20 красавiка 2024, Субота, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сведку ў справе Берлусконі атруцілі радыеактыўнымі рэчывамі

19
Сведку ў справе Берлусконі атруцілі радыеактыўнымі рэчывамі
ІМАН ФАДЗІЛ
Фотa: Il Messaggero

Танцорка, на паказанні якой супраць Берлусконі разлічвала пракуратура, памерла ад атручвання радыеактыўнымі рэчывамі.

Паводле папярэдніх звестак, смерць мараканскай танцоркі Іман Фадзіл, сведкі ў справе супраць экс-прэм'ера Італіі Сільвіё Берлусконі, наступіла ад атручвання сумессю радыеактыўных рэчываў. Пра гэта паведамляе Італійскае агенцтва ANSA са спасылкай на заявы пракуратуры Італіі, піша РБК.

У 2013 годзе Берлусконі прысудзілі да сямі гадоў турмы за сэкс з непаўналетняй прастытуткай Карымай аль-Маруг па мянушцы Рубі. Вечарынкі з прастытуткамі Берлусконі ладзіў на ўласнай віле пад Міланам. У 2014 годзе абарона экс-прэм'ера дамаглася скасавання прысуду, аднак пракуратура пачала новае расследаванне. На гэты раз Берлусконі абвінавачвалі ў подкупе ключавых сведак за дачу ілжывых паказанняў.

Іман Фадзіл была адной са сведак паводле новай справы. Як піша The Times, Фадзіл павінна была засведчыць на працэсе тое, што экс-прэм'ер Італіі выплачваў буйныя грашовыя сумы за маўчанне жанчынам, якія працавалі на вечарынках на яго віле пад Міланам. Таксама ён плаціў за маўчанне і гасцям вечарынак. Паводле версіі следства, на гэтыя мэты Берлусконі выдаткаваў €10 млн.

Аднак 29 студзеня Фадзіл шпіталізавалі. Неўзабаве яна трапіла ў рэанімацыю. Са слоў лекараў, яна адчувала моцны боль, у яе назіраліся сімптомы адмовы органаў. 1 сакавіка 34-гадовая жанчына памерла.

Следства канфіскавала ўсю медычную дакументацыю і дамаглося правядзення таксікалагічнай экспертызы. Вынікі экспертызы былі атрыманы 6 сакавіка. Прычынай смерці, як усталявалі экспэрты, магло быць атручэнне «сумессю радыеактыўных рэчываў». La Repubblica піша, што адным з кампанентаў сумесі быў радыеактыўны ізатоп кобальту, таксама пры атручванні выкарыстоўваліся два іншыя рэчывы. Выданне паказвае, што была выкарыстана «рэдкая сумесь, у вырабе якой расейцы з'яўляюцца экспертамі», але пры гэтым не звязвае гэты інцыдэнт напрамую з Расеяй.

Іншыя выданні называюць гісторыю дэтэктыўнай і намякаюць на «расейскі след», а таксама ўспамінаюць пра справу Літвіненкі. У 2006 годзе ад атручвання радыеактыўным палоніем-210 памёр экс-супрацоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка, які жыў у Лондане. Паводле версіі брытанскіх уладаў, арганізатарамі забойства маглі быць расейскія спецслужбы і дзейны дэпутат Дзярждумы РФ Андрэй Лугавы.

Пракурор Мілана Франчэска Грэка распавёў, што Фадзіл асцерагалася замахаў на сваё жыццё. Пра тое, што яе могуць атруціць, жанчына казала сваім блізкім і адвакатам.

У пачатку сакавіка стала вядома, што пракуратура Рыма западозрыла Берлусконі ў подкупе суддзяў у справе аб фінансавых махінацыях з акцыямі банка Mediolanum. Падазраванымі таксама сталі суддзя-дакладчык, адвакат і былы супрацоўнік урадавага палаца Кіджы. Падчас ператрусаў у апошняга выявілі €250 тысяч гатоўкай, а таксама копіі пастаноў Дзяржсавета. Паводле звестак агенцтва, сярод іх быў і праект пастановы па Берлусконі аб продажы акцый.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках