяцца іншыя.

Мы не выглядаем самавіта, патрабуючы ад суседзяў, каб яны блакавалі гэты праект, у той час, як літоўская дзяржаўная кампанія рыхтуецца прымаць электраэнэргію беларускай атамнай станцыі. Вядома, бізнэс ёсць бізнэс. Але гэта вялікая памылка і вельмі непрыгожа.

– Сёлета ў Літве пройдуць прэзідэнцкія выбары. Як Вы ацэньваеце ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і якія ў іх шанцы?

– На гэты раз выбар даволі вялікі, але пакуль кандыдаты ў прэзідэнты не падалі свае праграмы і не адказалі на асноўныя пытанні: як яны глядзяць на будучыню Еўразвязу, якой павінна быць вонкавая палітыка, якія стасункі яны будуць падтрымліваць з нашымі суседзямі.

На сёння, хоць выбар нядрэнны, казаць, хто з іх мог бы быць прэзідэнтам ці за каго я хацеў бы галасаваць, яшчэ рана. Думаю, трэба больш часу, каб мы ўбачылі, што прапануюць кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

– Мне цікава, што Вас прымусіла сысці з журналістыкі і пайсці ў палітыку?

– Я асабліва не выбіраў, проста ішоў па жыццёвым шляху і так атрымалася. Я займаўся журналістыкай 7 гадоў, актыўна працаваў, мне гэтая справа падабалася. Паколькі я працаваў з замежнымі кампаніямі, то зарабляў у параўнанні з літоўскімі магчымасцямі досыць шмат.

З'явіліся грошы, і я пачаў іх інвеставаць. Такім чынам сышоў у бізнэс: адкрыў першы «McDonald's» на праспекце Гедыміна, крамы «United Colors of Benetton», вёў іншыя праекты. У бізнэсе быў актыўны таксама 7 гадоў, а потым стаў мэрам Вільнюса.

Я заўсёды стараўся быць там, дзе цікава і дзе можна рэалізаваць розныя ідэі. Пасада мэра такога вялікага горада, як Вільня, вельмі цікавая. Я сказаў бы, што гэта самая цікавая праца ў свеце. Мая адказнасць пачынаецца з радзільні, адкуль у горад прыходзіць новае жыццё, і заканчваецца могілкамі, за якімі таксама прыглядае горад. Гэта ўвесь спектр чалавечага жыцця, і праца мэра для мяне – нават не праца. Я проста жыву гэтым.

– Дзякуй Вам за інтэрв'ю і поспеху на выбарах.

– Дзякуй! Прыязджайце да нас. Вы ж цяпер працуе з Варшавы? Вільнюс заўсёды чакае Вас.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках