19 лiпеня 2019, Пятніца, 16:19
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Нямеччына перадала Кіеву ўнікальны дакумент: выкрыты яшчэ адзін гістарычны фэйк

32
ФОТА: PHOTOTHEK

Важны для гісторыі праваслаўнай царквы ва Украіне дакумент – грамата Пятра І мітрапаліту Кіеўскаму.

Калі адным вясновым днём тры гады таму Наталля Сінкевіч ішла ў бібліятэку Інстытута ўсходнееўрапейскай гісторыі і краязнаўства пры ўніверсітэце Цюбінгена, яна і здагадвацца не магла, што яе чакае. Вядучая навуковая супрацоўніца Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага запаведніка шукала інфармацыю пра нямецкага пастара Ёгана Гербінія (Johannes Herbinius), які ў 17 стагоддзі быў адным з нямногіх заходніх даследчыкаў Кіева-Пячэрскай лаўры. Тое, што даследніца ўбачыла ў нямецкай бібліятэцы, мела зусім іншыя маштабы, чым запіскі пастара: на сцяне ў шкляной рамцы вісела грамата расейскага цара Пятра I ад 1708 года, якой ён пацвярджаў узвядзенне на прастол кіеўскага мітрапаліта Іасафа Кракаўскага. "Я папрасіла бібліятэкара паглядзець. Высветлілася, што гэта арыгінал. Я неадкладна звязалася з дырэктарам інстытута", – успамінае Сінкевіч у гутарцы з DW.

Вісела сабе паўстагоддзя ў бібліятэцы

Гэтая грамата – вельмі важны гістарычны дакумент, асабліва ў святле сучасных дыскусій пра абставіны перападпарадкавання Кіеўскай мітраполіі ад Канстанцінопаля Маскве. Рэч у тым, што Іасаф Кракаўскі быў апошнім у царскія часы мітрапалітам, абраным кіеўскім духавенствам. Пасля яго цягам некалькіх стагоддзяў мітрапалітаў наўпрост прызначала Масква.

У РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРЫІ, У АДРОЗНЕННЕ АД КАНСТАНЦІНОПАЛЯ, ПРЫЗНАЧЭННЕ МІТРАПАЛІТА ЎХВАЛЯЕЦЦА СВЕЦКІМІ ЎЛАДАМІ. ГРАМАТЫ ЦАРА ЗМАЦОЎВАЦЦА, ЯК І ІНШЫЯ ВАЖНЫЯ ДАКУМЕНТЫ, ТАКОЙ ПАЗАЛОЧАНАЙ ПЯЧАТКАЙ
ФОТА: PHOTOTHEK

У Цюбінгенскім інстытуце нават не здагадваліся, якое значэнне мае дакумент, які больш за паўстагоддзя проста ўпрыгожваў бібліятэку. "Яна вісела сабе дзесяцігоддзямі на сцяне, і ўсе ўжо ўспрымалі яе проста як iнвентар. Мы ведалі толькі, што ў канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя былы дырэктар інстытута набыў яе ў гандляра антыкварыятам за дзве тысячы марак. Грамата служыла навочнасцю для студэнтаў", – апавядае намесніца дырэктара інстытута ўсходнееўрапейскай гісторыі Катарына Кухер (Katharina Kucher). Паводле ейных словаў, некалькі спробаў навукоўцаў з Цюбінгена высветліць, адкуль менавіта ўзялася грамата, сканчаліся безвынікова. Пакуль Наталля Сінкевіч не звярнула ўвагу нямецкіх калегаў на тое, што дакумент да Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў кіеўскіх архівах. Было гэта ў 2016 годзе.

Праца на некалькі гадоў

Даследаванне паходжання дакумента і бюракратычныя працэдуры, неабходныя для рэстытуцыі, занялі некалькі гадоў. У чацвер, 14 сакавіка 2019 года, грамата Пятра І мітрапаліту Іасафу была афіцыйна перададзеная ў Берліне амбасадару Украіны ў Нямеччыне Андрэю Мельніку. Вяртанне граматы – вынік працы ўкраінска-нямецкай навуковай камісіі, якая працавала пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных справаў Нямеччыны. Навукоўцы высветлілі, што да 1922 года грамата захоўвалася ў рызніцы Сафійскага сабора ў Кіеве, потым у бібліятэцы пры саборы. У 1931 годзе дакументы перадалі ва Усенародную бібліятэку Украіны, сённяшнюю Нацыянальную бібліятэку імя Вярнадскага.

У ГЭТАЙ ГРАМАЦЕ 1708 ГОДА, КАЖА ГІСТОРЫК НАТАЛЛЯ СІНКЕВІЧ (НА ФОТА ЗЛЕВА), АСАБЛІВА ЦІКАВАЯ ЗГАДКА СУСВЕТНАГА ПАТРЫЯРХА
ФОТА: PHOTOTHEK

У 1941 годзе, падчас акупацыі Украіны нацысцкай Нямеччынай, грамата знікла разам з больш чым двума дзясяткамі іншых дакументаў, якія захоўваліся ў рызніцы Сафіі Кіеўскай. Даследчыкі мяркуюць, што рукапісы былі вывезеныя зондэркамандай эсэсаўца Эбэрхарда фон Кюнсберга (Eberhard von Künsberg), якая сістэматычна канфіскоўвала гістарычныя дакументы і прадметы мастацтва на акупаваных тэрыторыях.

Паміж Масквой і Канстанцінопалем

Наталля Сінкевіч паказвае на тое, што арыгінал граматы да выяўлення ў Нямеччыне не даследаваўся як дакумент, які пралівае святло на абставіны перападпарадкавання Кіеўскай мітраполіі Маскве. А тэма гэтая актуальная як ніколі: наданне летась Сусветным патрыярхам Томаса аб аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Украіны справакавала канфлікт з Маскоўскім патрыярхатам і спарадзіла гарачыя дыскусіі. Тое, што ў 1686 годзе сусветны патрыярх перадаў маскоўскаму патрыярху права высвячаць мітрапаліта Кіеўскага, стала для Масквы падставай цалкам падпарадкаваць сабе кіеўскую царкву. Канстанцінопаль жа, спасылаючыся на арыгіналы гістарычных дакументаў, заяўляе, што Масква мела права высвячаць кіеўскага мітрапаліта толькі са згоды сусветнага патрыярха і права гэтае было нададзенае толькі часова.

Выяўленая ў Цюбінгене грамата Пятра І мітрапаліту кіеўскаму Іасафу, паводле словаў Наталлі Сінкевіч, з'яўляецца сведчаннем таго, што далучэнне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату ў 1686 годзе не было аднамомантным і бязбольным. "Відавочна, жаданне кіеўскага духавенства вярнуцца да Канстанцінопаля было. Таму ў грамаце падкрэслівалася, што мітрапаліт Іасаф Кракаўскі не будзе гэтага рабіць", – кажа даследніца. Яна перакананая, што забарона на сувязі з Канстанцінопалем у грамаце 1708 года сведчыць пра тое, што Масква і праз дваццаць гадоў пасля далучэння не была ўпэўненая ў лаяльнасці кіеўскага духавенства.

Развянчанне фэйку

Характэрна, што аналіз арыгінала знойдзенай граматы Пятра І дазволіў выкрыць "гістарычны фэйк" двухсотгадовай даўнасці. У 1825 годзе гісторык і клірык Яўхім Балхавіцінаў (мітрапаліт Яўген) апублікаваў у сваім даследаванні тэкст граматы 1708 года. Балхавіцінаў, расеец паходжаннем, быў прызначаны Масквой мітрапалітам Кіеўскім у 1822 годзе. "Балхавіцінаў выразаў самы цікавы з сённяшняга гледзішча момант, што кіеўскі мітрапаліт абавязваецца не вяртацца больш да Канстанцінопаля", – адзначыла даследніца. Словы "не адлучыцца пад добраславенне і меркаванне найсвяцейшых сусветных патрыярхаў" проста зніклі з перакладу. На думку Наталлі Сінкевіч, гэта сведчыць пра жаданне пазбягаць якіх бы там ні было згадак сусветнага патрыярха і магчымасці вяртання пад яго добраславенне.