25 красавiка 2024, Чацвер, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі ЗША могуць спыніць «Паўночны струмень-2»

7
Санкцыі ЗША могуць спыніць «Паўночны струмень-2»

Ці можа «Паўночны струмень-2» быць спынены, і чаму Еўропа імкнецца да заканчэння будаўніцтва?

Праект «Паўночны струмень-2» – газаправод з Расеі ў Нямеччыну, пракладзены па дне Балтыйскага мора – застаецца хваравітым пытаннем як на ўзроўні Еўразвязу, так і ў адносінах паміж Еўропай і ЗША.

Праектам валодае расейскі энэргетычны гігант «Газпрам», які звязаны пагадненнямі пра фінансаванне з кампаніямі Shell, Engie, OMV, Uniper і Wintershall. У будаўніцтве ўдзельнічаюць таксама буйныя кампаніі-падраднікі, напрыклад Allseas і Saipem.

Дзяржавы Усходняй Еўропы, якія выступаюць супраць гэтага праекта, асабліва краіны Балтыі і Польшча, мяркуюць, што праект узмацняе залежнасць Еўропы ад расейскага газу і пагражае еўрапейскай бяспецы. Таксама «Паўночны струмень-2» пагражае пазбавіць Украіну грошай за газавы транзіт.

Выступаюць супраць будаўніцтва праекта і ЗША, якія раней папярэдзілі кампаніі, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве, што тыя могуць зазнаць санкцыі. Аднак краіны Заходняй Еўропы, на чале з Нямеччынай, мяркуюць, што праект эканамічна выгодны, і імкнуцца да яго заканчэння.

У лютым Еўрапейскі звяз дасягнуў дамоўленасці паміж усімі 28 краінамі-чальцамі альянсу пра ўнясенне паправак у Трэці энэргапакет, які распаўсюдзіў унутраныя правілы ЕЗ на ўсе газаправоды, у тым ліку што выходзяць з трэціх краінаў і праходзяць па моры. Гэта павінна было супакоіць праціўнікаў «Паўночнага струменю-2», панізіўшы рызыку манапалізму Газпрама. Аднак прынятыя папраўкі таксама ўключаюць і так званы «франка-нямецкі кампраміс», згодна з якім, краіна ЕЗ, на тэрыторыі якой газаправод злучаецца з еўрапейскай газатранспартнай сістэмай, нясе адказнасць за выкапыстанне правілаў ЕЗ і любыя рэгуляторныя выключэнні. «Кампраміс» выклікаў асцярогі, што «Газпрам» і Нямеччына, на тэрыторыю якой будзе ўваходзіць «Паўночны струмень-2», змогуць закончыць будаўніцтва, пазбегнуўшы поўнага выкарыстання правілаў энэргетычнага заканадаўства ЕЗ.

Супраць будаўніцтва выступіў Еўрапарламент: 12 сакавіка ён прыняў рэзалюцыю, у якой адзначаецца, што «Паўночны струмень-2... узмацняе залежнасць ЕЗ ад паставак расейскага газу, пагражае ўнутранаму рынку ЕЗ і не адпавядае энэргетычнай палітыцы ЕЗ».

Марцін Сельмайр, генеральны сакратар Еўразвязу, пасля выступу ў вашынгтонскім Інстытуце Брукінгса заявіў Расейскай службе «Голасу Амерыкі»: «Еўрапейскі звяз пасля многіх абмеркаванняў дасягнуў пагаднення ў гэтым пытанні».

Старшы навуковы супрацоўнік вашынгтонскага аналітычнага цэнтра Jamestown Foundation Уладзімір Сокар (Vladimir Socar), не згодны з такой ацэнкай. На арганізаванай цэнтрам канферэнцыі, ён адзначыў, што «Паўночны струмень-2» застаецца спрэчным пытаннем і пачынае сутыкацца з праблемамі ў самой Нямеччыне.

У каментарыі Расейскай службе «Голасу Амерыкі», Сокар выказаў меркаванне, што «франка-нямецкі кампраміс» уяўляе сабой дакумент, «поўны двухсэнсоўных юрыдычных дэталяў», і мэтай яго з'яўляецца адцягненне ўвагі ад стратэгічных наступстваў «Паўночнага струменю-2».

На думку Уладзіміра Сокара, адзінае, што можа сёння спыніць праект – гэта санкцыі ЗША супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве: «Толькі амерыканскія санкцыі могуць спыніць "Паўночны струмень-2", таму што гэта вымусіць падраднікаў выйсці з праекта».

Стывен Бланк, эксперт Амерыканскай рады ў вонкавай палітыцы (Stephen Blank, American Foreign Policy Council), мяркуе, што санкцыі з боку ЗША цалкам верагодныя, аднак гэта з'яўляецца запозненай рэакцыяй і можа прынесці з сабой «велізарныя палітычныя выдаткі».

«Санкцыі абыдуцца вельмі дорага, таму што нанясуць удар у сэрца трансатлантычнага альянсу – звязу ЗША і Нямеччыны», – адзначыў Стывен Бланк.

Паводле словаў эксперта, ЗША сёння знаходзяцца ў сітуацыі, у якой для спынення праекта яны «павінны пагражаць сваім хаўруснікам». У той самы час, важным застаецца супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі, у тым ліку для развіцця альтэрнатывы расейскаму газу. Як адзначае Стывен Бланк, істотным з'яўляецца развіццё інфраструктуры для дастаўкі ў Еўропу газу з іншых рэгіёнаў, а таксама падтрыманне канкурэнтаздольных коштаў на газ. Як падкрэслівае эксперт, гэта запатрабуе вялікіх інвестыцый, а таксама палітычнай волі.

«Я не ведаю, ці будзе знойдзеная палітычная воля не толькі ў гэтай, але і ў іншых сталіцах. Але калі гэтага не адбудзецца, гэта будзе азначаць перамогу Пуціна над Еўропай, што будзе мець велізарныя наступствы, і не толькі ў энэргетыцы. Гэта прымусіць Пуціна паверыць у тое, што ён можа прасунуцца далей ва Украіне і ў Еўропе, якая будзе нашмат больш залежаць ад расейскага газу. Гэта таксама падрывае трансатлантычную салідарнасць», – мяркуе Стывен Бланк.

Ілля Заслаўскі (Ilya Zaslavskiy), з Фонду «Свабодная Расея», згодны з тым, што амерыканскія санкцыі застаюцца адзіным вагаром, здольным спыніць праект «Паўночны струмень-2».

«Супраць гэтага праекта настроеная як адміністрацыя прэзідэнта Трампа, так і Кангрэс – у гэтым сэнсе датычна санкцыяў супраць “Паўночнага струменю-2” менш супярэчнасцяў, чым у іншых. Слабыя санкцыі могуць толькі прыпыніць будаўніцтва, ўсёабдымныя – спыніць цалкам. Калі ЗША ўвядуць санкцыі, то гэта прывядзе да палітычных наступстваў, аднак уводзіць іх усё роўна тэрмінова неабходна», – сказаў эксперт.

Заслаўскі мяркуе, што ЗША, магчыма, адкладалі ўвядзенне санкцый у надзеі на тое, што Еўропа зможа спыніць праект самастойна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках